У вёсцы Расла Жодзішкаўскага сельсавета скончылі аднаўляць гістарычную капліцу XIX стагоддзя, разбураную ў выніку ДТЗ. Па ацэнцы Telegram-канала «Спадчына», новае аблічча капліцы абсалютна не супадае з аўтэнтычным.

Аўтары канала пішуць, што аб’ём капліцы змяніўся – фасады выцягнулі па-гарызанталі, знік аўтэнтычны крыж, на месцы якога з’явіўся новы і больш маштабны.

Вокны-нішы ўніфікавалі пад адзін памер, тады як да аднаўлення яны адрозніваліся. Праёмы капліцы зрабілі прамавугольным, не захаваўшы старыя лучковыя.

Участак вакол капліцы залілі бетонам, што, паводле слоў аўтараў «Спадчыны», з’яўляецца абсалютна чужародным для помніка традыцыйнай мемарыяльнай архітэктуры.

«Нуль з дзесяці супадзенняў з арыгіналам, які меў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Вось такое «аднаўленне». Цікава, хто быў навуковым кіраўніком», — пішуць у Telegram-канале. 


Прыдарожную капліцу ў вёсцы Расла разбурыў нецвярозы кіроўца ў кастрычніку 2025. Пасля праверкі Смаргонскага РАУС мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці: яго аштрафавалі на 8,4 тыс. руб. і пазбавілі правоў кіроўцы на пяць гадоў. За пашкоджанне гістарычнага аб’екта яму таксама прызначылі штраф 270 руб.

Пры гэтым пасля аднаўлення капліцы віноўніку трэба было кампенсаваць усе выдаткі на рамонт.

Сама ж капліца была ўзведзена ў XIX стагоддзі і лічылася гісторыка-культурнай каштоўнасцю трэцяй катэгорыі. На распрацоўку навукова-даследчых і праектных работ па аднаўленні капліцы выдаткавалі каля 5 тыс. руб. Пасля меркавалася, што на рамонтныя працы выдаткуюць яшчэ 27 тыс. руб.

Аднаўленне капліцы скончылі ў тэрмін – да верасня 2026 года.

Чытайце таксама: Пад Карэлічамі царкву ХIX стагоддзя абшылі сайдынгам