Валянціна Каралько — паводле спецыяльнасці ўрач. Ёй 75 гадоў. На 50 з іх самым частым строем стаў белы халат. На модныя вобразы не было асаблівых падстаў. Жанне Крыжаноўскай у 65 «з цікаўнасці» вельмі захацелася трапіць у праект з ператварэннем. Пра рэкламныя здымкі яна ніколі не задумвалася і можа параўнаць іх толькі з фатаграфаваннем для дошкі гонару.

Стылісты і цырульнікі кажуць, што цяпер ўзроставыя мяжы ў мадэльнай практыцы ўсё больш сціраюцца, а праца з мадэлямі 50+ робіцца звычайнай справай. «Проста яны крыху хутчэй стамляюцца і крыху больш патрабавальныя», — пракаментравала Hrodna.life сітуацыю стылістка з Украіны Крыс Юникорн.

Дарослыя дзеці звычайна рады падтрымаць бацькоў у імкненні знайсці сябе нанова. «Раней мама хадзіла са мной купляць вопратку, цяпер я ёй хаджу», — распавяла Hrodna.life цырульнік Святлана Луцэў.

Была ўсім патрэбная, а цяпер што рабіць?

«У маладосці старалася выглядаць модна і сучасна, любіла біжутэрыю», — распавядае Hrodna.life пра свае пошукі стылю Валянціна Каралько. Праўда, шмат падстаў «памоднічаць» у яе не было. Лекарка па спецыяльнасці, яна большую частку дня праводзіла ў форменным белым халаце. Да 71 года Валянціна працавала ў Гродзенскім псіхіятрычным дыспансеры.

«Вельмі любіла сваю спецыяльнасць, і калі прыйшоў час сыходзіць, была стрэсавая сітуацыя». Тады выратавала тое, што дзеці сталі «падкідаць» унучку. Але Валянціна ўсё роўна палічыла сябе пенсіянеркай, якая сышла са сцежкі. «Ты быў усім патрэбны, а што рабіць цяпер?» — распавяла яна пра цяжкую адаптацыю да сыходу з працы. Пра моду і прыгажосць больш не думалася: «Стала даношваць, што ёсць».

Аднойчы ў аўтобусе па дарозе з лецішча выпадковая спадарожніца распавяла Валянціне пра Універсітэт залатога ўзросту. Валянціна вырашыла, што варта даць сабе яшчэ адзін шанец і паспрабаваць зноў стаць студэнткай. Цікавасць да жыцця ў яе захоўваецца нягледзячы на гады.

«Некаторыя знаёмыя [майго ўзросту] глядзяць тэлевізар, ляжаць. Гэта не для мяне. Я заўсёды была вельмі энергічнай, рухавай, усім цікавілася. Хаджу [на заняткі] з задавальненнем — мне ўсё новае цікава!»

На курсе «Стылёвая Я» Алена Бяляева паказала Валянціне фатаграфіі мадэляў, старэйшых за 75 гадоў. Выкладчыца змагла пераканаць студэнтку, што ўзрост — не перашкода паспрабаваць сябе ў новай якасці, і прапанавала прымерыць адзенне спартыўнага стылю. На яе думку, актыўнай Валянціне яно як раз падыходзіць.

Чытайце таксама: «Па блаце на вокладку». Гродзенкі 50+ зняліся для каталога стыльных вобразаў

"Мне хутка 80, а я фотамадэль!" Навошта даганяць цягнік, які адыходзіць, і чаму не варта баяцца пераменаў, распавялі мадэлі 50+, цырульнікі і стылісты
Крыс Юнікорн, стылістка

Стылістка з Кіева Крыс Юнікорн распавяла Hrodna.life, што вобраз трэба ствараць зыходзячы з тыпу фігуры, колератыпу і ладу жыцця.

«Варта пазбягаць цемры бліжэй да твару, супербуйных прынтаў, залішне вузкіх сілуэтаў. Калі нейкія ўзроставыя змены не хацелася б дэманстраваць, варта ўлічваць гэта пры стварэнні лукаў».

Таксама стылістка рэкамендуе мадэлям 50+ выбіраць натуральныя тканіны і зручны абутак.

Крыс Юнікорн лічыць, што цяпер узроставыя межы — паняцце адноснае, і для мадэляў 50+ ёсць добрыя перспектывы.

Хутка 80 гадоў, а я фотамадэль!

Першымі, каму выслала свае «мадэльныя» фатаграфіі Валянціна, сталі сын і ўнучка. Адказы прыйшлі з клічнікамі.

«Думаю, значыць ёсць яшчэ порах у парахаўніцах, — кажа Hrodna.life Валянціна. — Калі „Прыгажуня!“ і „Клас!“, адчуваеш сябе больш упэўненай». З планаў на бліжэйшы час у Валянціны — трапіць у гандлёвыя цэнтры і падабраць сабе адзенне, каб ісці «ў нагу з модай». Для праекта адзенне мадэлям прадаставіў салон «Марго».

Сабраць вобраз — «кайф» для спецыялістаў з індустрыі моды

«Зрабіць кліента прыхільным да сябе, падабраць вобраз і падняць настрой пры куплі - гэта кайф», — распавяла Hrodna.life гаспадыня салона адзення «Марго» Маргарыта Палуйчык. У яе краме ёсць моднае адзенне ад 40 да 62 памераў. Узрост кліентак і памер адзення, лічыць Маргарыта, не падстава адмовіцца ад жадання быць стыльнай і добра выглядаць: «У нас ёсць сталая кліентка, якой ужо больш за 80 гадоў».

