34 здымкі птушак з гродзенскіх вуліц можна ўбачыць на выставе Дзмітрыя Вінчэўскага «Нашы птушкі: партрэты і не толькі» ў «Цэнтры гарадскога жыцця». Бёрдвочар рабіў акцэнт не на рэдкасць відаў, а на цікавыя гісторыі з птушынага жыцця. Дзмітрый расказаў Hrodna.life пра ўзровень фотаанімалістыкі ў Беларусі, стэрэатыпы пра птушак і праблемы ў адносінах чалавека і прыроды.

Выставу можна паглядзець штодня з 10.00 да 15.00 да канца красавіка. Пазней яна паедзе вандраваць па школах.

Дзмітрый абраў для выставы 34 здымкі з некалькіх тысяч. Некаторыя зробленыя на выездах, але большасць — у цэнтры Гродна.

Звычайна Дзмітрый публікуе фотагісторыі на сайце «Птушкі штодня». Яны складаюцца з некалькіх здымкаў з подпісамі. Подпісы абавязковыя каб людзі разумелі, наколькі цікавы ці рэдкі момант захаваны на фота. Гэта, лічыць арнітолаг, галоўнае: не разумеючы кантэксту, глядач не зможа ацаніць каштоўнасць фота. Няважна, рэдкая птушка ці не, калі людзі не разумеюць кантэксту.

 — Не ведаю, наколькі важная рэдкасць відаў, бо фотавыстава ўсё ж такі не накіравана на паказванне рэдкасцяў. Для рэдкасцяў трошкі іншы ўзровень гледачоў павінен быць. Выстава больш пра тое, каб паказаць, наколькі розныя птушкі. Нават самыя звычайныя птушкі могуць быць цікавымі на здымках, — рассказаў Дзмітрый Hrodna.life.

Дзмітрый Вінчэўскі - арнітолаг, рэдактар сайта «Птушкі штодня», член грамадскага аб’яднання «Аховы птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), бёрдвочар, аўтар і сааўтар больш за 50 навуковых публікацый, многіх навукова-папулярных артыкулаў у СМІ. Выкладаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Выкладае ва Універсітэце залатога веку.

Дзмітрый ставіцца да фотаанімалістыкі (жанр фатаграфіі, дзе асноўны аб’ект — жывёлы, патрабуе спецыяльнай тэхнікі, часам — спецыяльнай адукацыі - Hrodna.life) як да калекцыянавання момантаў, якія ён можа затрымаць ў выглядзе фотаздымкаў для сябе і паказаць іншым.

Мэты выставы і яго фота наогул — паказаць, якія птушкі прыгожыя, якія ў іх цікавыя моманты ў жыцці - тое, што людзі звычайна не заўважаюць, кажа Дзмітрый. «Праблема ў тым, што мы не бачым таго, чаго мы не ведаем», — лічыць ён. Іншая мэта — паказаць, што да фотаанімалістыкі і назірання за птушкамі можна далучыцца.

Бёрдвочар Дзмітрый Вінчэўскі: “Пра птушак ёсць шмат міфаў з савецкіх часоў”
Выстава «Нашы птушкі: партрэты і не толькі». Фота: Hrodna.life

Выставы штогод бачылі тысячы людзей

Падобныя фотавыставы «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і яе гродзенскае аддзяленне праводзіць апошнія 20 гадоў, расказаў Дзмітрый Hrodna.life. Раней яны былі ў фармаце конкурсаў. Гэта дазваляла прыцягнуць людзей і аб’яднаць аднадумцаў. Тады здымаць было цяжэй — была слабейшая тэхніка, цяжка было блізка падыйсці і зрабіць добрае фота. У аўтараў былі розныя ўзрозні фота, віды птушак і сітуацыі паўтараліся. Канцэпцыю фотавыставы было цяжка прыдумаць.Тым не менш, яны адбываліся.

Выставы прымяркоўвалі да штогадовых канферэнцый АПБ. Ад адной канферэнцыі да другой выстава вандравала па школах, бібліятэках, клубах. Прынцыповым момантам была даступнасць выставы — яе размяшчалі ў публічных адкрытых месцах, дзе ўбачыць яе ўбачыць мог кожны наведвальнік.

Бёрдвочар Дзмітрый Вінчэўскі: “Пра птушак ёсць шмат міфаў з савецкіх часоў”
Выстава «Нашы птушкі: партрэты і не толькі». Фота: Алена Майсюк

«Атрымалася, што тысячы і дзясяткі тысяч глядзелі выставу за год. Цалкам бясплатна. Але не думаю, што нехта з-за гэтай фотавыставы так уразіўся, што стаў арнітолагам», — лічыць Дзмітрый.

Як атрымаць добры здымак?

