Сёлета спаўняецца 100 гадоў як у Гродне памёр паэт Лейб Найдус. Яго ўнук Яўген Смоляр, у мінулым журналіст BBC, упершыню наведаў зямлю продкаў 17 мая 2018 года. Кампанію і экскурсію па горадзе сваяку паэта зладзілі калекцыянер Фелікс Варашыльскі і журналіст Hrodna.life.

Яўген, як і яго дзед Лейб Найдус, у маладосці абраў творчую прафесію. Больш за 20 гадоў ён прапрацаваў журналістам у польскай службе BBC — асвятляў падзеі ў Польшчы і ў свеце. Сёння мужчына працуе экспертам па міжнародных адносінах. Ідэя прыехаць у Гродна ў Яўгена лунала ўжо даўно, але вось сабрацца і паехаць ён усё ніяк не адважваўся. У адзін дзень даўні сябар Фелікс Варашыльскі прапанаваў сумесную паездку ў Беларусь.

«Я ўжо даўно хацеў пабачыць Гродна, бо тут ніколі не быў. Мая сям’я — Найдус па матчынай лініі - была з гэтага горада. А бацька маёй маці быў родным братам Лейбы Найдуса, паэта, — распавядае Яўген. — Мой сябар Фелікс неяк прапанаваў мне разам з ім наведаць горад, які ён ужо добра ведае. Так мы і прыехалі. А прыехаць раней не было магчымасці з-за занятасці, а таксама з-за напружаных адносінаў Польшчы і Беларусі».

Апошнія гродзенскія Найдусы загінулі падчас Другой сусветнай

Яўген адзначае, што калі Фелікс прыязджае ў Гродна і можа ўбачыць свой сямейны дом, то ён жа акрамя назвы вуліцы ў гонар свайго дзядулі нічога і не ведае.

«А наогул ехаць у Гродна, дзе нікога са сваякоў не было, неяк не хацелася. Але ў сотую гадавіну смерці паэта я прыехаў. У гэтым горадзе адчуваю розныя пачуцці. Ён з асаблівай энергетыкай, і я разумею, што тут жылі мае продкі. Прыемна, што зараз у горадзе ёсць вуліца Найдуса, але няма месца куды можна было прыйсці менавіта мне. Калі ў Фелікса тут родны дом, то ў мяне наогул нічога няма. Апошнія Найдусы, якія жылі ў гэтым горадзе, загінулі падчас Другой сусветнай. Іх дома ўжо няма, ды і могілкі, дзе быў пахаваны паэт, таксама не засталіся, — дадае Яўген.

"Гродна мае асаблівую энергетыку". Унук паэта Лейбы Найдуса пабываў на радзіме продкаў
Фелікс Варашыльскі і Яўген Смоляр на вуліцы Горкага ў Гродне

Помнік для горада

Так супала, што перад прыездам Яўгена Смоляра ў Гродна, на Hrodna.life выйшаў матэрыял на тэму ўстаноўкі бюста Найдуса на вуліцы названай у гонар яго імя. Аб вырабе помніка Яўген нічога не ведаў. Але адзначае, што ў будучыні помнік можа стаць важным элементам для Гродна.

«У мяне ў жыцці было шмат драматычных падзей. Тое, што пасля прыезду ў Гродне я даведаўся пра помнік, мяне моцна не здзівіла. Але гэта вельмі прыемна, што ў Гродне нехта яшчэ памятае паэта Найдуса. Праца, якую выканаў майстар Салятыцкі, якасная. Вядома, было б добра, каб гродзенцы паставілі помнік Найдусу і зрабілі гэта ў першую чаргу для сябе, для падтрымання традыцый. Гэта будзе добра як для культуры, так і для адукацыі моладзі. Шчыра, для горада такі помнік будзе важней, чым для мяне. Імя гэтага паэта вядомае на ўвесь свет, сюды будуць прыязджаць турысты».

"Гродна мае асаблівую энергетыку". Унук паэта Лейбы Найдуса пабываў на радзіме продкаў
Скульптар Анатоль Салятыцкi разам з Яўгенам Смолярам ля макета бюста паэту Лейбу Найдусу

Творы, вуліца і сімвалічная магіла

Калі помнік у Гродне ўсё ж такі зробяць і гарадскія ўлады дазволяць яго ўсталяваць на вуліцы Найдуса, Яўген прыедзе на яго адкрыццё разам са сваёй сям’ёй.

«Апошні раз нашы сваякі прыязджалі ў Гродна ў 1960-х гадах. Тады прыязджала мая мама і цётка Лена. Менавіта тады яны ўзялі трохі зямлі з могілак [зараз стадыён «Нёман"], дзе быў пахаваны ў 1918 годзе паэт, і перавезлі ў Варшаву. Там зрабілі знакавую магілу з невялікім помнікам. Пра самога Лейбу Найдуса мне вядома мала. Ён памёр у вельмі маладым узросце і было гэта роўна 100 гадоў таму. Ведаю, што ён быў не толькі паэтам, але і настаўнікам. Але інфармацыі па ім у мяне вельмі мала».

Сусветныя эксперты па літаратуры лічаць, што Лейб Найдус — самы рамантычны яўрэйскі паэт. Яго параўноўваюць з Міцкевічам, Багдановічам і Гогалем. Ён памёр у 27 гадоў ад дыфтэрыі. Гэта быў акурат канец Першай сусветнай вайны.

«Што ў нас сёння засталося ад вядомага паэта — яго творы, вуліца ў Гродне і сімвалічная магіла ў Варшаве. Вядома, што Лейб Найдус быў рамантычным паэтам і часта перакладаў вядомыя творы. Мая цётка пры жыцці хацела вывучыць больш пра яго, але не было магчымасці - архівы былі ў Гродне. Пытанне з гісторыяй Найдуса ўсё яшчэ застаецца адкрытым, трэба ўсё вывучаць. А горад Гродна, дзе ён нарадзіўся, працаваў і памёр, самы выдатны са сваёй дзівоснай архітэктурай. А параўнаць мне, са сваім вопытам, ёсць з чым».