У Гродне пабудуюць новы лабараторны корпус для абласной ветэрынарнай лабараторыі. Асобны будынак з’явіцца на вуліцы Абухава, 7, побач з дзейнымі карпусамі ўстановы. Праект разгледзелі на архітэктурна-горадабудаўнічай радзе пры Гродзенскім гарвыканкаме.

Што размесцяць у новым корпусе

На першым паверсе абсталююць ізаляваныя зоны для прыёму, захоўвання і выдачы проб. Таксама там размесцяць спецыялізаваныя лабараторныя памяшканні, кабінеты супрацоўнікаў, канферэнц-залу і вестыбюль з пакоем для наведвальнікаў.

Фасад будынка аформяць з выкарыстаннем навясных алюмініевых вітражных сістэм і клінкернай пліткі.

Сам корпус будзе сучасным, а будынак — стыльным, абяцаюць улады.

Побач з’явяцца паркоўка і альтанка

Каля лабараторнага корпуса ўладкуюць паркоўку на 38 машына-месцаў і пляцоўку для адпачынку з альтанкай.

У гарвыканкаме разлічваюць, што новы корпус дазволіць хутчэй праводзіць даследаванні і палепшыць умовы для супрацоўнікаў і наведвальнікаў. Тэрміны будаўніцтва і кошт праекта не паведамляюцца.

У Гродне пабудуюць новы корпус ветэрынарнай лабараторыі. Ён будзе «сучасным і стыльным»
Фота: t.me/grodno_ispolkom

Чым займаецца ветэрынарная лабараторыя

Гродзенская абласная ветэрынарная лабараторыя ўжо працуе на вуліцы Абухава, 7. Новы корпус пабудуюць побач з існуючымі будынкамі ўстановы.

У лабараторыі дыягнастуюць хваробы жывёл, а таксама даследуюць харчовую прадукцыю, кармы і кармавыя дабаўкі. Установа таксама займаецца пытаннямі харчовай і біялагічнай бяспекі.