Гродзенец апублікаваў у Threads фота пляцоўкі каля інтэрната па вуліцы Церашковай, 22. На здымках відаць, што тэрыторыя ўсеяна пустымі пластыкавымі бутэлькамі. Пост хутка набраў папулярнасць і дайшоў да Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

«Такое вось бязладдзе сёння ўбачыў, гэта проста свінства. Студэнты ўсё смецце выкідваюць праз вокны», – паскардзіўся гараджанін.

Мужчына таксама папрасіў распаўсюдзіць знятае ім відэа. Пост гродзенец апублікаваў 14 верасня.

У той жа дзень акаўнт ГДАУ ў Threads адрэагаваў на скаргу гараджаніна. «Са студэнтамі праведзена грунтоўная размова, на якой былі агучаныя правы, абавязкі і адказнасць тых, хто жыве ў інтэрнаце. Ажыццёўлена комплексная ўборка тэрыторыі», – напісалі ўладальнікі акаўнта.

У адказ гродзенец падзякаваў усім, хто падтрымаў яго скаргу. Іншыя каментатары пахвалілі ўніверсітэт за аператыўную рэакцыю.

Чытайце таксама: Гродзенка распавяла, што яе сябру адмовілі ў шпіталізацыі ў БХМД. Адміністрацыя адрэагавала