У Навагрудку перастаюць дзейнічаць праекты зон аховы некаторых частак горада, у тым ліку Навагрудскага замка, гары Міндоўга, Фарнага касцёла і Барысаглебскай царквы. На новую пастанову Мінкульта звярнуў увагу Telegram-канал «Спадчына».
Пастанова Мінкульта №116 з подпісам Марата Маркава ад 21 кастрычніка 2026 года прызнае страціўшымі сілу адразу пяць папярэдніх пастаноў, прынятых у 2009—2021 гадах.
Такім чынам у Наваградку перастане дзейнічаць праект ахоўных зонаў для будынкаў па вул. Мінскай, 1 і 5; былых гандлёвых радоў на вул. Мінскай, 3.
Таксама новая пастанова адмяніла комплексны праект ахоўных зон гістарычнага цэнтра горада, які рэгуляваў рэжымы ўтрымання і забудовы вакол 44 гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сярод іх:
- Руіны Навагрудскага замка;
- Гара Міндоўга;
- Фарны касцёл;
- Барысаглебская царква;
- Касцёл Святога Арханёла Міхала;
- Курган Адама Міцкевіча.
Аўтары канала адзначаюць, што пра «дзіўную практыку» Мінкульта па скасаванні праектаў паведамлялася і раней — ведамства адмяняе папярэднія дакументы, аднак новых ахоўных праектаў замест іх так і не публікуе.
«Міністэрства культуры без прыняцця замены проста адмяніла праект зон аховы палацава-паркавага ансамбля Сапегаў — Патоцкіх у Высокім, дзе пасярод гістарычнага парку задумалі ўзвесці новы басейн. Затым па такой жа схеме былі скасаваныя зоны аховы форта «Граф Берг» і царквы ў Гершонах у Брэсце, а таксама будынкаў па вуліцы Валадарскага, 2, 4, 6 у Мінску», — паведамляе «Спадчына».
Пры гэтым апошні раз новыя праекты ахоўных зон на Нацыянальным прававым партале публікаваліся 10 красавіка 2026 года.
«Пасля чаго на працягу амаль сямі месяцаў у адкрытым рэестры не з’явілася ніводнага новага дакумента — публікуюцца выключна пастановы аб ліквідацыі старых зон аховы».
Чытайце таксама: Мінкульт зменшыў зону аховы Мірскага замка


