Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт Давыда Гарадзенскага

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з глыбіні стагоддзяў. Гэты бронзавы сасуд у форме вершніка на кані датуецца XIII стагоддзем і сёння з’яўляецца часткай экспазіцыі Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Гісторыя гэтага прадмета звязана з драматычнымі падзеямі мінулага і, магчыма, імем гродзенскага кашталяна Давыда Гарадзенскага, піша гістарычны канал Hrodna 11:27.

Што такое акваманіл?

Акваманілы (ці вадалеі або вадалівы) у Сярэднявеччы служылі для абмывання рук падчас літургіі. Такія сасуды часта выраблялі ў арыгінальных формах, напрыклад жывёл або людзей. Так, з аднаго боку, дэманстравалася высокае майстэрства тагачасных рамеснікаў, а з іншага — багацце заказчыка.

Каложскі вадаліў уяўляе сабой бронзавую фігуру вершніка на кані. Адной рукой воін трымае павады, а другой нібы спрабуе дастаць меч, які, на жаль, не захаваўся. Зрэшты, галаву вершнік таксама недзе страціў. Асаблівасцю гэтага акваманіла з’яўляецца механізм падачы вады: яна налівалася праз адтуліну паміж вушамі каня і выцякала з яго рота.

Акваманіл з Каложы — трафей Давыда Гарадзенскага?

Існуе версія, што гэты артэфакт мог быць трафеем, атрыманым падчас аднаго з рэйдаў Давыда Гарадзенскага на тэрыторыю крыжакоў. У «Хроніцы зямлі Прускай» Пятра з Дусбурга апісваюцца драматычныя падзеі, калі Давыд са сваёй арміяй знішчаў ворагаў у ваколіцах Франкфурта. З вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што гродзенскі акваманіл быў прывезены адтуль у Гродна як трафей — такую версію расказваюць у самім Музеі гісторыі рэлігіі. Яе пацвярджаюць двайныя зігзагі на вупражы каня — характэрны матыў гравіроўкі на аналагічных паўночнагерманскіх вадалівах XIII стагоддзя.

Чытайце таксама:

Вярнуўся ў Гродна дзякуючы Карпюку

Лёс Каложскага вадалея быў цікавы. У XIX стагоддзі акваманіл апынуўся ў Вільні і трапіў у рукі навукоўцаў: і менавіта тады традыцыя замацавала яго менавіта з Каложай.

«Здесь же (у Віленскім музеі старажытнасцей графа Тышкевіча) хранятся переданные… из Коложской церкви: бронзовый ляварий, в виде всадника, медный таз, такая же кружка и оловянная кружка с изображением Распятия на крышке и Богоматери на дне», — сцвярджаў у сярэдзіне 1890-х гадоў даследчык царквы прафесар Пакроўскі ў «Археологической карте Гродненской губернии».

У савецкія часы артэфакт трапіў у запаснікі Інстытута гісторыі Літвы, дзе правёў каля сарака гадоў. Толькі дзякуючы намаганням Аляксея Карпюка, які на той момант быў дырэктарам музея, акваманіл вярнуўся ў Гродна і стаў часткай музейнай калекцыі.

Сімвал мінулага

Каложскі вадаліў — адзіны сярэднявечны прадмет з Каложскай царквы, які цудам ацалеў і дайшоў да нашых часоў пасля стагоддзяў войнаў і разбурэнняў. Сёння Каложскі вадаліў займае пачэснае месца ў экспазіцыі музея і прыцягвае ўвагу як мясцовых жыхароў, так і турыстаў. Гэта не проста старадаўні прадмет — гэта сведка гісторыі горада, помнік эпохі князя Давыда, які нагадвае пра слаўнае мінулае Гродна.

Калі вы яшчэ не бачылі гэты артэфакт на ўласныя вочы, абавязкова завітайце ў Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі!