Новая творчая прастора «Склад 95» адкрылася ў цэнтры Гродна 11 снежня. Склад — не проста назва, бо сюды сапраўды можна будзе адправіць непатрэбныя рэчы з дому. І гэта яшчэ не ўсе функцыі новай пляцоўкі, што працуе ў вядомым офісным будынку па вуліцы Будзёнага, 48а.

У многіх ёсць дома рэчы, якія ўжо не па памеры, або мэбля і тэхніка, якую даўно час выкінуць. Заняцца імі няма часу ці проста лянота, а камусьцi проста шкада выкідаць. «Склад 95» гатовы вывозіць барахло цалкам бясплатна.

3
Ідэя пра склад з’явілася пасля пераезду

Праект толькі-толькі запусцiлi, а да яго стваральніка Сяргея ўжо сталі звяртацца людзі. Гродзенцы аддаюць мэблю, музычную і камп’ютарную апаратуру, тэлевізары, вопратку, посуд і многае іншае.

Думка адкрыць такі склад прыйшла Сяргею пасля таго, як ён год таму пераязджаў з адной кватэры на іншую.

«Мне даўно была цікава арганізацыя прасторы тыпу каворкiнга ці антыкафэ, але з эканамічнага пункту гледжання іх жыццяздольнасць пад пытаннем, хоць канцэпцыя мне вельмі блізкая і зразумелая. Год таму ў мяне здарыўся пераезд і я на сабе адчуў як гэта — везці на сметнік карысныя рэчы. Паспрабаваў выставіць карысныя рэчы каля смеццевых бакаў - іх пацягнулі аматары выпіць. Пасля гэтага я і пачаў абдумваць ідэю падобнага склада», — распавядае Сяргей.

«Склад 95» гэта анты-барахолка

Частка рэчаў у добрым стане, якія будуць папаўняць «Склад 95», будзе ўдзельнічаць у барахолцы. Горшыя рэчы будуць выкарыстоўвацца па іншым прызначэнні. Рэчы ў зусім кепскім стане ўтылізуюць. Палова прыбытку ад сэрвісу будуць накіравана партнёрам праекта — дабрачынным арганізацыям.

«Мы не плацім грошы за рэчы, лічым гэта няправільным, а з дапамогай партнёраў прыдумляем бонусы — цяпер гэта кубак капучына ў» Нашай каве". «Склад 95″ гэта антыбарахолка. Мы сябе пазіцыянуем як антыкафэ і арт-прастора».

8

Утылізаваць непатрэбныя рэчы будуць у «расфігачачнай»

Паслугамі «Склада 95» можа скарыстацца кожны. Для гэтага трэба пакінуць заяўку ў групе Вконтакте, дамовіцца аб зручным часе вывазу і чакаць рабочую каманду.

«Мы забіраем любыя непатрэбныя рэчы: вопратку, кнігі, цацкі, старую і зламаную тэхніку, мэблю, посуд — усё, ад чаго чалавек хоча пазбавіцца. Усё акрамя смецця. Мы разбіраем рэчы па катэгорыях, посуд мыем, вопратку перабіраем, кнігі сартуем, тэхніку па магчымасці рамантуем, абутак чысцім. У працэсе перабору адлучаем усё, што не прыдатна для далейшага выкарыстання, таксама здаем на перапрацоўку, выкарыстоўваем для стварэння новых рэчаў або ўтылізуем».

Утылізаваць непатрэбныя рэчы будзем пры дапамозе «расфігачачнай».

https://www.youtube.com/watch?v=SAUMTXbp9cQ

Адсартаваныя і прыведзеныя ў парадак рэчы будуць выстаўляцца на рэгулярных дабрачынных барахолках. Таксама Сяргей хоча супрацоўнічаць з аптовымі пакупнікамі, такімі як крамы second hand, камісійнымі крамамі бытавой тэхнікі і мэблі, з блышыным рынкам, прадпрыемствамі па перапрацоўцы старога адзення, макулатуры, металалому і бытавых адходаў.

«Выручка будзе ісці на арэнду памяшкання, абслугоўванне склада і гандлёвай залы, зарплату супрацоўнікаў і кур’ераў. Грошы, якiя застануцца пасля аплаты ўсіх выдаткаў, мы пералічым на добрыя мэты: дзіцячаму хоспісу, на дапамогу жывёлам, іншым патрабуючым, а таксама на развіццё „Склада 95“ і нашай арт-пляцоўкі».