мода и стиль 50+ одежда
Маргарыта Палуйчык, гаспадыня крамы «Марго», якая прапанавала адзенне для здымак праекта. Маргарыта распавяла Hrodna.life, што думае пра сваіх пакупніц яшчэ пры адборы тавару. Нават у думках прымярае адзенне на тую ці іншую са сталых кліентак. І пазнае рэчы са сваёй крамы ў горадзе нават праз 10 гадоў. Фота: Ірына Новік

Пры падборы гардэроба ў «Марго» не баяцца прапаноўваць кліенткам новыя вобразы. Часам яны такія, якія самі жанчыны не адважыліся б прымерыць на сябе. «Мы разбіваем стэрэатыпы. Бывае, жанчына прыходзіць і кажа, што ніколі штаноў не насіла, а ад нас сыходзіць са штанамі», — распавяла гаспадыня салона. Другое правіла Маргарыты — прыслухоўвацца да меркавання кліентак.

Чытайце таксама: «Пани Элиза была бы счастлива». Гродненки 50+ станцевали в честь писательницы и снялись для модного каталога

«Як на дошцы гонару»

Да здымак у праекце Жанна думала, што не любіць фатаграфавацца, але працаваць з Ганнай Малашэняй і Кацярынай Урублеўскай ёй спадабалася.

«Усё залежыць ад прафесіяналізму фатографа, ракурсу, абранай паставы і правільна падабранага святла. Яны малайцы, стараліся, падыходзілі да кожнага індывідуальна», — распавяла пра фотасесію Жанна. Ідэя размясціць фота мадэляў 50+ на сіцілайтах ў горадзе ў Жанны Крыжаноўскай выклікае цікаўнасць і хваляванне: «[Гэта] як на дошцы гонару, напэўна?», — параўноўвае яна.

На курс «Стыльная Я» 65-гадовая Жанна Крыжаноўская запісалася «з цікаўнасці». Там даведалася, як спалучаць колеру ў адзенні і што такое гардэробная капсула. На «ператварэнні» Жанне спадабалася новая стрыжка. А макіяж падаўся нязвыкла яркім: «я люблю больш спакойна, цені мне не вельмі спадабаліся і вейкі накладныя таксама».

«На перамены наважваюся рэдка»

Майстры салона прыгажосці «Калібры» Вета Луцыў і Вольга Бандарэвіч распавялі Hrodna.life, што на сур’ёзныя перамены ў знешнасці жанчыны 50+ вырашаюцца рэдка. Хоць сярод кліентак цырульнікаў такіх прыкладна палова.

«Большасць робяць кароткія стрыжкі і фарбуюцца ў светлы колер, каб сівізна не вылучалася пры адрастанні», — распавялі майстры аб практычных паўсядзённых запытах кліентак 50+.

мода и стиль 50+
Веце Луцыў 23 гады, у салоне «Калібры» працуе трэці год. Да праекта дзяўчына рэдка звяртала ўвагу, як апранаюцца жанчыны 50+. Зараз кажа, калі будзе самой 50+, хоча быць дагледжанай і прыгожа апранацца. Цырульніца распавяла, што дапамагае маці ствараць модны лук: «Раней мама са мной хадзіла выбіраць, цяпер я хаджу з ёй», — кажа Вета
мода и стиль 50+
Стылістка Вольга Бандарэвіч распавяла Hrodna.life, што яе першай кліенткай 50+ стала маці. Для яе Вольга — асабісты стыліст. Падказвае, якую лепш зрабіць прычоску і раіць, што надзець. «Але бывае цяжка перадужаць мамчыну думку, што «я ўжо старэйшая і не магу такое насіць». Вольга ў адказ сцвярджае, што ўсё пазнаецца ў параўнанні - трэба спрабаваць і прымяраць на сябе новыя вобразы

«Самае складанае ў працы з мадэлямі 50 + тое, што яны ўжо звыклі да свайго вобразу. Змена іміджу не заўсёды па душы. Трэба падыходзіць да гэтага вельмі асцярожна. Вялікі плюс [праекта з ператварэннем], што жанчыны наважыліся на перамены. Яны вялікія малайцы. Мы рады папрацаваць з імі», — кажа вядучая спецыялістка Вольга Бандарэвіч.

Прычоска, каб «адчуць сябе на стылі»

"Мне хутка 80, а я фотамадэль!" Навошта даганяць цягнік, які адыходзіць, і чаму не варта баяцца пераменаў, распавялі мадэлі 50+, цырульнікі і стылісты
Ала Янчук, гаспадыня салона прыгажосці «Калібры»

«Памяняць стыль, амаладзіць, зрабіць іншы погляд, надаць упэўненасці - усё гэта можа новая прычоска, — распавяла Hrodna.life Ала Янчук, гаспадыня салона прыгажосці „Калібры“. — Калі жанчыне падабаецца сваё адлюстраванне ў люстэрку, гэта дае ёй упэўненасць у поспеху».

Гэты праект не першы на рахунку салона. «Мы любім ўдзельнічаць у бурным жыцці горада, каб яго разнастаіць. І на бязвыплатных пачатках дапамагаем», — распавяла Hrodna.life Ала. Але майстры салона працавалі з мадэлямі 50+ упершыню. На думку Алы, гэта магчымасць паказаць усім гродзенкам — пры жаданні можна памяняць сваю знешнасць у любым узросце.

Галоўны лайфхак, як добра выглядаць, Ала Янчук падгледзела ў сваёй маці. Гэта — не замыкацца на праблемах, мець стасункі з моладдзю і надаваць увагу сабе. Гаспадыня салона прыгажосці ўпэўненая: «Усе жанчыны прыгожыя, абсалютна ўсё. Стыль ёсць у кожным чалавеку».

Чытайце таксама: