Людзі і справы

Суды пройдуць у ізалятарах. Што з затрыманымі ў дзень рэферэндуму ў Гродне?

Дзясяткі чалавек затрымалі ў Гродне 27 лютага — у асноўны дзень галасавання на рэферэндуме. Такога ў Гродне не было з акцый пратэсту ў 2020 годзе. Затрыманых дастаўлялі ў ізалятар на Кірава, 1 і, паводле інфармацыі з суда Кастрычніцкага раёна, у ІЧУ на вул. Гая, 4. Па словах работнікаў суда Ленінскага раёна, іх ужо пачалі судзіць у ізалятарах. Перадачы ў турму прынялі.

Каля 14.00 27 лютага каля мінімум пяці выбарчых участкаў сабраліся людзі. Да гэтага заклікалі некаторыя дэмакратычныя сілы. Людзей разганяў і затрымліваў АМАП. У цэнтры затрымалі некалькі чалавек на антываенным пікеце.

У рэдакцыю Hrodna.life 28 лютага пачалі пісаць і пытацца пра затрыманых: дзе яны знаходзяцца і ці будуць іх судзіць. Такую інфармацыю падаюць толькі сваякам і адвакатам затрыманых. Тэлефанаваць варта ў Кастрычніцкі або Ленінскі РАУС — у залежнасці ад таго, на тэрыторыі якога раёна чалавека затрымалі. А потым — у ізалятары часовага ўтрымання.

Таксама дадзеныя можна шукаць у спісах праваабаронцаў. Але, як правіла, праваабаронцы атрымліваюць звесткі ад сваякоў затрыманых жа ці ад людзей, якіх адпусцілі з ізалятара. Паводле інфармацыі Hrodna.life, пакуль нікога не адпускалі.

Суды пачаліся

У судзе Ленінскага раёна паведамілі, што ў расклад затрыманыя 27 лютага не ўнесеныя. Па словах работнікаў суда, 28 лютага пачаліся выязныя судовыя паседжанні ў ізалятары на Кірава, 1. У іх прымаюць удзел суддзі суда Ленінскага раёна.

У судзе Кастрычніцкага раёна ў раскладзе на 28 лютага затрыманых у дзень рэферэндуму таксама няма. Разглядаць адміністрацыйныя справы суддзі суда Кастрычніцкага і Ленінскага раёна будуць у залежнасці ад тэрыторыі раёна, на якім прайшло затрыманне. Работнік суда назваў затрыманых 27 лютага «сутачнікамі».

Як правіла, затрыманых на акцыях пратэсту або па «палітычнай» адміністрацыйцы ў Гродне і раней не ўносілі ў расклад на стэндзе ў судах і ў анлайн-расклад. Людзей судзілі дзяжурныя суддзі ў выязным судовым пасяджэнні. Напрыклад, так было з аўтарам Hrodna.life Ірынай Новік. Па законе, калі па адміністрацыйным артыкуле могуць пакараць адміністрацыйным арыштам, затрыманага могуць утрымліваць да суда на працягу 72 гадзін. Як правіла, суды над такімі затрыманымі праходзяць на першы ці другі дзень пасля затрымання.

«Не выпусцілі»

Сястру чытачкі Hrodna.life затрымалі на выбарчым участку каля СШ № 8. Яе адвезлі ў Ленінскі РАУС. «Першапачаткова казалі, што каля 17.00 пачнуць выпускаць. Не выпусцілі. А 19.00 сказалі, што ўсіх павязуць у ІЧУ, а 28 лютага будзе суд. У ІЧУ месцаў не было, і іх адвезлі ў турму на Кірава. Сёння сказалі, што суда не будзе — РАУС не перадаў матэрыялы. Суд будзе заўтра і, хутчэй за ўсё, будуць даваць суткі», — паведаміла чытачка.

Сярод затрыманых — і маці непаўналетніх дзяцей. Пры гэтым згодна з ПВКаАП міліцыя не можа затрымліваць па адміністрацыйнай справе маці непаўналетніх дзяцей больш, чым на тры гадзіны.

Колькасць затрыманых

Па краіне затрымалі каля 800 чалавек. У дачыненні да іх праводзяць праверку. Некаторых затрыманых раней судзілі па тым жа артыкулах, паведамляе МУС Беларусі.

Праваабаронцам «Вясны» вядомыя дадзеныя больш за 730 затрыманых па краіне. З іх 16 — затрыманых у Гродне. Спасылку на спіс затрыманых мы не можам размясціць, так як рэсурсы «Вясны» прызнаныя экстрэмісцкімі.

Міліцыя Гродна не паведаміла аб колькасці затрыманых у горадзе. Рэдакцыя Hrodna.life не стала ўдакладняць колькасць — раней нас заўсёды прасілі адправіць пісьмовы запыт, адказ на які можа расцягнуцца да месяца. Мы паспрабавала палічыць колькасць затрыманых па тых дадзеных, якія нам дасылалі. Па нашых падліках, дакладна затрымалі каля 15 чалавек — гэта тыя выпадкі, аб якіх нам вядома.

Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы па ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Паводле версіі СК, у рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, публікавалі заклікі да здзяйснення дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, арганізацыі масавых несанкцыянаваных акцый і дзеянняў, накіраваных на зрыў рэферэндуму, які праводзіцца ў краіне. Затрыманыя 10 «арганізатараў».

Перадачы

Раніцай 28 лютага пад ізалятарам на Кірава, 1 людзі спрабавалі аддаць перадачы затрыманым. Туды прыйшлі блізкія з прыкладна шасцю перадачамі. Як мінімум для некаторых іх прынялі.

У чытачкі Hrodna.life перадачу ў турму для затрыманага прынялі праз ІЧУ на вул. Гая, 4. Што можна перадаваць затрыманым, рэдакцыя Hrodna.life пісала яшчэ ў 2017 годзе.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024