Людзі і справы

7 драбязак з майстэрні Уладзіміра Кіслага: што пра гродзенскага рэстаўратара расказалі рэчы

Як працуе і пра што думае гродзенскі рэстаўратар, які бачыў Матку Боску без сарочкі і штодня вітаецца з апосталамі, даведаўся Hrodna.life.

Майстэрня рэстаўратара Уладзіміра Кіслага - гэта месца, дзе жывуць побач незвычайныя рэчы і цікавыя гісторыі. У «аrbeitraum», рабочай прасторы, як ён сам гэта месца называе, сустракаюцца святары розных канфесій і навукоўцы-атэісты, а побач з іконай можна пабачыць статуэтку аголенай дзяўчыны, кавалак цэглы ці часалку для льну са свіной шчаціны. «Тут у мяне па-кавалерску. Адвольная абстаноўка хіба ўсім падабаеццца, хаця ва ўласным жыллі людзі робяць чамусьці стэрыльныя бальнічныя палаты».

«Я чалавек гаваркі, хаця люблю і памаўчаць. Праз „супахлябацель“ шмат энергіі сыходзіць», — хітравата папярэджвае Кіслы на пачатку сустрэчы. Яно і зразумела — навошта майстру спрачацца ў красамоўстве са сваёй майстэрняй. Тут кожная рэч сама распавядае пра гаспадара — застаецца толькі прыслухацца.

1. Часалка для льну і беларускі характар

Гэта майго дзеда, Сідара Кіслага, часалка для льну, ён такія плёў. Імі самыя далікатныя валокны вычэсвалі. У жывых я дзеда не застаў. Ад яго ў мяне прозвішча, гены ды вось гэты прадмет. Сяляне ж нічога не захоўвалі.

Помню, як у Мінск з’язджаў, папрасіў бацькоў захаваць пакет сваіх школьных сшыткаў, занёс на паддашша. А як вярнуўся, то толькі адзін знайшоў, з першага класа. Там малюнкі былі, таму яго пакінулі. На малюнках — Ленін, і я ў будучыні. Астатнія скарысталі, бо не было чым распальваць печ. Дзіўныя яны, нашы беларусы.

Народнікі ХІХ стагоддзя, што апісвалі наш нацыянальны характар, казалі, што «скрытнасць беларусаў для іх найвялікшая дабрадзейнасць. І чым разумнейшы беларус, тым больш глупым ён будзе падавацца суразмоўцу».

Мой дзед служыў у войску польскім, быў у Расіі і нават на Пуцілаўскім заводзе працаваў. Умеў і па-руску і па-польску. А вось гляджу яго ваенны білет, выданы за саветамі. Напісана — «беларус, родной язык белорусский. Не служил, не был, не видел, не контужен, не знает, другими языками не владеет».

То можа мы бесхарактарныя? Але з іншага боку, мо і не было б ужо беларусаў, каб не гэта мімікрыя, здольнасць у любых умовах выжываць.

2. Свой крыж і Матка Боска без сарочкі

Гадоў 36 ужо рэстаўрацыяй займаюся. Навучаўся некалі кансервацыі і рэстаўрацыі алейнага жывапісу на палатне. Потым асвоіў і іншыя галіны гэтай дзейнасці. Даводзілася ўсе рабіць — кнігі, скуру, мэблю, тэмперныя іконы на дошках. Натуральна, што яны знаходзяцца ў храмах, таму непазбежны кантакт з касцёлам і царквой.

Колькі гадоў таму рэстаўраваў Матку Божую Кангрэгацкую з Фарнага касцёла, рабіў кансервацыю і прафілактыку. Вядомы абраз, цудадзейны. Верагодна, што я першы яе разбіраў цалкам. Там былі элементы, да каторых ніхто не дакранаўся 300 гадоў. Але я мусіў перад каранацыяй у 2005 годзе ўсе разабраць да дэталяў. Здымаў нават шату, ці, як кажуць, сарочку. Гэта ўвесісты такі кавалак золата. Знайшліся праз тое многія цікавыя для гісторыкаў мастацтва рэчы. Скажам, надпісы з тыльнага боку.

Гадоў 10 таму рамантавалі фасады Бернардынскага касцёла і фігуры апосталаў здымалі на рэстаўрацыю. Яны такія велізарныя, што ні ў майстэрню з імі, анідзе. І разбураны былі моцна. У Антонія рукі не хапала, у дзіцяці - паловы твару не было. Працаваў з імі проста ў дворыку музея. Вярнуў да жыцця, закансерваваў.

Часам праходжу каля Бернардынскага касцёла — зіма, пурга, толькі крыж паблісквае. Кажу, «што, братцы, як там, холадна?» А потым азіраюся, каб хто не бачыў.

3. Фотаздымак з прывідам

Гады тры-чатыры таму прыйшоў да мяне прыяцель і расказаў гісторыю. Яго жонка з сяброўкай пайшла прагуляцца ў Пышкі і «шчоўкнула» прыяцельку на просценькую мыльніцу. На здымку аказалася клякса, як сталі павялічваць, з’явілася выява дзіцяці. Пра такое кажуць — хронаміраж.

Я за флэшку — і да ксяндза, каторы экзарцыст. Той сказаў, што гэта незаспакоеная душа, што не адзінкавы выпадак. Маўляў, у Пышках і расстрэлы былі, і бамбардзіроўкі. То што мы зрабілі - папрасіў ён мяне рана прыйсці, пабыць памагатым, пакуль правядзе ў тым месцы набажэнства.

Патлумачыць гэту з’яву да канца я не магу. Я не схільны да рознага рода прымхаў і не рэлігійны чалавек у такім агульнапрынятым сэнсе. Я свецкі гуманіст, будзем так казаць, але веру ў такія рэчы. Веру, што хай не ў антропаморфнай форме, але душа існуе.

4. Абразы і карціны

Я маляваў на дошках з абломкаў, што знаходзіў часам у разбураных цэрквах і касцёлах, на дошках, выкапаных падчас раскопак. Пытаўся ў спецоў, ці гэта з майго боку не блюзнерства. Кажуць, калі даеш другое жыццё, то не, нічога кепскага.

Ну і звоніць мне сябра аднойчы, у каторага мая карціна ёсць, там гродзенскі замак на адной з такіх дошак намаляваны. Кажа, нешта дзіўнае творыцца. На дрэве штораніцы з’яўляюцца кропелькі.

Мо, пытаюся, кветкі палівалі, ды пырснулі выпадкова? Але не. Няма там ні кветак, ні нават графіна з вадой. Прыехаў сам паглядзець — і праўда кроплі. Хаця дошка старая і сухая. Вільгаці ў ёй ужо аніяк не можа быць, ні вады, ні смалы. Паспрабаваў на смак — салёныя.

Чаму тое адбывалася і адкуль тая дошка паходзіла — ніхто не ведае. Можам толькі здагадвацца.

А наконт магіі, то неяк прачытаў, што няма магіі чорнай, белай ці шэрай. Магія ўся аднолькавая. І займацца ёй — тое самае, што прыадчыніць дзверцы тэрмаядзернага рэактара, каб паглядзець, што там робіцца.

5. «Гняздо сарокі» — рэквіем па непатрэбных рэчах

Мне непатрэбных рэчаў шкада. Скажам, прыгожы гузік, ці паламаная брошка — як выкінуць? Кідаю ў шуфлядку, «у закрама». Ёсць, канешне, і такія людзі, каторыя ўсе выкідваюць, але я да іх не належу. Хаця і плюшкіным сябе не назваў бы. Я гэтыя рэчы сябрам раздаю, як каму што спадабаецца.

Гэту кампазіцыю называю «Гняздо сарокі». Тут нібы тая шуфлядка з непатрэбнымі дробязямі, але навыварат. Адзін архітэктар так будынак зрабіў. Звычайна фасады гладкія, а камунікацыі схаваныя. А ён пабудаваў наадварот. Размясціў камунікацыі звонку, але зрабіў гэта прыгожа. Калі зроблена дасканала, то гэта не выклікае супраціву. І бывае, што праз тое канструктыўны элемент пераходзіць у дэкаратыўны.

