У Гродне змяняюць знешні выгляд былых царскіх казармаў XIX стагоддзя на Чырвонаармейскай, 11. Старыя цагляныя фасады закрываюць сучаснымі абліцовачнымі панэлямі, усталёўваюць новыя вокны. Раней дзве казармы гэтага ж ваеннага гарадка на суседняй вуліцы Шчорса знеслі, хоць першапачаткова будынкі планавалі рэканструяваць. У выніку 140-гадовы комплекс, які лічыцца адным з найстарэйшых у Беларусі, практычна страціў сваё гістарычнае аблічча.
Убачыць, як змяняюцца былыя царскія казармы і як яны будуць выглядаць пасля мадэрнізацыі, можна на відэа МУС. Кадры знялі падчас візіту міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, які ў канцы кастрычніка правяраў ход рамонтных работ на базе гродзенскага АМАПа.
Як ідзе мадэрнізацыя казармаў
На Чырвонаармейскай, 11 размешчана вайсковая часць 5522 унутраных войскаў МУС Беларусі. Паводле пашпарта будаўнічага аб’екта, тут праводзяць «Мадэрнізацыю будынка з добраўпарадкаваннем тэрыторыі».
Заказчыкам выступае ўпраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Праект распрацавала прадпрыемства «Інстытут Гроднаграмадзянпраект», генеральны падрадчык — ААТ «БМУ-76». Работы пачаліся ў маі 2026 года, завяршыць іх плануюць у красавіку 2027-га.
Яшчэ ў 2023 годзе ў адным з будынкаў былых казармаў планавалі рамонт з выкарыстаннем элементаў у гістарычным стылі.

Тады ў памяшканнях адміністрацыйнага будынка УУС на Чырвонаармейскай, 11 збіраліся замяніць вокны і дзверы, адрамантаваць сцены і падлогу. Пры гэтым праект прадугледжваў унутры памяшканняў медную вітую электраправодку на дэкаратыўных керамічных ізалятарах і рэтравыключальнікі.
На рамонт некалькіх памяшканняў збіраліся выдаткаваць каля 98 тысяч рублёў з бюджэту. Работы планавалі правесці з мая па чэрвень 2023 года.
Цяпер змены закранулі і знешні выгляд былых казармаў.
На кадрах сюжэта пра праверку работ відаць, што звыклыя цагляныя фасады закрываюць абліцовачнымі панэлямі, усталяваныя сучасныя вокны з цёмнымі рамамі. На адным з карпусоў з’явілася вялікая зашклёная частка фасада. У ніжняй частцы будынкаў пакуль яшчэ можна ўбачыць старую цагляную муроўку — аздобныя работы не завершаныя.



Ваенны гарадок, з якога пачалася Аляксандраўская слабада
Казармы на Чырвонаармейскай — частка вялікага ваеннага гарадка, які пачалі будаваць яшчэ ў 1883 годзе. Тут, на былых землях князя Друцкага-Любецкага, размясцілі 102-гі пяхотны Вяцкі полк Расійскай імператарскай арміі, пераведзены ў Гродна з Бельска. Будаўніцтва працягвалася да 1889 года.
Як пісаў гродзенскі краязнавец Аляксандр Севенка, першапачаткова комплекс называлі «Новымі казармамі за чыгункай». Пазней з’явіліся назвы Аляксандраўскія і Вяцкія казармы. З ваенным гарадком звязана і ўзнікненне Аляксандраўскай слабады — так доўгі час называлі гэтую частку Гродна.

Да 1885 года тут пабудавалі пяць казарменных карпусоў: чатыры батальённыя і адзін для нестраявых падраздзяленняў. Акрамя іх, узвялі штабныя і гаспадарчыя будынкі, стайні, лазню, пякарню, майстэрні і склады. На тэрыторыі знаходзіліся палкавы і батальённыя пляцы. Пазней з’явіліся два трохпавярховыя афіцэрскія флігелі.
Разам гэтыя пабудовы ўтваралі цэлы ваенны гарадок з характэрнай для канца XIX стагоддзя цаглянай архітэктурай.

За сваю гісторыю казармы неаднаразова мянялі гаспадароў. Калі пачалася Першая сусветная вайна, Вяцкі полк адправіўся на фронт, а ў яго будынках размясцілі палявы шпіталь. У міжваенны перыяд тут знаходзіўся 76-ы Лідскі пяхотны полк імя Людвіка Нарбута польскай арміі. Тады казармы называлі Легіянерскімі.
З 1939 года ў ваенным гарадку размяшчаліся падраздзяленні Чырвонай арміі. Падчас нямецкай акупацыі былыя казармы выкарыстоўвалі для ўтрымання савецкіх ваеннапалонных шталага № 324. Многія з іх загінулі.
Пасля вайны тэрыторыя зноў служыла вайскоўцам. Пазней частку будынкаў занялі падраздзяленні МУС, а дзве казармы на вуліцы Шчорса прыстасавалі пад жылыя інтэрнаты.
Нягледзячы на шматлікія перабудовы і змены прызначэння, пяць гістарычных казарменных карпусоў захоўваліся да XXI стагоддзя.

