Спадчына

«Беларускае золата» ўзростам больш за 200 гадоў: саламяныя Царскія вароты са Старога замку

Гэты экспанат патрапіў у музей адным з першых. Вароты доўгі час захоўваліся царкоўна-археалагічным камітэтам і ляжалі на хорах Барысаглебскага манастыра. У 1924 годзе, па просьбе стваральніка і першага дырэктара музея Юзэфа Ядкоўскага, іх перадалі сюды. У музеях Беларусі арыгінальных саламяных варот толькі двое. Яшчэ адна такая рэліквія зхоўваецца ў Раўбічах. У Нацыянальным музеі ў Мінску ёсць падобны новадзел.

Пра асаблівасці і лёс гродзенскага артэфакта расказаў загадчык аддзела гісторыя краю Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Яўген Махнач.

«Саломапляценне — гэта адметная рыса беларускай матэрыяльнай культуры, — адзначае гісторык. — У іншых краінах яно таксама было. Але менавіта ў нашай краіне дасягнула такога віртуознага ўзроўню».

Гродзенскі скарб паходзіць з Палесся

У Беларусі саломапляценне было найбольш распаўсюджана на поўдні, бліжэй да Палесся. Адтуль паходзяць і вароты, што зараз захоўваюцца ў Гродне. У фонды царкоўна-археалагічнага камітэта яны патрапілі з сённяшняй Брэстскай вобласці - вёскі Лясковічы Іванаўскага раёна.

Перадачы варот у музей паспрыяў адзін з чальцоў царкоўна-археалагічнага камітэта Уладзімір Манасевіч. З Юзэфам Ядкоўскім іх звязвалі прыязныя адносіны і навуковыя даследванні. Пачаткова было запісана, што гэта вароты з уніяцкай царквы. Насамрэч, немагчыма дакладна сцвярджаць — уніяцкія яны ці праваслаўныя.

Перажылі вайну і «падраслі» пасля рэстаўрацыі

Салома не адрозніваецца высокай трываласцю. Натуральна, што датаваныя канцом ХVIII — пачаткам XIX стагоддзя вароты ў савецкі час былі ў нездавальняючым стане. Таму ў 1970 годзе ў Гродна запрасілі майстарку саломапляцення, рэстаўратарку Ларысу Лось. Гэта яе рукамі рэліквія была адноўлена літаральна па крупіцах. Са словаў майстаркі, салома часам развальвалася ў руках, даводзілася выкарыстоўваць новы матэрыял. Па ходу працы яна і сама вучылася, асвойвала гістарычную тэхніку пляцення. На той час верхняя частка варот ужо была страчана. Яе Ларыса Лось аднаўляла ўжо на аналогіях, з выкарыстаннем тых самых тэхнік.

Маюць сімвалічную «геаметрыю»

Асаблівасцю гэтым царскіх варот з’яўляецца тое, што саламяныя часткі ўзораў інкруставаны кавалкамі тканіны чырвонага, зялёнага, блакітнага і сіняга колераў. Да драўлянай рамы саламяныя элементы прымацаваны льнянымі ніткамі. Большая частка ўзораў выканана ў тэхніцы аб’ёмнага пляцення.

«Асноўныя фігуры, з якіх складаецца ансамбль варот — гэта ромбы, квадраты і кругі, — патлумачыў Яўген Махнач. — Яны сімвалізуюць сонца. А хвалістыя лініі - гэта сімвал вады».

У абразах — гісторыя Збавіцеля

Створкі варот падзелены на шэсць квадратаў. На кожным з іх месціцца абраз. Іконы напісаны алеевымі фабамі па дрэве. У верхніх квадратах паказаны архангел Гаўрыіл, што абвяшчае нараджэнне збавіцеля, і Дзева Марыя.

У чатырох квадратах ніжэй месцяцца выявы евангелістаў побач з адметнымі сіваламі. Матвей намаляваны з анёлам, Марк са львом, Лука з быком, Ян з арлом. У хрысціянскай традыцыі гэтыя сімвалы таксама атаясамляюцца з вобразам Хрыста. Яны азначаюць, што будучы па прыродзе анёлам, Хрыстос памёр, як ахвярная жывёла — бык, потым паўстаў, як леў, і ўзнёсся на нябесы, накшталт арла.

Уражваюць нязменна

Паводле Яўгена Махнача, унікальнымі з’яўляюцца не толькі самі вароты, а і той факт, што ўдалося захаваць іх да нашых дзён. У музей і зараз часта прыязджаюць майстры-рамеснікі, каб вывучыць спосабы і прыемы традыцыйнага саломапляцення ці паглядзець на рэдкі твор народнага мастацтва. Ды і наведвальнікаў, як з нашай краіны, так і з-за мяжы, экспанат нязменна ўражвае.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024

Кінуў амерыканскі футбол, каб займацца рэслінгам. Гродзенец Мікалай пачаў у Швецыі выступаць на рынгу і нават «змяніў імя»

Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам - і ён адгукнецца. Менавіта пад…

12 красавіка 2024

Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі

Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы - турфірма…

12 красавіка 2024

«Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае

У Telegram-канале беларускага Следчага камітэта "Спецпроизводство", акрамя публічных дзеячаў, пачалі з'яўляцца актывісты з рэгіёнаў і…

11 красавіка 2024