Польскія памежнікі і паліцыя затрымалі чатырох меркаваных удзельнікаў арганізаванай групы, якая перапраўляла цыгарэты з Беларусі ў Польшчу з дапамогай метэаралагічных шароў. Сярод затрыманых — грамадзянін Беларусі. Ім выставілі абвінавачанні не толькі за кантрабанду, але і за абход санкцый. Мінімальнае пакаранне за гэта — не менш за тры гады турмы. Пра гэта Hrodna.life паведаміла прэс-сакратарка Падляшскага аддзела Памежнай службы Польшчы Катажына Здановіч.
Супрацоўнікі Памежнай службы ў Кузніцы і аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю ваяводскай камендатуры паліцыі ў Беластоку правялі сумесную аперацыю 9 верасня.
Беларуса затрымалі ў варшаўскім аэрапорце
Грамадзяніна Беларусі затрымалі ў міжнародным аэрапорце імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве. Яго падазраюць у арганізацыі адпраўкі цыгарэт з Беларусі ў Польшчу і ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, якая займалася кантрабандай тытунёвых вырабаў.
Яшчэ аднаго падазраванага — грамадзяніна Польшчы, які, паводле следства, кіраваў групай, — затрымалі ў аўтамабільным пункце пропуску «Кузніца». Суд пастанавіў змясціць абодвух мужчын пад арышт на тры месяцы.

Яшчэ двух грамадзян Польшчы затрымалі ў Беластоку. Ім прызначылі паліцэйскі нагляд, забаранілі пакідаць краіну і абавязалі ўнесці маёмасныя паручальніцтвы памерам 10 і 20 тыс. злотых.
Чытайце таксама: З’ездзілі на мяжу і даведаліся, як беларускія цыгарэты ўвозяць у Польшчу і чаму не атрымоўваецца спыніць кантрабанду
Не толькі кантрабанда цыгарэт. У чым яшчэ абвінавачваюць затрыманых і пры чым тут вайна ва Украіне?
Затрыманым выставілі абвінавачанні ва ўдзеле або кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай, мэтай якой было атрыманне фінансавай выгады ад падатковых злачынстваў. Паводле следства, удзельнікі групы перапраўлялі пачкі цыгарэт з Беларусі ў Польшчу па паветры на метэаралагічных шарах. Пасля груз забіралі, перавозілі, захоўвалі і прадавалі.
Усім чацвярым таксама выставілі абвінавачанні паводле польскага закона «Аб спецыяльных рашэннях у сферы супрацьдзеяння падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароны нацыянальнай бяспекі». Гэты закон забяспечвае ў Польшчы выкананне санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і Расіі, якія тычацца ў тым ліку тытунёвых вырабаў. Таму кантрабанда беларускіх цыгарэт разглядаецца не толькі як падатковае злачынства, але і як парушэнне санкцыйнай забароны.
Паводле гэтага закону затрыманым пагражае не менш за тры гады пазбаўлення волі. Менавіта такую кваліфікацыю польская пракуратура ўжо выкарыстоўвала ў іншай справе аб дастаўцы беларускіх цыгарэт паветранымі шарамі.
Вялікая справа з больш як 150 падазраванымі
Следства вядзе Памежная служба ў Кузніцы сумесна з паліцыяй Беластока пад наглядам Акруговай пракуратуры ў Беластоку. Ад пачатку расследавання абвінавачанні выставілі больш як 150 падазраваным.
У 2026 годзе ў межах спраў, якімі займаліся памежнікі з Кузніцы, абвінавачанні выставілі 35 асобам. Пад варту ўзялі 21 падазраванага. Кошт канфіскаваных цыгарэт ацэньваюць больш як у 3,7 млн злотых.



