Аўтар гэтага эсэ Аляксандр Перагудаў мае 25 гадоў і працуе настаўнікам гісторыі ў Гродне. Ён з’яўляецца адным з пяці пераможцаў у конкурсе «Беларусь-2030» для маладых лідараў. Конкурс ладзіў «Цэнтр новых ідэй». Кожны ўдзельнік пісаў пра тое, як зрабіць Беларусь лепшай за адно дзесяцігоддзе — да 2030 года.

Аляксандр Перагудаў: Як пакінуць маладых людзей у Беларусі

Беларусь 2030: як зрабіць Беларусь лепшай за адно дзесяцігоддзе?

Мы зробім Беларусь лепшай за дзесяць гадоў, калі якасцю адукацыі заахвоцім таленавітую моладзь застацца ў краіне, каб паляпшаць яе разам.

Беларусь уяўляе сабой цікавы выпадак краіны постсавецкай прасторы з амаль нерэфармаванай эканомікай, а таксама з нізкім узроўнем нацыянальнай свядомасці. Улады спрабуюць пабудаваць палітычную нацыю на ідэях справядлівасці і падмурках савецкай спадчыны. Апазіцыйныя палітыкі падкрэсліваюць сваю прыхільнасць да рынкавай эканомікі, пры гэтым вераць у неарэнесанс беларускай мовы і культуры.

Аднак для шырокіх колаў грамадства гэтыя варыянты не прывабныя. Пакуль першыя абяцаюць стабільныя «па пяцьсот», а другія — рынкавыя рэформы без уласнага досведу іх правядзення, моладзь у пошуках лепшай долі з’язджае за мяжу. Гэтыя ідэі не аб’ядноўваюць грамадства, і нашае пакаленне не будзе са зброяй у руках іх адстойваць.

«Перш чым выдаткоўваць велізарныя грошы на абарону, трэба стварыць для людзей той узровень жыцця, які яны захочуць абараняць», — казаў фінскі вайсковец і палітык Карл Манэргейм. Таму варта гэтыя стратэгіі пакінуць, як і гэту цытату, у падручніку гісторыі.

«Прышчэпка патрыятызму» не спыняе міграцыі

Прыклад нашых заходніх суседзяў паказвае, што «прышчэпка патрыятызму» ніяк не спыняе міграцыі ў больш заможныя краіны. Праведзеныя ліберальныя рэформы ў эканоміцы паводле сапраўды паспяховых прыкладаў павышаюць дабрабыт насельніцтва, аднак робяць гэта вельмі павольна. Парадаксальна, аднак вынікі гэтых рэформ могуць адчуць ужо імігранты, якія натуралізаваліся ў краіне. Нам варта вывучаць такі досвед і актыўна карыстацца ім, але і гэты шлях, падаецца, не найлепшы ўзор.

Што мы маем сёння? Пакуль эканамісты і палітыкі разважаюць, з якіх рэформаў важна пачаць у выпадку перамогі на выбарах, моладзь з Беларусі з’язджае. Калі б рэформы пачаліся сёння, першыя іх паспяховыя вынікі мы адчулі б праз 5−7 гадоў, за якія за мяжу з’ехалі б некалькі тысячаў адукаваных, паспяховых (альбо проста працавітых) маладзёнаў. І мы б не спынілі іх. У дэмакратычнай дзяржаве не стае інструментаў, каб спыніць гэту дынаміку, а адзіны адказ на гэты выклік — стварэнне годных умоваў для жыцця, на што сыдуць дзесяцігоддзі.

Што нам варта зрабіць?

Найперш інвеставаць у адукацыю ўсіх узроўняў. Мы мусім за дзесяць гадоў стварыць такія ўмовы, каб Беларусь стала міжнародным інтэлектуальным хабам ва Усходняй Еўропе і тут хацелі вучыцца беларусы ды замежнікі. Акцэнт на вывучэнне замежных моваў у сярэдняй школе, фінансаванне фундаментальных даследаванняў у вышэйшай школе, праграма запрашэння спецыялістаў з-за мяжы, належныя заробкі навукоўцаў - гэта толькі некаторыя напрамкі стратэгіі, якой варта было б надаць статус нацыянальнай. Аднак пакінем яе распрацоўку прафесіяналам.

Калі моладзь застанецца ў краіне з-за перспектываў атрымаць якасную адукацыю, а пасля займацца навукай сусветнага ўзроўню — што гэта, калі не шлях прасунуць краіну ў кола лідараў рэгіёна? Гэта наш квіток на цягнік, з рухам якога пачнецца паступовае развіццё краіны. І сёння гэты цягнік — не Hyperloop. Так, усталяваць узровень жыцця як у Нямеччыне альбо Швейцары цягам кароткага часу — не атрымаецца, і, натуральна, што ад’езд моладзі працягнецца. Наша задача — змяніць якасны склад эміграцыйнага руху.

Ключ да паспяховай будучыні

Умовы XXI стагоддзя зрабілі рынак рабочых прафесій досыць мабільным ва ўсім свеце. Ад’езд такіх спецыялістаў, у адрозненне ад навукоўцаў, — з’ява звычайна часовая, а таму некрытычная. А свядомае жаданне людзей з высокім узроўнем навуковых ведаў (і адпаведным заробкам, зразумела) застацца і працаваць у Беларусі стварае мажлівасць планамерна павышаць якасць жыцця для ўсіх. Гэта — наш ключ да паспяховай будучыні.


«Бачу тое, што страчана, і хачу, каб гэта пабачылі іншыя». Студэнт-гісторык Саша Перагудаў пра гродзенскую гісторыю ў сучаснасці