Гродзенцу Ягору Чэкелю 21 год. Тры гады таму, калі ён вучыўся на другім курсе ўніверсітэта, у яго з’явілася ідэя адкрыць фудтрак, дзе будуць выпякаць трдзельнікі. Як за гэты час развіўся бізнес, расказаў av.by.

Памятаеце фудтрак з трдзельнікамі на набярэжнай? Аказваецца, такіх ужо два - іх адкрыў гродзенец, пакуль вучыўся ва ўніверсітэце
Ягор Чэкель. Фота: av.by

Пасля школы Ягор паступіў у Інстытут бізнеса БДУ у Мінску. «Брат майго найлепшага сябра ў гэты час адкрыў тут першы міні-фуд-трак з трдзельнікамі. Ён сам шмат разоў быў у Чэхіі, адтуль і прывёз гэтую ідэю. А рэалізоўваеў яе цалкам сам. Самастойна ствараў рэцэптуру, шмат працаваў над ёй, удасканальваў яе. Мне спадабаўся гэты трак — і я прапанаваў яму адкрыць такі ж у Гродне», — сказаў Ягор Чэкель.

Хлопцы знайшлі 30-гадовы Volkswagen LT у Брэсцкай вобласці. Мясцовы фермер перавозіў на ім гародніну. Хлопцы набылі грузавік, адвезлі яго на лецішча пад Мінскам і заняліся рамонтам.

Рамонт каштаваў у пяць разоў больш за сам грузавік

Хлопцы набылі грузавік за $ 1,3 тыс. На рамонт, які цягнуўся два месяцы, сышло прыкладна $ 7 тыс. Частку грошай Ягор меў адкладзеных, часткай дапамагла сям’я.

«У школьныя часы я займаўся настольным тэнісам. Удзельнічаў у турнірах, займаў прызавыя месцы і атрымоўваў за гэта ўзнагароды. Штосьці адклаў, дзесьці дапамагла сям’я», — сказаў Ягор.

Фургон хлопцы рамантавалі штодзённа. Яны самі ўцяплілі яго і абшылі нержавейкай, правялі электрыку і зладзілі асвятленне. Таксама яны зрабілі дадатковыя сталы і паліцы для захавання посуду.

Звонку яны хацелі зрабіць фургон такім, каб ён адрозніваўся ад астатніх і перадаваў дух Чэхіі. Трэба было зрабіць акно для раздачы, драўляную абіўку і адкідную дзверцу.

Памятаеце фудтрак з трдзельнікамі на набярэжнай? Аказваецца, такіх ужо два - іх адкрыў гродзенец, пакуль вучыўся ва ўніверсітэце
Фургон Trdlo house. Фота: av.by

Запусцілі бізнес нягледзячы на каранавірус

Летам 2020 года фургон размясцілі на набярэжнай Нёмана, дзе летам збіраецца моладзь. Нягледзячы на пандэмію каранавіруса, бізнес пачаў працаваць.

«Я не магу сказаць, колькі дакладна ў нас атрымалася зарабіць у першы год, бо ўвесь прыбытак мы ўкладалі ў рэкламу і ўдасканальвалі сваю справу, — сказаў Ягор. — Напрыклад, вельмі хутка мы зразумелі: да трдзельніка патрэбна добрая кава. Нам прыйшлося купляць абсталяванне і адукоўваць нашых супрацоўнікаў - наймалі барыста для гэтага».

Трдзельнік — традыцыйная страва ў Цэнтральнай Еўропе, салодкая выпечка, якая паходзіць з рэгіёна Загор’е. Вырабляецца з абкручанага вакол кія цеста, пасмажанага на грылі і пасыпанага цукрам, змяшаным з арэхамі і карыцай.

Праз два гады адкрылі новую кропку

Гродзенцы выпечку прынялі, таму ў хлопцы вырашылі адкрыць яшчэ адзін фудтрак з трдзельнікамі. Новы фургон размясцілі летам 2022 года ў лесапарку Пышкі на «сцежцы здароўя».

Яны былі адзіныя, хто ўдзельнічаў у аўкцыёне на права арэнды ўчастка, таму заплацілі мінімальную стаўку — 200 рублёў.

Чытайце таксама: «Піца гатуецца да 90 секунд». Браты з Гродна адкрылі першы ў Беларусі піцатрак

Больш за ўсё грошай сыходзіць на арэнду

«Самая вялікая частка выдаткаў - гэта арэнда. Мы ў сезон плацім каля 750 рублёў. Па-за сезонам — 300−400. Электрычнасць падключана да суседняга будынка „Зелянбуда“ і каштуе ў сярэднім 400 рублёў. Тут энергазатратнае абсталяванне — печ, кава-машына, да і атапліваць зімой трэба. На падаткі сыходзіць 20% ад прыбытку. Воду мы купляем бутэлькавую», — сказаў Ягор.

Якія заробкі ў супрацоўнікаў, уласнік трака не расказаў, але запэўніў, што дастойныя і вышэй, чым у людзей, якія працуюць у падобных месцах.

Тры-чатыры месяцы ў год кропка на набярэжнай не працуе. Яе закрываюць на зіму, бо ў гэты перыяд яна не вельмі прыбыткова. У Пышках фудтрак працуе цэлы год.

Памятаеце фудтрак з трдзельнікамі на набярэжнай? Аказваецца, такіх ужо два - іх адкрыў гродзенец, пакуль вучыўся ва ўніверсітэце
Фургон Trdlo house. Фота: av.by

Колькі каштуе трдзельнік

Цана аднаго трдзельніка — 4 рублі. Дадаткова трэба заплаціць 2,5 рублі за начыненне. Іх у Пышках набываюць матулі, якія гуляюць з дзецьмі, сем'і, сталыя людзі. «Хтосьці прыязджае да нас спецыяльна па трдзельнік, бо ў горадзе больш такіх ніхто не пячэ», — сказаў Ягор.

Па жаданні кліента трдзельнік могуць напоўніць начыненнем, а таксама абсыпаць карыцай. Нягледзячы на тое, што трдзельнік лічаць дэсертам, хлопцы распрацавалі спецыяльнае начыненне для тых, хто хоча шчыльна перакусіць — з сырам крэм-чыз і беконам.

Сабекошт трдзельніка Ягор не ведае, бо ніколі не падлічваў. «Магу сказаць дакладна, што мы не эканомім на прадуктах. Купляем муку толькі прэміяльнай якасці».

У будучыні хлопец хоча запусціць франшызу па выпечцы трдзельнікаў. Пакуль іх гатуюць толькі ў Гродне і ў Мінску.

Чытайце таксама: Гродзенец уклаў больш за $ 15 000 у фудтрак і паставіў яго ў вёсцы. Грошы вярнуліся ўжо за год