6. Узнагароды дзвюх дзяржаў і 50 мільёнаў марак

Падобна да ордэна? Не, гэта я школьнікам сабе медальён зрабіў. Была ў мяне манета — 50 мільёнаў марак. За яе на той час мо і куфля піва было не купіць, такая была інфляцыя. Хадзіла манета па руках у дзяцей, не помню ўжо, на што яе выменяў. Апіліў напільнікам, аздобу з кары таполі выразаў. Колькі сябе памятаю, нешта выразаў, пакуль малым каровы пасьвіў.

А сапраўдныя ўзнагароды таксама ёсць.

Польскі ўрад адзначыў нас з Аляксандрам Мілінкевічам, яго сынам і Міхасём Ткачовым за тое, што ў 1989 годзе мы знайшлі крыпту караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Палякаў уразіла, што знайшоўшы, чатыры беларусы не разбурылі нічога, а праз міністэрства перадалі польскаму боку.

Да Вавеля, праўда, няшчасны той Стась так і не даехаў, пахавалі яго ў Воўчыне, дзе быў фамільны маёнтак. А нас палякі паклікалі ў Варшаву і ўрычылі «Заслужоных для культуры польскай». Беларускую ўзнагароду «За ўклад у развіццё культуры» таксама маю. Спытаў неяк у аднаго з кіраўнікоў, што тая узнагарода дае. Можа, нагой дзверы адчыняць можна, ці на чырвонае святло праязджаць. Той сказаў - «почёт». Гонар значыць. То ганаруся.

7. Кавалак цэглы і патрыятызм

Быў я ў Амерыцы ў дачкі. Потым пыталіся, чаму вярнуўся. Але як не вярнуцца? Згубіць разам усё сваё асяроддзе, у якім ты жывеш, чаго б ты нават і не хацеў часам бачыць, сваіх сяброў, сваю дачу, сваю прывычную абстаноўку — гэта не сур’ёзна проста.

Калі сядзеў на цёплым беразе Атлантыкі, лавіў сябе на тым, што вяртаўся б сюды незалежна ад абставінаў, войнаў ці катаклізмаў - любой цаной. Я цяпер магу зразумець булгакаўскі «Бег», як людзі кідаліся ў ваду з караблёў.

Патрыятызм, на маю думку, настолькі далікатнае, пяшчотнае, інтымнае пачуццё, як каханне. Як многія рэчы, пра каторыя не абавязкова крычаць і нават гаварыць. Слова «патрыятызм» пры ўсёй сваей далікатнасці для мяне не абстрактнае. Гэта даволі канкрэтныя рэчы. Тая мясцовасць, дзе я нарадзіўся, тыя сцежкі, па каторых хадзіў дзіцём, кавалак цэглы ад маёй разбуранай школкі. Калі на душы прыкра і прыедзеш туды, спусцішся да берага Нёмана, паходзіш, наступае нібы абнуленне.

Я б не заключаў патрыятызм у нейкія адміністрацыйныя межы, бо не ўпэўнены, што Віцебск люблю больш, чым Варшаву. У Віцебску я ні разу не быў, а з Варшавай звязаны шмат добрых рэчаў у жыцці. І я не упэўнены, што Чачэрск мне больш блізкі, чым Сакулка. Проста ёсць нейкая пэўная сфера, каторая мне дарагая і каторую я не змог бы страціць.

Адносна патрыятызму, настальгіі, пытанняў сэнсу жыцця і смерці я шмат зараз думаю. З гадамі мімаволі да таго даходзіш. Гэта непазбежнасць, і гэта цікава. Навошта жыве чалавек, навошта сам працую? Напэўна, каб атрымаўшы нешта на гэтым свеце, пакінуць яго пасля сябе трошкі лепшым.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024