ДАІ шукае відавочцаў адразу некалькіх ДТЗ, якія адбыліся у Гродне і Гродзенскім раёне за апошнія тыдні. У большасці выпадкаў невядомыя кіроўцы пашкодзілі прыпаркаваныя аўтамабілі і з’ехалі. Таксама шукаюць відавочцаў аварыі, удзельнікам якой было дзіця на ровары.

Пашкоджвалі аўтамабілі і з’язджалі

Адзін з апошніх выпадкаў адбыўся ў ноч з 4 на 5 верасня. На неахоўнай стаянцы каля дома №13 у 2-м завулку Дзяржынскага невядомы аўтамабіль пашкодзіў Mercedes. Другі ўдзельнік ДТЗ з’ехаў.

2 верасня падобнае здарэнне адбылося ў вёсцы Новая Гожа Гродзенскага раёна. З 11:50 да 12:20 каля дома №5А невядомы транспартны сродак пашкодзіў Volkswagen.

Яшчэ адзін аўтамабіль пашкодзілі ў ноч з 1 на 2 верасня каля дома №304 на вуліцы Суворава. Пацярпеў Peugeot, другога ўдзельніка ДТЗ таксама шукаюць.

Два падобныя выпадкі адбыліся на вуліцы Белыя Росы. У ноч з 30 на 31 жніўня каля дома №31/1 пашкодзілі Volkswagen, а некалькімі днямі раней, у ноч з 27 на 28 жніўня, каля дома №19 — Mercedes.

22 жніўня з 13:30 да 14:00 на стаянцы каля дома №4А на Румлёўскім праспекце невядомы аўтамабіль пашкодзіў Geely і з’ехаў.

ДАІ таксама шукае інфармацыю пра пашкоджанне Hyundai каля дома №78 на вуліцы Горкага. Меркаваны час здарэння — з 22:00 18 жніўня да 13:00 29 жніўня.

Шукаюць непаўналетняга веласіпедыста

Асобны пошук звязаны з ДТЗ, якое адбылося раніцай 1 верасня на скрыжаванні вуліц Горкага і Курчатава.

У 8:33 там сутыкнуліся непаўналетні веласіпедыст і аўтамабіль Geely. Пасля аварыі дзіця з’ехала з месца здарэння. ДАІ шукае яго і відавочцаў ДТЗ.

Шукаюць відавочцаў чэрвеньскага ДТЗ з матацыклістам

Акрамя нядаўніх здарэнняў, ДАІ працягвае шукаць сведкаў аварыі, якая адбылася яшчэ 9 чэрвеня. У 21:10 на Азёрскай шашы ў Гродне сутыкнуліся аўтамабіль і матацыкл.

Тых, хто бачыў гэтае ДТЗ або мае інфармацыю пра абставіны здарэння, просяць звярнуцца ва УДАІ УУС па адрасе: Гродна, вул. Белуша, 49, кабінеты 51, 52 або 57. Таксама можна патэлефанаваць па нумарах 79-75-45, 79-75-42 або 102.