Замест «Складу 95» з антыбарахолкай і «расфігачачнай» у Гродне паўстала арт-прастора для творчасці. У марах уладальнікаў арганізаваць працу так, каб выставы змяняліся кожны тыдзень. Уваход для наведвальнікаў будзе бясплатны. Уладальнікі не прывязваюцца да памяшканняў і лічаць, што «АРТстранство 95» — гэта людзі, якія будуць перамяшчацца з імі з месца на месца.

Уваход на мерапрыемствы будзе бясплатны

— Напэўна, да таго праекту («Склад 95») не былі гатовыя ні мы, ні гродзенцы, — разважае Сяргей, уладальнік новай арт-прасторы. — Усе ідэі ішлі ад барахолкі, якая патрабавала вялікіх затрат на транспарт, захоўванне, арэнду складскіх памяшканняў. Людзі не хочуць развітвацца са сваімі рэчамі. Нам і зараз пішуць з пытаннямі, ці можна вывезці хлам. Але каб праект жыў, трэба развітвацца не з барахлом, а з непатрэбнымі рэчамі, але ў добрым стане. А то барахла ў нас скапілася, а на барахолку выставіць не было чаго. Гэта згубіла праект.

Менавіта аспект «антыбарахолкі» аказаўся незапатрабаваным сярод гродзенцаў. Таму стваральнікі вырашылі перафарматавацца ў прастору для творчасці. Яны знайшлі меншае памяшканне на вуліцы Калючынскай, якім прыватны ўладальнік для некамерцыйных праектаў дазваляе карыстацца бескаштоўна.

Манетызацыя ёсць у планах Сяргея, але яна будзе адбывацца дакладна не за кошт наведвальнікаў. Уваход на мерапрыемствы будзе бясплатны. Стваральнікі лічаць, што ў такія цяжкія часы, як нашы, уваходны квіток не спрыяе наведвальнасці. Таму людзям трэба даваць магчымасць паглядзець на нешта новае бясплатна. А ўжо пасля думаць пра манетызацыю.

Кожны тыдзень — новая выстава

Пакуль у «АРТстранстве 95» плануюцца толькі выставы. Мара Сяргея — змяняць экспазіцыю раз на тыдзень. Гэта практычна не ажыццявіма, бо нават для прафесіяналаў цяжка сабраць выставу за тыдзень. Сяргей зацікаўлены ў тым, каб мастакі прапаноўвалі сваю творчасць. Кажа, што ў яго гатовы выстаўляцца людзі, вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Таксама ён не супраць супрацоўнічаць з маладымі і пакуль непрызнанымі мастакамі.

АРТстранство 95 выставка (2)

— Яшчэ адна прычына, чаму затармазіў праект «Склад 95». Нашай задачай было стварыць прастору, куды б людзі прыходзілі і прапаноўвалі нешта. А ініцыятыва была вельмі нізкая, — кажа Сяргей.

Ідэя зрабіць выставу «Фрагмент» маладых мінскіх мастакоў Алены Вярстак і Вадзіма Дазморава нарадзілася тыдзень таму з леташняга знаёмства Вадзіма і Сяргея.

— «Фрагмент» — гэта фрагмент нашай творчасці, нашага жыцця, нашага ўспрымання, — расказвае Алена. — У творах таксама прысутнічае гэтая тэма. Напрыклад, тут ёсць не толькі статычныя працы, як жывапіс, інсталяцыя, а ёсць відэа-фрагменты, эксплікацыі - раскрыццё візуальнай часткі праз набор планаў. Я б не сказала, што гэта дастаткова сучасныя павевы. Інсталяцыі ўжо каля 100 гадоў. А тое, што ў Беларусі не заўсёды разумеюць мастацтва, гэта праблема. Будзем дапамагаць успрымаць не толькі «мішак у лесе» і нацюрморты, і глядзець трошкі пад іншымі ракурсамі не толькі на мастацтва, а і на жыццё, час, сябе і навакольны свет.

АРТстранство 95 выставка (1)

Сяргей падкрэслівае, што ён не эксперт у мастацтве. Галоўны паказчык, лічыць ён, гэта людзі, якія прыходзяць і ацэньваюць. За першую гадзіну ў арт-прастору прыйшло чалавек 60. Выставы Сяргей хоча рабіць дынамічнымі, каб гледачам было цікава. На будучыню ўжо ёсць планы, якіх ён пакуль не раскрывае.

«Хочам, каб прастора стала роднай»

«АРТстранство 95» запрацуе па буднях. Тут можна будзе выпіць кавы і гарбаты, у нетрывіальнай абстаноўцы пачытаць кнігу або папрацаваць. Можна сказаць, прастора будзе працаваць як бясплатны каворкінг. Сяргей кажа, што хоча, каб прастора стала роднай гродзенцам.

Стваральнікі не прывязваюцца да памяшканняў. Яны хочуць сабраць людзей, з якімі можна перамяшчацца з месца на месца. Вельмі важная для іх людская актыўнасць і зваротная сувязь. «Стаўка» робіцца на моладзь.

«Склад 95» — праект, да якога стваральнікі збіраюцца вярнуцца. Але без фінансавай падтрымкі ён не можа існаваць. А «АРТстранство 95» — праект больш сацыяльны, чым камерцыйны.

АРТстранство 95 выставка (9)

Стваральнікі абяцаюць, што гурт «Развітае сэрца пацана» ўсё ж такі выступіць у «АРТстранстве 95». Праўда, гэта можа быць іншая пляцоўка. У мінулы раз складанасці былі з раскупкай квіткоў. У паслянавагодні час гэта аказалася не вельмі запатрабавана.