3 студзеня супрацоўнікі Цэнтру адпачынку і развіцця «Партал» адзначылі не толькі Новы год, а і ўласны Дзень нараджэння. «Партал» існуе ўжо два гады, развіваецца і мае вялікія планы на будучыню. Hrodna.life сабраў шэсць дасягненняў гродзенскага антыкафэ за два гады працы.

1. Развівае культуру настольных гульняў

Калі для вас словы «Alias», «Magic: the Gathering», «Hearthstone» нічога не значаць, то ведайце — для кагосьці гэта важная частка жыцця! Вы заўсёды можаце далучыцца: па тэматычных гульнях «Партал» праводзіць адукацыйныя гульнятэкі для навічкоў. А пазней можна паўдзельнічаць і ў турнірах для профі. Больш простыя гульні можна асвоіць падчас начной гульнятэкі па пятніцах, з якой усё пачалося і якая паспяхова працуе ўжо шосты год. Таксама «Партал» праводзіць выяздныя гульнятэкі для дабрачынных мерапрыемстваў ці карпаратываў.

Гуляць у настолкі вельмі карысна: гэта здымае стрэс, дазваляе «пракачаць» лідарскія здольнасці і прымерыць на сябе нечаканыя ролі. Часам па гульні даводзіцца бязбожна хлусіць ці забіваць праціўніка. Таму, як кажуць, што было на гульні, застаецца на гульні.

Развівае настольныя гульні і прапагандуе здаровы лад жыцця. 6 дасягненняў антыкафэ “Партал”
Начная гульнятэка ў антыкафэ «Партал»

2. Развівае мясцовыя супольнасці

«Партал» збірае вакол сябе аматараў настольных гульняў, маладых мам, актыўных падлеткаў і маладых людзей, валанцёраў і аматараў самаразвіцця. На мерапрыемствах тут можна знайсці аднадумцаў і сяброў. «Парталу» можна прапанаваць сваё захапленне ці хобі і знайсці падтрымку. Ці прыяднацца да іншых ініцыятываў, якія ўжо існуюць.

Прыцягваючы новую аўдыторыю і падтрымліваючы старую, «Партал» не дае згаснуць шматлікім добрым ініцыятывам. Напрыклад, шведскія гурткі АБФ, сустрэчы аматараў «складаных» настолак «Настольны хардкор» або клуб усходняй гульні Маджонг.

3. Прапагандуе здаровы лад жыцця

Класна адпачываць можна і без алкаголю. Начная гульнятэка з гарбатай і пячэнькамі - добрая альтэрнатыва пятнічнаму вечару ў бары. Пэўны час у «Партале» працаваў «Чайны пакой», дзе можна было пакаштаваць элітныя гатункі гарбаты, такія як пуэр і малочны ўлун.

Здаровы лад жыцця — гэта яшчэ і ментальнае здароўе. «Партал» прапануе шмат варыянтаў самаразвіцця: ад прагляду тэматычных фільмаў на складаныя тэмы да цыклу семінараў па філасофіі жыцця.

4. Займаецца дабрачыннасцю

«Партал» рэгулярна праводзіць дабрачынныя гульнятэкі для Гродзенскага дзіцячага хоспісу і цэнтру «ПОРА». Такія гульнятэкі аб’ядноўваюць здаровых дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі. Таксама хоспісу можна дапамагчы грашова, пакінуўшы ахвяраванні ў скрыньцы, якая знаходзіцца ў памяшканні «Партала».

Развівае настольныя гульні і прапагандуе здаровы лад жыцця. 6 дасягненняў антыкафэ “Партал”
Гульнятэка для Гродзенскага дзіцячага хоспісу

5. Мае актыўную эка-пазіцыю

Нядаўна ў антыкафэ прайшоў прагляд і абмеркаванне фільма «Klatki» ад зааабарончай арганізацыі «Адчыненыя клеткі». «Партал» падтрымлівае экалагічныя акцыі «Гадзіна зямлі» і «Дзень без аўтамабіля». У антыкафэ амаль не выкарыстоўваюць аднаразовы посуд, а на сценах вісяць «нагадвалкі»: пра тое, што не варта кіпяціць шмат вады для аднаго кубка гарбаты і не варта выкарыстоўваць пральную машыну дзеля дзвюх маек. У «Партале» таксама можна пакінуць выкарыстаныя батарэйкі.

Развівае настольныя гульні і прапагандуе здаровы лад жыцця. 6 дасягненняў антыкафэ “Партал”

6. Адкрыты да прапановаў і супрацы

Калі вы хочаце правесці канцэрт, лекцыю, майстар-клас, трэнінг, сустрэчу, «Партал» прадаставіць прастору, дапаможа з арганізацыяй і рэкламай, а таксама з пошукам удзячнай аўдыторыі. Апошнім часам у антыкафэ выступалі ініцыятыва Legalize Belarus, гурт One More Ocean і прайшла навукова-папулярная гутарка «Сучасныя формы сямейна-шлюбных адносін». На базе «Партала» запрацавала першая ў Гродне акторская школа і мерапрыемства для мастакоў і аматараў «Sketch Day».

Развівае настольныя гульні і прапагандуе здаровы лад жыцця. 6 дасягненняў антыкафэ “Партал”
Канцэрт гурта One More Ocean у «Партале»
Пазнаёміцца з дзейнасцю антыкафэ можна падчас мерапрыемства «Адкрыты Партал», калі супрацоўнікі расказваюць пра ўсе віды сваёй дзейнасці.