Спадчына

Зразумець хуткаплыннасць жыцця. Выйшаў фотаальбом Наталлі Дораш «Гродзенскія фотагісторыі»

Гродзенская фотамастачка Наталля Дораш выпусціла альбом пра жыццё горада. Ён складаецца з дзвюх частак: архіва негатываў і сучасных выяў горада. Наталля кажа, што такія фотаальбомы патрэбны, каб зразумець хуткаплыннасць жыцця і сваё месца ў ім.

Архіў і сучаснасць

Што для вас «Гродзенскія фотагісторыі»?

Выдавецтва «ЮрСаПрынт» стала для мяне чараўніком, які выканаў маё запаветнае жаданне — выдаць альбом са здымкамі для шырокага кола гледачоў. За апошнія гады адбылося некалькі маіх персанальных фотавыстаў, але выстава гэта кароткачасовая падзея ў творчасці фатографа, а выданне ў выглядзе альбома — канчатковы вынік шматгадовай працы.

Вокладка фотаальбома
За які перыяд сабраны здымкі для альбома?

У першую частку ўвайшлі здымкі са старых негатываў, некаторыя прыйшлося рэстаўраваць, прыбіраць драпіны і плямы. У другую частку сабрала сучасныя фатаграфіі горада і гараджан.

Некалькі гадоў таму разварушыла свой архіў плёнкавых негатываў, яны ляжалі ў кладоўцы, на антрэсолі, у кніжнай шафе ў скрынках з-пад абутку. Захоўваліся пачварна, у рулонах, былі не падпісаныя. Купіла сканар для фотаплёнак і стала пераводзіць іх у лічбавы варыянт. Знайшла здымкі нашага горада пачатку 70-х — канца 90-х гадоў.

Тут і далей — фота розных гадоў, якія не ўвайшлі ў альбом
Нарынулі ўспаміны юнацтва: я зноў апынулася на цэнтральных вуліцах з будынкамі, якія даўно знесены або перабудаваныя, убачыла стары парк, зарослы хмызнякамі бэзу, зялёны сквер на Савецкай плошчы, мітусню гараджан, апранутых у балоневыя плашчы па модзе таго часу. Фатаграфавала ў часы СССР святочныя дэманстрацыі савецкіх працоўных, ветэранаў ВАВ, будаўнікоў мікрараёна Дзевятоўка. Але ў той час не магла нават уявіць, што фатаграфіі з відамі горада могуць аднойчы спатрэбіцца для гісторыі, здымала і не надавала ім ніякага значэння.

Кожны здымак — свая асобная гісторыя

Як праходзіў адбор фатаграфій?

Не ўвайшлі ў першую частку альбома здымкі дрэннай якасці, паўторы кадраў, здымкі з маімі сяброўкамі і сваякамі. Такіх здымкаў аказалася большасць. У другую частку альбома аказалася немагчымым змясціць увесь зняты матэрыял за апошнія пяць гадоў. Адбірала сучасныя фатаграфіі, сугучныя старым здымкамі, і з відамі нашага горада, які за гэты кароткі тэрмін ужо паспеў змяніцца.

У наш час здымаю тыя ж сюжэты: гараджан, старыя будынкі, падворкі, папулярныя ў турыстаў віды горада. Але не між іншым, а ўжо з пазіцыі ўважлівага назіральніка. Здымаю тое, што зачапіла погляд, што на мяне зрабіла ўражанне, да чаго не засталася абыякавай. Кожны здымак — свая асобная гісторыя. Няма ў ім гісторыі, няма і фатаграфіі.

У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што фатаграфіі «такога Гродна» не возьмуць для публікацыі ў афіцыйным выданні з-за цэнзуры.

«Такі Гродна» — выключна аўтарскае бачанне гарадскога штодзённага жыцця. Фотаальбом адбыўся без цэнзуры ў галаве аўтара і цэнзуры яго выдаўца. Гэта тая самая свабода творчасці, пра якую можа марыць любы фатограф.

Мужчына, які гуляе на грабянцы ў пераходах, стаў гарадской славутасцю. Ён свішча папулярныя мелодыі і як артыст зарабляе на пражытак сваёй працай. Яго грамадскасць не адвяргае, людзі кідаюць у яго скрыначку грошы. Я са спачуваннем стаўлюся да вулічных музыкаў і гарадскіх бамжоў. Сярод апошніх больш светлых і прыстойных людзей, чым у асяроддзі багатых камерсантаў і на высокіх пасады начальнікаў.

Замест Новага свету — гасцініцы і прыватныя катэджы

Якія імгненні сённяшняга жыцця і архітэктуры важна захаваць?

Трэба захоўваць старыя пабудовы, такія, напрыклад, як ва ўнікальным раёне Новага Свету. Прадчуваю, што хутка яго не будзе, бульдозерамі змятуць з твару горада, каб пабудаваць безаблічныя банки, гасцініцы і прыватныя катэджы.

Як моцна змяніўся Гродна за апошнія 40 гадоў?

Пра новабудоўлі не буду казаць — натуральны працэс, калі горад расце. Калісьці здымала Румлёва, на месцы цудоўнай дубровы цяпер стаяць безаблічныя скрынкі жылых дамоў. Здымала паваленыя будаўнікамі волаты-дубы, вывернутыя з карэннем, яны прыгняталі сваёй пакорай перад вар’яцкай сілай чалавека. Плёнкі з кадрамі гэтага варварства я не знайшла, яны згубілася.

Калі казаць пра цэнтр горада, то змены нязначныя, хіба толькі дрэвы зніклі з вуліц, сквераў і плошчаў. Парк Жылібера стаў няўтульным, будынак гарвыканкама на плошчы з помнікам Леніну адабралі ў горада Швейцарскую даліну. Уявіце, які б маляўнічы куток прыроды быў бы тут сёння, калі б гэты ландшафт не знішчылі.

Партрэт гродзенца не змяніўся

Які ён — сучасны гараджанін?

Для мяне ён не змяніўся, хіба толькі мода змянілася і моладзь у грамадскіх месцах, асабліва ў транспарце, імкнецца аддзяліцца ад навакольных з дапамогай гаджэтаў.

Чаму вы так любіце працаваць у чорна-белым колеры?

У асноўным здымаю ў колеры. Чаму альбом выйшаў з чорна-белымі здымкамі? Па-першае, старыя негатывы на чорна-белай фотастужцы, па-другое, хацелася, каб альбом быў вытрыманы ў адной танальнасці. Акрамя таго, аддрукаваць каляровыя здымкі для выдаўца тэхнічна складаней і даражэй.

Якую вашу фатаграфію вы называеце ўдалай?

Такую, падчас здымкі якой я атрымала пазітыўныя эмоцыі, сюжэт якой мяне заінтрыгаваў або зарадзіў на будучы «шэдэўр». Напрыклад, здымак на вокладцы «Гродзенскіх фотагісторый» — менавіта той самы выпадак з інтрыгай, на якую я дзяўбнула. Некалькі разоў у цэнтры горада мне сустракаўся дзіўны чалавек вельмі высокага росту, у доўгім шэрым паліто і капелюшы.

Але яго твару я не магла ўбачыць, таму што дзіўны чалавек у капелюшы цудоўным чынам праходзіў міма мяне, я паспявала сфатаграфаваць толькі яго спіну. Ён так імкліва пайшоў па вуліцы, што дагнаць яго, каб зазірнуць у яго твар, не ўяўлялася магчымым. Для мяне ён назаўжды застанецца інкогніта з чужой планеты.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024