Сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску прадалі з аўкцыёну 20 жніўня. Пачатковую цану знізілі да адной базавай – 450 рублёў. Пазмагацца за сядзібу вырашылі 10 удзельнікаў.
Падчас таргоў кошт вырас да 200 992,50 рублёў. Хто перамог, невядома – удзельнікі на et.butb.by ананімізаваныя.
Пакупнік павінен падпісаць ахоўныя абавязацельствы на аб’ект гісторыка-культурнай каштоўнасці «2» катэгорыі. Тут можна весці прадпрымальніцкую дзейнасць, дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамесную дзейнасць. Пачаць яе трэба не пазней чым праз тры гады з моманту пакупкі.
Гісторыя сядзібы вядомая з пачатку XVI стагоддзя. У канцы XIX стагоддзя сядзіба перайшла ў валоданне Бохвіцаў. Яны жылі там да 1939 года, пакуль Чырвоная Армія не арыштавала апошняга гаспадара маёнтка — Атона Бохвіца. Пасля вайны ў сядзібе была музычная школа, у 70-х —упраўленне калгаса. У канцы 80-х сядзіба ўжо стаяла пустой, яе разрабавалі. У 2010-х пачаліся спробы продажу.
У 2023 годзе сядзібу забралі ў папярэдняга ўладальніка Паўла Падкарытава, які валодаў ёй 10 гадоў.
У 2025 годзе аб’ект паспрабавалі прадаць адзіным лотам. Пачатковы кошт на аўкцыёне склаў больш за 2,1 млн рублёў. Аднак ні таргі, прызначаныя на 14 лістапада, ні паўторныя аўкцыёны, якія прайшлі ў студзені і сакавіку 2026 года, не адбыліся праз адсутнасць зарэгістраваных удзельнікаў.



