Аляксандр пачаў працу над сваім праектам «Лихой топор» летам 2016 года. За некалькі месяцаў блогеру ўдалося сабраць больш за 20 000 падпісчыкаў на сваім канале, але гродзенцаў сярод іх няшмат. З дапамогай якасных відэасправаздач ён прасоўвае свае незвычайныя вырабы і майстэрню.

На канале «Лихой топор» блогер дае майстар-класы па вырабе падвесак, пярсцёнкаў, кулонаў, бранзалетаў, розных прадметаў з камп’ютарных гульняў ды іншага.

«Мне заўсёды падабалася працаваць з відэа — здымаць, апрацоўваць, рабіць нешта рукамі. А цяпер у мяне з’явіўся час. YouTube дае магчымасць дзяліцца творчасцю, што вельмі для мяне важна. Усё самае любімае для мяне склалася ў адно цэлае», — кажа хлопец.

https://www.youtube.com/watch?v=AodQtubJ2oM

«Працуем як апантаныя»

Праекту «Лихой топор» усяго паўгода і, як лічыць Аляксандр, да ідэальнай карцінкі яму далёка. Але з кожным відэа ён і яго каманда стараюцца палепшыць якасць.

«Часам нашы здымкі зацягваюцца да ночы, бо пакуль ёсць запал — працуем як апантаныя. На канале ўсе бачаць толькі верхавіну айсберга, сам вынік, да якога мы ішлі праз мноства няўдалых кадраў, адпрацаваных нарыхтовак і непрацуючых ідэй. Галоўнае, што мы ведаем дзеля чаго ўсё гэта робіцца. Гэта і з’яўляецца нашым галоўным матыватарам і рухавіком на шляху да якасці».

На адно відэа — два-тры тыдні

У камандзе Аляксандра тры чалавекі. Сам Аляксандр генеруе ідэі і ўвасабляе іх у жыццё, а таксама асвятляе ўвесь працэс, яго дзяўчына Оля займаецца відэа- і фотаздымкай, сябар Дзіма займаецца мантажом. Па магчымасці каманда прасоўвае канал «Лихой топор» у сетцы.

«Кожны наш выпуск індывідуальны. Часу на падрыхтоўку, здымкі і мантаж сыходзіць па-рознаму, у асноўным ад тыдня да трох на адно відэа. Таксама было мноства праектаў, якія так і не пабачылі свет. Напрыклад, летам мы два тыдні здымалі ролік, у якім я хацеў злучыць расплаўлены метал з натуральным каменем. Нічога не выйшла. І гэта не адзінкавы выпадак».

Канал глядзяць на ўсёй постсавецкай прасторы, таму працэнт гродзенцаў у выніку невялікі. Але Аляксандр упэўнены, што калі гродзенцам трэба будзе, то і яны яго ўбачаць.

«Мой канал накіраваны на аматараў ручной працы — handmade або DIY [Do It Yourself — зрабі гэта сам — рэд.]. Мы стараемся рабіць яго жывым і цікавым, каб ахапіць і забаўляльны сегмент. Жорсткіх узроставых або гендарных рамак аўдыторыі не праглядаецца, нас глядзяць як школьніцы, так і брутальныя мужыкі».

Сядзець на двух крэслах усё больш складана

З дапамогай канала на YouTube Аляксандру ўдалося папулярызаваць свой прадукт. Але ўжо зараз гродзенец адчувае, што перад ім неўзабаве стане выбар — тварыць або займацца замовамі.

«YouTube апынуўся выдатнай рэкламнай пляцоўкай, я ўсім раю. Напэўна, адбіваецца тое, што людзі бачаць жывога чалавека, працэс вырабу і сам прадукт без рэкламных прыўкрас. Відэа папулярызуе наш прадукт, але гэта ніколі не былосамамэтай, бо ў першую чаргу мы за эксклюзіў. Вельмі хочацца кожны выраб зрабіць адзіным і непаўторным, не ператвараць справу ў канвеер.

З кожнай наступнай тысячай падпісчыкаў я стаў разумець, што сядзець на двух крэслах адначасова ўсё больш складана. Хутка трэба будзе расстаўляць прыярытэты: альбо займацца замовамі, альбо тварыць".

У Гродне прадукцыя Аляксандра нідзе не прадстаўлена ўжывую. Хлопец — рамеснік і кожны заказ разглядае індывідуальна.

«Многія пытаюцца, чаму „Лихой топор“. Назва была прыдумана задоўга да таго, як з’явіўся сам праект. Нам хацелася чагосьці самабытнага, славянскага і запамінальнага, а так як мы займаемся ручной працай, часцяком з досыць брутальных матэрыялаў (дрэва, камень, метал), то як ні круці, усе вылілася менавіта ў такую назву. Яна выдатна характарызуе наш стыль і падыход да справы».