Былы футбаліст і трэнер гродзенскага «Нёмана» Сяргей Саладоўнікаў стаў фігурантам крымінальнай справы аб незаконным налічэнні заробкаў за заняткі, якія трэнеры фактычна не праводзілі. Пра гэта паведамляе Betting.team. Раней Камітэт дзяржкантролю расказаў пра парушэнні ў адной са спартыўных устаноў Гродна, але імёнаў падазраваных не назваў.

Трэнерам налічвалі грошы за заняткі, якіх не было

19 кастрычніка стала вядома, што Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці сумесна з абласным упраўленнем Дэпартамента фінансавых расследаванняў выявіў незаконнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў у адной са спартыўных устаноў горада.

Паводле звестак КДК, тром трэнерам футбольнай школы налічылі больш за 8,5 тыс. рублёў за заняткі, якія яны фактычна не праводзілі. У гэты час супрацоўнікі адсутнічалі на працоўных месцах, аднак у табелі ўліку працоўнага часу ўносілі недакладныя звесткі.

Па факце парушэнняў распачалі крымінальную справу. Падчас праверкі падазраваныя цалкам вярнулі атрыманыя грошы.

Афіцыйна імёны фігурантаў не раскрывалі. Аднак, паводле інфармацыі Betting.team, пытанні ў праваахоўных органаў узніклі ў тым ліку да 67-гадовага Сяргея Саладоўнікава, які з 2019 года ўзначальваў спартыўную дзіцяча-юнацкую школу «Нёмана».

Прозвішча Саладоўнікава знікла з сайта «Нёмана»

Па стане на 21 кастрычніка інфармацыя пра Сяргея Саладоўнікава і яго намесніка Аляксандра Балуху знікла з афіцыйнага сайта клуба. Балуху, паводле звестак Betting.team, перавялі на іншую пасаду. Тое, што ў Саладоўнікава ўзніклі праблемы, пацвердзілі і іншыя людзі з футбольнага свету.

Пры гэтым у захаванай версіі старонкі ад 1 жніўня Саладоўнікаў яшчэ значыўся ў раздзеле адміністрацыі школы.

Betting.team таксама паведамляе, што Саладоўнікаў больш не працуе ў «Нёмане» і яго выклікаюць на допыты.

Журналісты звязаліся з былым футбалістам, каб атрымаць каментар. Аднак абмяркоўваць сітуацыю ён адмовіўся.

«У меня нет времени разговаривать на эту тему», — адказаў Саладоўнікаў.

Хто такі Сяргей Саладоўнікаў

Сяргей Саладоўнікаў — адзін з самых вядомых футбалістаў і трэнераў у гісторыі гродзенскага «Нёмана».

Ён нарадзіўся 2 лістапада 1958 года ў Іркуцку, але большую частку спартыўнай кар’еры правёў у Гродне.

З 1978 па 1989 год Саладоўнікаў выступаў за гродзенскі «Хімік» — так раней называўся «Нёман». У пачатку 1990-х два сезоны гуляў за польскую «Ягелонію» з Беластока, пасля чаго вярнуўся ў Гродна.

Усяго за «Хімік» і «Нёман» ён правёў 423 матчы і забіў 153 галы.

Трэнерскую кар’еру пачаў у 1997 годзе. У агульнай складанасці каля 20 гадоў працаваў у «Нёмане», у тым ліку галоўным трэнерам. Пад яго кіраўніцтвам клуб заваяваў сярэбраныя медалі чэмпіянату Беларусі ў 2002 годзе — адно з галоўных дасягненняў у гісторыі каманды.

На пасадзе галоўнага трэнера Саладоўнікаў правёў 391 матч. З 2019 года кіраваў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школай клуба.