Гродзенская сям’я Андрэевых рыхтуе да адкрыцця незвычайны бар у вёсцы Каробчыцы, недалёка ад Гродна. У бары «Таварыш» наведвальнікі змогуць вярнуцца на тры-чатыры дзесяцігоддзі таму і апынуцца ў тыповым кафэ часоў «развітога сацыялізму». Пра ідэі месцы і пра тое, каго там чакаюць, даведаўся Hrodna.life.

У Гродне СССР-style бар адкрываць пакуль не адважыліся

Бар «Таварыш» гэта своеасаблівая «машына часу» на якой можна вярнуцца ў СССР. Установа аформлена ў характэрным для месцаў савецкага грамадскага харчавання стылі: простыя сталы і крэслы, гранёныя шклянкі, часопісы «Огонёк» на сталах, радыёпрыёмнікі, розныя статуэткі і агітацыйныя плакаты.

«Ідэя лунала ў мяне доўгі час, — распавядае кіраўнік сямейства Алег. — У канцы 2017 года ўзяліся за яе рэалізацыю. Спачатку хацелі адкрыць бар дзесьці ў цэнтры Гродна, нават падбіралі месца, але не адважыліся — падумалі, што не ўсе гараджане правільна ўспрымуць нашу ідэю. Вырашылі паспрабаваць у Каробчыцах. Вядома, не ўсе зразумеюць бар у стылі СССР, але многія ўспомняць. Нават многія турысты цяпер едуць у Гродна не толькі, каб паглядзець даўніну, але і ўбачыць спадчыну СССР «.

«Не ўсе зразумеюць, але многія ўспомняць». Гродзенская сям'я адкрывае ў Каробчыцах бар «Таварыш», дзе можна "вярнуцца" у СССР
Бар разлічаны на 25 чалавек, таксама там ёсць і вялікая банкетная зала, якая пакуль ніяк не выкарыстоўваецца.

Месца, дзе можна панастальгіраваць

Новы бар ужо практычна гатовы да адкрыцця — сям'і Андрэевых засталося знайсці добрага кухара, які б ведаў кухню народаў СССР.

«Мы да апошняга моманту думалі, што ў нас ёсць такі кухар, але ў яго не атрымалася сысці са старой працы. Цяпер у нас на прыкмеце ёсць яшчэ адзін добры спецыяліст, будзем чакаць яго прэзентацыю. Шукаем кухара на замену, які б умеў гатаваць патрэбныя нам стравы: супы, салаты, галубцы, пяльмені, варэнікі, катлеты і многае іншае. Усё тое, што было папулярна ў часы Савецкага Саюза.

Можна сказаць, мы хочам зрабіць усё па-хатняму. Наш бар гэта маленькі ўтульны куток, дзе кожны зможа прыйсці і панастальгіраваць. Я нарадзіўся ў 1962 годзе і добра памятаю часы Саюза.

Бар стварылі цалкам самі. Інтэр'ерам займалася ўся сям’я, а экспанаты дасылалі нам з розных куткоў Беларусі. Ды і мая калекцыя, якую збіраў на працягу многіх гадоў, тут прадстаўлена".

«Не ўсе зразумеюць, але многія ўспомняць». Гродзенская сям'я адкрывае ў Каробчыцах бар «Таварыш», дзе можна "вярнуцца" у СССР
Інтэр'ер бара будзе змяняцца па меры паступлення новых экспанатаў

Разлічваюць на замежных турыстаў

Алег распавядае, што ў Расіі і Украіне падобныя бары на савецкую тэматыку карыстаюцца вялікім попытам і там заўсёды шмат людзей.

«Нешта падобнае ў нас ёсць у Гомелі. Нават кітайскія турысты, якія прыязджаюць у Мінск, з вялікім задавальненнем едуць потым у Гомель, каб убачыць кафэ зробленае ў стылі эпохі «развітога сацыялізму». Ім гэта цікава.

Я думаю, наведвальнікам і ў нас будзе цікава. Бо бар гэта не толькі месца, дзе можна перакусіць і выпіць, а таксама своеасаблівы музей. Пакуль нашы кліенты будуць чакаць свае стравы, ім прапануюць пагуляць у марскі бой, даміно ці якое-небудзь супер-лато. У бары будзе граць спакойная савецкая музыка, будзем паказваць савецкія фільмы".

Алег спадзяецца бачыць у бары не толькі гараджан, але і гасцей горада — замежных турыстаў. Ён кажа, што шмат хто ўжо пад’язджаў да бара і цікавіўся, людзі фатаграфаваліся. Магчымы і такі варыянт, што турысты будуць на экскурсіі ў Гродна, а пасля будуць заязджаць сюды на тыповы савецкі абед.

«Не ўсе зразумеюць, але многія ўспомняць». Гродзенская сям'я адкрывае ў Каробчыцах бар «Таварыш», дзе можна "вярнуцца" у СССР
Стол з тыповым савецкім посудам

У будучыні - банкетная зала і хостэл

Бар разлічаны на 25 чалавек, таксама там ёсць вялікая банкетная зала, якая пакуль ніяк не выкарыстоўваецца.

«Калі бар будзе запатрабаваны, вялікая зала хутка ператварыцца ў чарговы пакой эпохі СССР, дзе можна будзе пасадзіць шмат людзей. Ёсць варыянт і з будучым рассяленнем гасцей на другім паверсе. Там можа з’явіцца бюджэтны хостэл, ізноў жа ў стылі нядаўняга мінулага».

Установа «Таварыш» у бліжэйшы час пачне працу ў тэставым рэжыме. Сям’я Андрэевых гатова выслухаць і разгледзець усе пажаданні наведвальнікаў.