Гісторыя экраннага супрацьстаяння Дэсептыконаў і Аўтаботаў доўжыцца ўжо больш за 10 гадоў і налічвае пяць поўнаметражных фільмаў. За гэты час франшыза з дыхтоўнай падлеткавай фантастыкі ператварылася ў няскладны перапалох, у якім цяжка ўлавіць сэнс таго, што адбываецца.

Ад часткі да часткі сюжэт дэградаваў, а ўвесь фільм трымаўся на грандыёзных бітвах металічных іншапланецян. Зрэдку пра сябе нагадвалі бравыя амерыканскія ваенныя, якія абяцалі выратаваць планету.

Як з «Трансформераў» сышла цеплыня

У першых частках бясконцая канфрантацыя была толькі дэкарацыяй. На першым плане быў аповяд пра сяброўства звычайнага падлетка Сэма і робата Бамблбі. Галоўны герой быў звычайным хлапчуком з натуральным жаданнем мець крутую тачку (у яе ператвараўся той самы Бамблбі) і закахацца ў прыгажуню. Палітычны пафас, выратаванне планеты і феерычныя выбухі былі толькі неабходнымі дапаўненнямі.

Галоўным вінаватым ператварэння франшызы ў «парк атракцыёнаў» стаў сам глядач. Пастаяннае патрабаванне высакаякасных эфектаў і гукавых «ба-бах» прывялі да таго, што з «Трансформераў» сышла цеплыня чалавечай гісторыі.

Ачалавечыць гісторыю

Франшызу ніхто б не зачыніў, пакуль прадукт прыносіць прыбытак. Але працягваць у падобным ключы выпуск безыдэйных фільмаў пагражае крахам. Было вырашана вярнуцца да задумак, якія зрабілі трансформераў такімі папулярнымі. Гісторыю трэба было ачалавечыць з дапамогай самага папулярнага і добрага трансформера — Бамблбі.

www.youtube.com/watch?v=lcwmDAYt22k

Back to 1980s

Новы фільм пра жоўтага маўклівага іншапланецяніна стаў своеасаблівым прыквелам. Гісторыю перанеслі ў папулярныя 1980-я. Аўтаботы церпяць паразу на планеце Кібертрон і Бамблбі адпраўляецца на Зямлю, каб зладзіць тут новую базу. Ён хаваецца пад выглядам жоўтага нямецкага «Жука». Такім яго знойдзе Чарлі.

Аўтары фільма свядома пайшлі на спрашчэнне гісторыі, у якой глабальныя разборкі робатаў саступілі месца сяброўству. Праз 10 гадоў на першы план выходзяць радасці і нягоды падлеткавага жыцця, толькі цяпер дзяўчыны. Сцэнарысты вырашылі пазабаўляцца і прыдумалі цэлую кучу праблем для галоўнай гераіні: туга па памерлым бацьку, дрэнныя адносіны з маці і астатнім светам, жаданне мець машыну. З дапамогай вялікага робата Чарлі і паспрабуе ўсё гэта вырашыць.

Другое дыханне гісторыі

Падчас прагляду прысутнічала адчуванне, што аўтары «Бамблбі» не асабліва імкнуліся і вырашылі зноўку вынайсці ровар. Быццам быў знойдзены сцэнар першай часткі «Трансформераў» і прайграны нанова. І гэта аказалася крута, бо гісторыя атрымала другое дыханне.

Паміж дзяўчынай і робатам атрымалася сапраўдная эмацыйная «хімія». Ва ўзаемаадносінах вымалёўваюцца яркія камедыйныя дэталі і ставяцца сапраўдныя драматычныя прыярытэты. Бамблбі - не проста бяздушная машына для забойства і не выконвае ролі нейкага гадаванца. Гэта ўзаемадзеянне як паміж Джонам Конар і Тэрмінатарам, які навучыўся смяяцца і адчуваць.

Зачараванне 80-х

У фільме ёсць экшн, але яго стала ў разы менш. Ён не стамляе і з’яўляецца толькі па меры неабходнасці і як даніна павагі прадусару Майклу Бэю. Бо нездарма ж ён здаў пасаду рэжысёра. Таксама баявыя сцэны звязаны са з’яўленнем на экране амерыканскай арміі. Такое кіно не магло адмовіцца ад ваеншчыны, а кіношныя камандзіры не маглі адмовіцца ад згадкі рускіх ворагаў. Гэта пачынае ўжо надакучаць.

Галоўнае зачараванне «Бамблбі» — 1980-я. Музыка, мода, тэхніка. Апошнія гады гэты перыяд стаў мегапапулярным, таму нездарма сюжэт перанеслі менавіта ў 1987-ы. Нават маўклівы Бамблбі здабывае страчаны голас праз хіты таго часу, а характэрны жэст з фільма «Клуб «Сняданак» становіцца актам перамогі душэўнага сямейнага кіно над выбухным і пафасным блокбастарам XXI стагоддзя.

«Бамблбі» свядома пазбавілі выбухаў, сэксуальных актрыс і жартаў ніжэй пояса — усяго таго, што стамляла ў франшызе Майкла Бэя. Новы фільм пайшоў па шляху дзіцячай наіўнай камедыі пра сяброўства дзяўча-ізгоя і згубленага робата. Абы гэта стала штуршком уверх для «Трансформераў», якія даўно дасягнулі дна.