Дзве казармы на Шчорса знеслі, хоць абяцалі рэканструяваць
Першымі з гістарычнага комплексу зніклі дзве казармы на Шчорса, 2 і 4. У 2024 годзе іх знеслі, а на месцы старых карпусоў пабудавалі новыя жылыя дамы, стылізаваныя пад ранейшую забудову. Цяпер тут знаходзіцца жылы комплекс «Аляксандраўскі».
Казарму на Шчорса, 2 рассялілі і выставілі на продаж яшчэ ў 2016 годзе. У 2020-м вырашылі рассяліць і суседні будынак. У маі 2022 года абодва карпусы з чацвёртай спробы прадалі на аўкцыёне са зніжкай 80%. Іх набыла брэсцкая будаўнічая кампанія «Палессежылбуд».
Новы ўласнік збіраўся рэканструяваць будынкі пад жыллё клубнага тыпу. Але ўжо прадстаўлены праект выклікаў крытыку: арыгінальныя аконныя праёмы планавалі пашырыць і ўсталяваць панарамныя вокны. На думку гісторыкаў, гэта моцна сказіла б першапачатковы выгляд казармаў.

Гродзенскі краязнавец Мечыслаў Супрон выказваў заўвагі на этапе грамадскіх абмеркаванняў, аднак праект істотна не змянілі. Пазней яго перагледзелі, павялічыўшы павярховасць і колькасць кватэр.
Улетку 2023 года пачаліся будаўнічыя работы. А ў сакавіку 2024-га стала вядома, што казарму на Шчорса, 2, практычна цалкам разабралі.
Забудоўшчык тлумачыў гэта дрэнным станам цэглы: паводле яго сцвярджэнняў, старыя сцены не вытрымлівалі неабходных нагрузак. У гарвыканкаме заяўлялі, што знос законны.
Рашэнне выклікала абурэнне гісторыкаў і абаронцаў спадчыны. У Міністэрства культуры і пракуратуру Гродна накіроўвалі звароты з патрабаваннем спыніць знішчэнне будынка. Пазней знеслі і другую казарму на Шчорса, 4.
Замест гістарычных карпусоў узвялі два жылыя дамы ў тры і чатыры паверхі. Фасады новых дамоў выканалі з цэглы з адсылкамі да гістарычнай забудовы. Частку цэглы са знесеных казармаў выкарысталі ў новых будынках.

Пры гэтым у кастрычніку 2024 года праект жылога комплексу «Аляксандраўскі» атрымаў дыплом першай ступені на міжнародным архітэктурным конкурсе ў Ерэване ў намінацыі «Архітэктурная спадчына». Узнагарода выклікала новую хвалю крытыкі. Аўтары петыцыі запатрабавалі ануляваць дыплом, паколькі гістарычныя будынкі падчас рэалізацыі праекта знеслі.
«Прысуджэнне дыплома такому праекту з’яўляецца пляўком у твар архітэктурнай супольнасці Беларусі і жыхарам Гродна і дыскрэдытуе само паняцце архітэктурнай спадчыны», — гаварылася ў звароце.
«Захаванае ў першапачатковым выглядзе — вялікая рэдкасць для краіны»
Гісторык Мечыслаў Супрон, які сачыў за лёсам казармаў на Шчорса, падкрэсліваў, што да пачатку работ будынкі захавалі свой першапачатковы выгляд.
«У Беларусі будынкаў XIX стагоддзя і так няшмат. А тут — захаваны ў першапачатковым выглядзе, гэта вялікая рэдкасць для краіны», — казаў ён Hrodna.life ў сакавіку 2024 года.
На думку Супрона, захаваць будынкі было магчыма, калі б гэта стала абавязковай умовай для інвестара. Але такі падыход запатрабаваў бы даражэйшых інжынерных рашэнняў і ўмацавання старых канструкцый.


Гісторык, культурны антраполаг і спецыяліст па ахове спадчыны Сцяпан Стурэйка ацэньваў сітуацыю больш асцярожна. Ён адзначаў, што нават статус гісторыка-культурнай каштоўнасці не заўсёды гарантуе захаванасць будынка, а складаныя і дарагія работы могуць адпудзіць інвестараў.
Тым не менш увесь старадаўні казарменны комплекс не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У выніку карпусы на Шчорса знесеныя, а будынкі на Чырвонаармейскай страчваюць свой першапачатковы выгляд.



