Гродзенка Ірэна Ярэміч, якая раней працавала прыбіральшчыцай, набыла асабняк непадалёк ад мінскага заказніка «Лябяжы». Кошт здзелкі невядомы, аднак папярэдняй пакупніцы катэдж абыйшоўся ў $837 тысяч. Журналісты Zerkalo пры дапамозе «Кіберпартызан» даведаліся, у каго звычайная прыбіральшчыца набыла асабняк.
Хто такая Ірэна Ярэміч?
Як пішуць журналісты Zerkalo, Ірэна Ярэміч – чалавек непублічны. Па словах яе дачкі, у 2021 годзе Ірэна працавала прыбіральшчыцай, у пэўны момант была аформлена як дворнічыха.
Дачку Ірэны завуць Бажэна. У 2020 годзе дзяўчына на выдатна скончыла юрфак ГрДУ імя Янкі Купалы. Пасля візіту Лукашэнкі ў ВНУ, дзе вучылася Бажэна, тая пачала наведваць мерапрыемствы з яго ўдзелам.
У лютым 2021 года 21-гадовая гродзенка апынулася ў прэзідыуме падчас Усебеларускага народнага сходу, у кастрычніку – узначаліла Нацыянальную школу прыгажосці.
Цяпер Бажэне Ярэміч 27 гадоў – яна ўваходзіць у Мінскі гарадскі савет дэпутатаў.
Што за асабняк набыла Ірэна?
Асобняк размешчаны ў мінскім комплексе «Алімпік Парк» непадалёк ад заказніка Лябяжы. Зямля пад яго пабудову дасталіся забудоўшчыку “Тапас” па ўказе Лукашэнкі без аўкцыёну, працы ішлі ў 2019-2020 гадах насуперак пратэстам эколагаў. У выніку з’явіліся некалькі шматпавярховак, шэсць дуплексаў, закрытая вулачка з 13 катэджаў.
Ірэна набыла катэдж у лютым 2025 года. Плошча нерухомасці склала 610 квадратных метраў на ўчастку 14 сотак. Асабняк быў набыты ў Ліліі Белай – маці прадпрымальніка Паўла Белага, якому і належыць «Тапас». Сама Белая набыла яго за два тыдні да перапродажу, сума той здзелкі склала $837 тыс.
Па падліках журналістаў, праз жанчыну прайшло як мінімум шэсць кватэр і два дамы, якія яна прадавала менш чым праз год пасля атрымання.
Навошта спатрэбілася такая схема, дакладна незразумела. За кадрам магла застацца нярынкавая цана, скідка або нефармальная растэрміноўка.
Чытайце таксама: АМАП затрымаў намдырэктара аднаго з прадпрыемстваў Гродна — браў хабар




