На рынку ў Лідзе два прадпрымальнікі прадавалі забароненую ў Беларусі касметыку Nivea, а на адным з рынкаў Гродна выявілі немаркіраваны імпартны алкаголь без дакументаў. Тавары знялі з продажу, паведаміў Камітэт дзяржкантролю.

У Лідзе прадавалі касметыку Nivea

У гандлёвых кропках двух індывідуальных прадпрымальнікаў на рынку ў Лідзе правяральнікі знайшлі 16 найменняў касметычных тавараў Nivea, забароненых да ўвозу і продажу ў Беларусі. Усяго з продажу знялі 45 адзінак прадукцыі.

Інфармацыю пра парушэнні перадалі ў падатковую. Прадпрымальнікам пагражаюць штрафы.

У Гродне знайшлі алкаголь без маркіроўкі і дакументаў

На адным з рынкаў Гродна індывідуальны прадпрымальнік прадаваў немаркіраваны імпартны алкаголь. Неабходных дакументаў, якія пацвярджаюць легальнасць яго набыцця, у яго не было.

Прадукцыю знялі з продажу. Уладальніка гандлёвай кропкі аштрафавалі больш чым на 9 тысяч рублёў. Назвы рынкаў і гандлёвых аб’ектаў у КДК не ўдакладнілі.

Чаму ў Беларусі забаронена Nivea

Забарону на ўвоз і продаж прадукцыі Beiersdorf, уключаючы Nivea, а таксама Škoda Auto і Liqui Moly ўпершыню ўвялі ў Беларусі ў маі 2021 года. З таго часу абмежаванні неаднаразова падаўжалі.

Так, пастановай Саўміна № 734, якая ўступіла ў сілу 5 лістапада 2023 года, забарону падоўжылі да канца 2024 года.

У канцы 2025 года ўрад падоўжыў абмежаванні яшчэ на два гады. Пад забаронай засталіся тавары Beiersdorf пад брэндамі Nivea, Florena, Eucerin, La Prairie і Labello, а таксама прадукцыя Škoda Auto і Liqui Moly.