Здымаць птушак можна, седзячы ў засідцы ці «з падыхода». Дзмітрый аддае перавагу другому варыянту. Каб атрымаць добры здымак, павінна супасці шмат фактараў: пэўная адлегласць, на якой птушкі паводзяць сябе натуральна, святло, фон, рэакцыя фатографа. Дзмітрый здымае на так званы «суперзум» — фотаапарат, абсталяваны няздымнай аб’ектывам з вялікай кратнасцю павелічэння. Яго зручна браць з сабой і зняць з адлегласці, на якой бачны натуральныя паводзіны птушкі.

У Гродне фотаанімалістыкай займаецца вельмі мала людзей. Вінчэўскі змог назваць Дзмітрыя Якубовіча, Сяргея Чарапіцу, Мікалая Гулінскага. Колькасць фатографаў ужо шмат год не расце. Дмітрый бачыць некалькі прычын. Па-першае, рабіць добрыя здымкі птушак — дарагая справа. Адпаведная тэхніка каштуе дорага. Яе трэба перыядычна абнаўляць. Па-другое, для фотаанімалістыкі трэба мець адпаведны ўзровень ведаў, каб зразумець, дзе што можна зняць. Па-трэцяе, няма рэсурсаў, праз якія гэта можна расказаць.

Бёрдвочар Дзмітрый Вінчэўскі: “Пра птушак ёсць шмат міфаў з савецкіх часоў”
Выстава «Нашы птушкі: партрэты і не толькі». Фота: Hrodna.life

Тым часам у Еўропе ўзровень фотаанімалістаў увесь час расце. У людзей ёсць магчымасць купіць добрую апаратуру і прысвячаць свайму хобі больш часу. Яны больш падарожнічаюць, а значыць, сустракаюць больш цікавых момантаў і сітуацый. «У нас большасць не будзе ахвяраваць час на прыроду, бо трэба проста выжываць. Ніхто не будзе ад сябе адрываць тысячу баксаў, каб купіць фотаапарат для здымкі птушак», — лічыць Дзмітрый.

У арганізацыі адбываецца адток

Зараз дзейнасць АПБ набыла больш «кансультацыйны» характар. Рэгулярна Дзмітрыю тэлефануюць людзі з рознымі пытаннямі. Напрыклад, з просьбай патлумачыць, што рабіць з птушкамі, якія жывуць ля прыватнага дома, часам залятаюць туды і пакідаюць сляды сваёй жыццядзейнасці. Ён тлумачыць: гэта добрае месца, раз і птушкі яго выбралі. Да таго ж, гэта іх дом таксама, і птушкі таксама вас церпяць, як і вы іх. Часам звяртаюцца, напрыклад, з просьбай выратаваць параненую катом птушку.

Бёрдвочар Дзмітрый Вінчэўскі: “Пра птушак ёсць шмат міфаў з савецкіх часоў”
Выстава «Нашы птушкі: партрэты і не толькі». Фота: Hrodna.life
Бёрдвочар Дзмітрый Вінчэўскі: “Пра птушак ёсць шмат міфаў з савецкіх часоў”
Выстава «Нашы птушкі: партрэты і не толькі». Фота: Алена Майсюк
Бёрдвочар Дзмітрый Вінчэўскі: “Пра птушак ёсць шмат міфаў з савецкіх часоў”
Выстава «Нашы птушкі: партрэты і не толькі». Фота: Алена Майсюк
Бёрдвочар Дзмітрый Вінчэўскі: “Пра птушак ёсць шмат міфаў з савецкіх часоў”
Выстава «Нашы птушкі: партрэты і не толькі». Фота: Алена Майсюк
Бёрдвочар Дзмітрый Вінчэўскі: “Пра птушак ёсць шмат міфаў з савецкіх часоў”
Выстава «Нашы птушкі: партрэты і не толькі». Фота: Hrodna.life

 — 99% людзей гатовы ахвяраваць сваім часам, эмоцыямі, каб дапамагчы птушкам. Але ўзровень гэтага вельмі нізкі. Гэта не віна людзей — віна школы, віна бацькоў. Трэба тлумачыць, што гэта няправільна. Мы не выкарыстваем патэнцыял, які маглі б. Так яно і ідзе з года ў год. <…> Праблема ўсіх нашых адносін да прыроды — што мы не заўважаем шмат чаго, бо не ведаем. А яшчэ ў нас ёсць праблема з часоў школы, дзяцінства — вельмі шмат міфаў, якія цягнуцца з 50-х гадоў, калі паўстала савецкая педагагічная сістэма.

Дзмітрый пералічвае міфы: накарміць лебедзя батонам, сінічак — салам, шпаку — зрабіць шпакоўню. «Для многіх шок, што не трэба вешаць кармушку. „Ім жа холадна і голадна“. Дык ім холадна і голадна круглы год! Замест кармушкі трэба пакінуць прыроднае асяроддзе, якое знішчаецца з-за нашага патурання».

Шмат парадаў можна прачытаць на сайце ptushki.org. Напрыклад: