«Возім з сабой тарку для дранікаў». Беларуска з сябрам амаль год падарожнічаюць па свеце без запасу грошаў

24-гадовая Алена Касянчук пасля абароны дыплома паехала з сябрам у падарожжа даўжынёй у год. З сабой яны ўзялі 300 долараў, намёт, два невялікія заплечнікі асабістых рэчаў і музычны інструмент, падобны да лятаючай талеркі. Як зарабіць у чужой краіне без ведання мовы, чаму ў Іране п’яных караюць палкамі і навошта ў дарозе тарка для дранікаў, Алена расказала Hrodna.life з тайландскага горада Канчанабуры.

«Жаданне падарожнічаць нарадзілася разам са мной»

Алена Касянчук з Мазыра больш вядомая пад псеўданімам Птушка. Вучылася на факультэце журналістыкі ў Гродне. Падчас студэнцтва выдавала часопіс «Lo_ok». Як толькі скончыла вучобу і перастала быць прывязанай да месца, вырушыла ў вялікую вандроўку са сваiм хлопцам Антонам.

— Мне падаецца, жаданне падарожнічаць нарадзілася разам са мной. Яшчэ падлеткам я ўвесь час спрабавала з’ехаць з роднага Мазыра і наведаць іншыя гарады: Жлобін, Гомель, Рэчыцу. Але з-пад бацькоўскага кантролю мяне далёка не адпускалі, — распавядае дзяўчына.

У 18 год Алена ўпершыню зрабіла візу і паехала ў Літву. На першае самастойнае падарожжа аўтаспынам вырашылася ў 19 год — у Крым (2013 год). Пасля былі экафестывалі «Вясёлкі» ў розных краінах. Пасля іх дзяўчына яшчэ больш захацела быць бліжэй да прыроды, больш знаёміцца з людзьмі, пазнаваць сябе і падарожнічаць.

За восем месяцаў — 14 краін

У вялiкае падарожжа Алена і Антон выехалі з Гродна летась у верасні. У планах было аб’ехаць за год амаль усю Еўропу і Азію і праз Расію вяртацца дадому. Аднак па дарозе маршрут змяняўся: праз жаданне застацца дзесьці даўжэй, з-за коштаў на білеты або візавых пытанняў.

Алена і Антон
Да прыкладу, каб паехаць у Іран, трэба рабіць візу загадзя па запрашэнні мясцовага жыхара. Каштуе яна столькі ж, колькі квіток на самалёт з Турцыi. Калі дабірацца самалётам, то візу адзначаюць па прылёце. Для беларусаў яна каштуе ўсяго 25 еўра.

За восем месяцаў — 14 краін: Польшча, Славакія, Чэхія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя, Македонія, Албанія, Грэцыя, Турцыя, Іран, Малайзія, Тайланд, Сiнгапур, зноў Грэцыя i Турцыя. Амаль паўсюль ехалі па зямлі, часта аўтаспынам, ляцелі толькі з Турцыi ў Iран, з Iрана ў Малайзiю i з Малайзii ў Грэцыю. Недзе былі пару дзён, а недзе — месяц.

— Мяне замілоўвае пытанне: «Колькі краін ты наведаў?«. Бо гэта не так істотна, як колькі дзён ты там прабыў. Можна палічыць, што я была ў Турцыі, як у адной краіне. А можна сказаць, што я наведала яе чатыры разы і пражыла там больш за тры месяцы жыцця, — кажа Алена.

Зарабляюць «чорнай» працай, дыстанцыйна або музыкай

Сталага заробку ў маладых людзей цяпер няма, запасу грошаў у кішэнях таксама. Але ім ёсць, што есці, дзе ночыць, яны маюць сродкі на квіткі і неабходныя рэчы. Да прыкладу, адносна танныя квіткі на самалёт у Малайзію каштавалі 400 долараў.

Турцыя
У Тайландзе пара працавала ў рэзорце, як валанцёры, мела ежу і дах над галавой.

— Мы знайшлі заяўку на «хэлпксе»: патрэбныя валанцёры дапамагаць па садзе ў рэзорце. Гаспадар — дзядуля Ёт, таец. Мы працуем па 3−4 гадзіны ў дзень. Часта на пытанне «Што трэба рабіць» чуем «Спачатку адпачніце». Насамрэч, тут шмат працы. Ёт з сынам усяго некалькі месяцау на «хэлпксе», яшчэ пачаткоўцы, і, можа, трошку саромеюцца загружаць нас. Але тут самой хочацца нешта рабіць для іх. Вось я палю кветачкі.

Часам маладзёнам дасылаюць замовы на дыстанцыйную працу: транскрыбаваць аўдыёзапіс.

Але галоўны занятак Алены, які прыносіць сродкі для існавання або месца начлегу, — ігра на хэндпане. Гэта металічны інструмент, па форме падобны да НЛА. Гукі з яго выдабываюць лёгкімі ўдарамі па адмысловых месцах-нотах.

Упершыню пачала граць на пляжы ў Турцыі

Алена раней ніколі не займалася музыкай. Пачала, дзякуючы падарожжам. Упершыню паспрабавала граць на падобным інструменце ў Турцыі два гады таму.

Турцыя
— Мы жылі на пляжы. У маёй сяброўкі быў вялікі глюкафон — інструмент, падобны да хэндпану, але граць трэба палачкамі. Два вечары на пляжы яна выстуквала рытм на барабане, а я грала яго прасцейшай мелодыяй. Па прыколу мы паехалі ў Анталію і пагралі на вуліцы. Сабралі вялікі натоўп туркаў. Нам накідалі шмат манет.

Дасканаліла музычныя ўменні падчас зімоўкі ў Пецярбурзе. Усяму вучылі новыя сябры і знаёмыя. Шчыры дзякуй Пашы Аеону, беларусу, які цяпер выкладае ў Піцеры і лічыцца адным з лепшых хэндпан-настаўнікаў СНД-прасторы.

Праз два месяцы навучання Алена прыдбала свой уласны хэндпан. Яны каштуюць ад 1000 долараў. Сапраўдных майстроў, якія ўмеюць рабіць хэндпаны, у свеце ўсяго каля сотні.

«Людзі могуць спяшацца па справах, пачуць музыку і заліпнуць на 15 хвілін»

Цяпер музыка для Птушкі стала служэннем для людзей па ўсім свеце.

— Часам рэакцыя мінакоў неверагодная. У Ісландыі падыйшоў дзядуля са слязмі на вачах: «Як жа так атрымліваецца? Такая неверагодная музыка. Я ўсё сваё жыццё ўзгадаў. Яно прайшло перад маімі вачыма«. Я ўпэўненая, што гэта не тэхнічная частка, бо тэхнічна я граю вельмі простыя рэчы. Але інструмент новы, незвычайны, гучыць і выглядае чароўна.

Калі я грала ў Іране, цётачка падыйшла, пацалавала мяне ў шчоку і пайшла далей, нічога не кажучы. Часам падсаджваюцца музыкі: «Які прышпільны інструмент. Заўсёды марыў з ім паджэміць«.

Падарожніца не саромеецца прасіць ахвяраванні або начлег за сваю ігру.

— Раней у людзях, якія граюць на вуліцы, я бачыла папрашаек і выпівох. Зараз бачу, якія гэта розныя людзі, якія ў іх цікавыя лёсы. Калі сама пачала граць, для мяне гэта было, як духоўная практыка, медытацыя. Гукі хэндпана незвычайныя. Людзі могуць спяшацца па сваіх справах, пачуць музыку, спыніцца і заліпнуць на 15 хвілін, лыпаючы вачыма, забываючыся, куды ішлі і навошта.

«Мы возім з сабой тарку для дранікаў»

Маладзёны не бачаць нічога заганнага і ў тым, каб аўтаспыніць або бясплатна ночыць у незнаёмых.

— Можа, напачатку мне і было сорамна. Але я ўжо не магу ўзгадаць гэты час. Ты спрабуеш чалавеку дапамагчы, каб ён раскрыў сваё сэрца. Калі яны нас падвозяць, робяць добрую справу. Пасля ім добра на душы.

Калі мы прыходзім на начлег, то не адчуваем сябе, як у гатэлі, што нам усё належыцца. Калі дома ёсць дзеці, мы робім невялікае свята для іх. Я размалёўваю дзецям твары. Антон умее жангляваць. Мы возім з сабой тарку для дранікаў. У любой незразумелай сітуацыі можна пачаць гатаваць дранікі. Гэта вандроўны цырк, карнавал для людзей, якія хочуць нас запрасіць.

Тое самае датычыць каўчсёрфінгу. Ты запрашаеш чалавека бясплатна, але гэта абмен досведам, уменнямі, дапамогай.

Часам мы ўпісваемся ў шыкоўных, прыгожых пакоях, і там спрабуем стварыць свята. А часам — у забітых халасцяцкіх кватэрах. Прыбіраемся там, калі гаспадар сыходзіць. Ён вяртаецца, а дома парадак.

Часам гэта несумленны абмен: чалавек нас падвозіць, а мы яму нічога не даем. Але пасля на вуліцы мы можам некаму нешта падараваць або дапамагчы. Гэта пра «рабі дабро«. Калі чалавек хоча зрабіць дабро, гэта здорава для яго і для нас. Незразумела, чаго саромецца. А калі не хоча, значыць, не хоча. Мы не крыўдуем.

«Калі аўтаспыніш усю ноч пад дажджом, то хочацца да цёплага коціка пад плед»

У дарозе не абыходзіцца без цяжкіх момантаў. Тады ратуе сябар і дыханне.

— Мне вельмі пашанцавала з Антонам. Ён старэйшы за мяне на 9 год і мудрэйшы на 150. Калі я пачынаю закатваць істэрыкі, ён лёгка мяне супакйовае. Гэта пытанне гармонаў і пачуццяў ненатрэнаванага стану розуму, калі расстройваешся з-за дробязі, выходзіш з сябе. Цяпер я вывучаю метады супакаення розуму, практыкую буддыйскія медытацыi. Калі разумееш прычыну свайго стану, прасцей назiраць за сабой.

Узбярэжжа Каспійскага мора
Бывае, што апускаюцца рукі. Калі аўтаспыніш усю ноч пад дажджом і ўвесь змерз, то хочацца дадому, да цёплага коціка пад плед. Але потым усё праходзіць.

У падарожжы ты можаш паглядзець на прычыны сваіх цярпенняў. Дома ўсё згладжваецца. Калі табе кепска, паглядзеў тэлевізар, або чым яшчэ людзі абстрагуюцца. А тут ты стаіш пад дажджом і нічым не адцягнеш увагу. Хочаш, працуеш над сабой, хочаш не.

«Дадому цягне, каб абняць родных і далей ехаць па свеце»

— Я доўга ўзіралася ў гэты стан «хочацца дадому«. Часам хочацца адпачыць ад дарогі, ад пастаяннага пошуку начлегу, ежы, пошуку месца, дзе граць музыку. А дадому хочацца проста, каб абняць родных і далей ехаць па свеце.

З роднымі падарожніца ладзіць відэа-канферэнцыі. Кажа, што адносіны на адлегласці палепшыліся.

— Цяпер бацькі менш мяне кантралююць, бо бачаць, што я не адна. Стараюся званіць ім адусюль, дзе ёсць інтэрнэт. Паказваю, дзе мы жывем, што мы ямо. Мне падаецца, яны нават радыя за мяне. Няхай і не да канца прызнаюцца ў гэтым. Мы не гаворым пра важныя пытанні. Я маме паказваю бананы, яна мне — кансерваваныя памідоры ў слоіку.

Канешне, яны хочуць, каб я вярнулася дадому, афіцыйна вышла замуж, нараджала ім шмат унукаў, пайшла на нармальную працу, каб усё было стабільна. Але цяпер, калі ў нестабільным падарожжы я жыву шчаслiва, яны сталі за мяне больш спакойныя.

«Мы перараслі рамантычную фазу»

Падчас «ваколсветкі» Алена змяніла статус у сацсетках з «закаханая ва ўвесь свет» на «заручаная». Да зменаў падштурхнуў Антон.

Малайзія
— Падчас падарожжа мы перараслі рамантычную фазу, сталі вельмі добрай камандай. Гэта татальны давер, уменне станавіцца на пункт гледжання іншага. Менш страсцей, а любові і пяшчоты па-ранейшаму шмат.

Алена мяркуе, што пары варта ехаць у вялікае падарожжа перад шлюбам, каб хутчэй адкрыць для сябе другого чалавека.

— Бачыш тое, чаго раней не заўважаў. Калі пасля падарожжа вы вырашыце расстацца, то добра. Значыць, вы не згубіце 5 год сямейнага жыцця, каб зразумець, што вы хочаце развесціся. Калі вам не па дарозе, то цягнуць некага за сабой не зусім правільна.

Не хочацца загадваць на будучыню і будаваць планы. Яшчэ год таму мы думалі, што класна было б ездзіць па ўсім свеце і браць шлюб па абрадах кожнай краіны. Але гэта больш пра знешняе.

«Не хочацца займацца лухтой»

Кім Алена будзе, калі вернецца, яна яшчэ не ведае.

— Я б хацела рабіць карысныя рэчы для людзей. Я магу рабіць гэта і цяпер. Класна было б пабудаваць дом, нараджаць дзяцей, адкрыць хэндпан-школу. Я магу займацца журналістыкай. Варта заняцца тым, якіх уменняў будзе больш, набытых у падарожжы. Хочацца далей займацца музыкай. Магчыма, я застануся ў Тайландзе, пагалюся нагала, апрану аранжавыя адзенні і застануся ў кляштары. Не хочацца памыліцца, займацца лухтой таксама не хочацца.

Прыгоды ў Ісландыі

Да гэтай вялікай вандроўкі для Алены самай блізкай сэрцу краінай была Ісландыя. Яна лятала туды летась на 10 дзён адна і аб’ехала ўвесь востраў. З сабой амаль не было грошаў, а з рэчаў толькі хэндпан і некалькі сукенак. Выбіраючы паміж намётам і спальнікам або інструментам, абрала апошняе.

Ісландыя
Падарожжа напачатку падавалася фатальным. Немагчыма было граць на вуліцы з-за залевы і холаду. Птушка ехала аўтаспынам вакол вострава.

— Ва ўсёй Ісландыі жыве людзей, як у Гродне. Усё, што па-за Рэйк’явікам — вёска. За першы дзень я праехала чацвёртую частку вострава. Першую ноч спала ў памяшканні кемпінга побач з пральнымі машынамі, душам і прыбіральняй, каля батарэі, абняўшы інструмент. За другі дзень праехала яшчэ чвэрць вострава. На ноч спынілася ў паўночнай сталіцы — горадзе Акюрэйры.

Ночыць не было дзе. Кемпінг быў без даху, а спаць на вуліцы не дазваляла надвор’е.

— Я ішла вельмі стомленая па горадзе. Паграла на хэндпане і награла крыху грошаў. На наступны дзень змагла б зарабіць на хостэл. Але яшчэ адну ноч трэба было не спаць. Гэта вельмі цяжка. Я пачала плакаць. Ішла па горадзе, быў палярны дзень, увесь час светла.

Убачыла хлопца з двума сабакамі і роварам. У яго паторгвалася вока, рука, сам ён выглядаў не вельмі адэкватна. Ён падыйшоў да мяне, паказаў скрутак з рэчывамі і сказаў: «Хадзем на паці«. Я спачатку адмовілася. А пасля зразумела, што гэта адзіны шанец пераночыць пад дахам. Насустрач выйшла жанчына, запрасіла ў хату і сказала, што плаціць не трэба.

На вуліцы Ісландыі
Мы зайшлi у дом. Першыя пяць хвілін усё было вельмі жорстка. Там адбывалася нешта дзіўнае. Акрамя мяне там быў хлопец з траўкай, жанчына з пілой у руках і мужчына, які глядзеў у адну кропку шкляным позіркам. Відаць, яны былі пад рэчывамі. Яны казалі па-ісландску, іх было цяжка зразумець.

Вялікія сабакі пачалі брахаць. Я села на канапу. Адзін сабака заскочыў на мяне. У гэты момант было вельмі страшна. Шлях да дзвераў быў перакрыты. Я ўзгадала, што толькі стан майго розуму вызначае шлях, як напісана ў кніжках. І проста пачала дыхаць.

Калі расплюшчыла вочы, апынулася, што сабакі лаялі, бо гаспадар хацеў паказаць мне, як адна сабака можа абараніць мяне ад другой. Жанчына з пілой рыхтавала для мяне пакой, і там нешта трэба было падпілаваць. Яны павесілі ружовых матылькоў на сцяну і пакойчык стаў мілейшы.

Я паграла музыку, ім вельмі спадабалася. На наступны дзень пагаварылі. Высветлілася, што гэты сталы мужчына — адзін з самых знакамітых маракоў Акюрэйры. У яго было некалькі караблёў, жонка і дачка. Дачка памерла, і ў яго пачаліся праблемы з псіхікай. Ён пачаў піць, ужываць наркотыкі. Ранкам гэтыя мілыя ісландцы сказалі, што я магу застацца ў іх так доўга, як трэба. Пасля гэтага падарожжа пачало нагадваць чараўніцтва. Было, дзе ночыць і з кім ехаць.

Мае паводзіны былі ў пэўнай ступені неразважнымі. Паехаць на ледзяны востраў без намёта і спальніка можа быць крыху наіўна і дзіка. Але я выжыла.

У Іране за алкаголь караюць палкамі

Самыя гасцінныя і адкрытыя людзі сустрэліся ў Іране. Нягледзячы на тое, што краіна закрытая. А можа, нават дзякуючы гэтаму.

Востраў Хармуз, Іран
— Калі яны расказвалі нам пра свае законы, мы зразумелі, што ў Беларусі ў параўнанні з імі найвышэйшы росквіт дэмакратыі. Мы гралі там на вуліцы. Да нас падыйшла паліцыя і, нічога не тлумачучы, пацягнула за інструменты да машыны. Нас разам з машынай акружыў натоўп іранцаў. Падбег чалавек і сказаў, што мы будзем граць у яго вялікай краме, папрасіў нас не чапаць.

У Іране, асабліва ў малых гарадах, на вуліцы падыходзяць людзі і запрашаюць дадому, бо ім цікава камунікаваць з замежнікамі. У іх абмежаваны інтэрнэт. Ім хочацца нешта даведвацца пра знешні свет.

У Іране алкаголь забаронены, як наркотыкі. Яго нідзе не набудзеш у краме. Гэта злачынства і караецца палкамі.

Я заўсёды павінна была насіць хустку. Жанчыны купаюцца ў хустах і цалкам апранутыя.

Іран

На адзін еўра дваім можна сытна паесці

— Мы старемся есці ўсе фрукты і незвычайную ежу, якія сустракаем. Не ямо мяса. Сёння пілі сок з невядомага фрукта. Ён — нібы агромісты аранжавы яблык з пупырышкамі, але без смаку. Азіяцкі дурыян не раю каштаваць. Ён смярдзіць, але тайцы яго вельмі любяць і спрабавалі нас накарміць ім.

Ежу мы набываем на начных рынках. На адзін еўра дваім можна паесці вельмі сытна. Важна пытацца, ці яно не вострае, ці не з мясам. Возім з сабой запас локшыны і рысу.

Ежа таннейшая, чым у Беларусі, амаль паўсюль, дзе мы былі, акрамя Ізраіля, Ісландыі і Грэцыі.

У Турцыі я схуднела, бо мы шмат хадзілі. У Іране зноў набрала вагу, бо нас там закармлівалі, у іх такое правіла.

Гэта не проста з’ездзіў у адпачынак і вярнуўся

У падарожжах я падцягнула замежныя мовы, уменне камунікаваць з зусім рознымі людзьмі. Навучылася зарабляць грошы альтэрнатыўнымі спосабамі: транскрыбавала аўдыёзапісы, малявала аквагрым на твары, падавала гарбату ў турэцкай кавярні, займалася садам.

Турцыя
Пачала займацца музыкай. Цяпер па 2−3 гадзіны граю на вуліцы.

Вызваляюся ад страхаў. Верыш сабе, верыш Сусвету, і ў цябе ўсё атрымліваецца. Чым менш чаканняў, грандыёзных планаў, тым прасцей і прыгажэй яно вымалёўваецца.

Падарожжы дапамаглі мне лепш зразумець сябе, чым я хачу займацца, як я магу развіваць свет і сябе ў свеце.

Гэта пераварот у свядомасці. Гэта не проста з’ездзіў у адпачынак і вярнуўся. Мне страшна думаць пра звычайнае жыццё, працу ў офісе. Мне цяпер будзе патрэбна больш прыроды.

На зімоўку пераедуць у Тайланд

У Тайландзе Птушка зразумела, што зараз ён блiжэй за Ісландыю. Галоўны крытэр — людзі. Таксама важна, наколькі добры аўтаспын у краіне, ці можна граць на вуліцах і выжыць з гэтага. Пара нават вырашыла пераехаць на наступную зiмоўку ў Тайланд.

— Планы на будучыню эфемерная штука. Як у Віталя Рыжкова, ніколі не ведаш, што цябе напаткае наперадзе: прыгажосць, каханне альбо лось. Гэтую вандроўку мы планавалі зрабіць «еўраазіяцкай ваколсветкай». Аднак нешта пайшло не так. Таму мы больш асабліва не плануем, спрабуем жыць тут і зараз. Так весялей і прасцей.

У Таіландзе я наведала два рэтрыты (спосаб манаскага жыцця цягам тыдня) у медытацыйным цэнтры. Першы раз жылі з Антонам у розных інтэрнатах у джунглях. Прачыналіся, а чацвёртай раніцы, медытавалі на розных паловах залі, назіралі дыханне, слухалі лекцыі буддыйскіх манахаў і ўвесь час маўчалі. Я сядзела, нічога не рабіла, ногі зацякалі, спіна ныла. Часам на сэрцы было балюча-балюча. Але праз некалькі дзён я адчула такую цішыню знутры, такую асалоду спакою.

Потым Антон паехаў граць у Малайзію на Кітайскі новы год. Алена вярнулася на рэтрыт адна ў ролі каардынатаркі рускамоўнай групы, бо папярэдняя захварэла.

Кіраўніца цэнтра запрасіла Алену застацца ў Тайландзе. Таму Алена і Антон на лета прыедуць у Беларусь да бацькоў, а восенню будуць шукаць танныя квіткі ў Тайланд.

Планета Зямля не такая ўжо і вялікая

— Усё проста. Важна не ўскладняць. Планета Зямля апынулася не такая ўжо і вялікая, і аб’ехаць яе можна вельмі хутка. Падарожнічаць могуць нават тыя, хто небагаты. Свет не такі закрыты, як здавалася.

Мудрасць, якая прыйшла з падарожжам, — гэта прымаць іншых людзей цалкам. Мы прызвычаіліся думаць: гэты чалавек круты, а гэты не, рабі так, а гэтак не. Кожны чалавек гэта прыўкрасная жывая душа са сваім бачаннем свету, які ідзе сваёй дарогай.

Каб ісці па сваім шляху не абавязкова падарожнічаць. Я сустракала людзей, якія імкнуцца «кайфажорстваваць» у падарожжах — як можна больш жыць за чужы рахунак і нічога не рабіць. Але ў іх звычайна сустракаецца шмат перашкодаў. Аказваецца, што рабіць трэба вельмі шмат, і яны не спраўляюцца. Падарожжа — гэта не ўніверсальнае вырашэнне праблем. Калі хочаце збегчы ад праблем, то падарожжы — самы кепскі спосаб. Тыя ж самыя праблемы будуць ісці па слядах і прымаць яшчэ большыя абрысы.

Я сустракала шмат шчаслівых людзей, якія не падарожнічаюць. Ісці сваім шляхам можна дома, гадуючы дзяцей, займаючыся творчасцю або журналістыкай. Гэтую іскру бачна ў вачах.

Жадаю ўсім знайсці свой шлях і па ім ісці, нават калі будзе здавацца, што ён шалёны, непрывычны, ні да чаго не прывядзе, так не прынята або непрыстойна. Шлях узнікае пад нагамі таго, хто ідзе.


Если вы оказались оторванными от Украины, вы в Крыму, но вся ваша родня в Киеве, к вашим услугам регулярные рейсы из Симферополя в Киев на комфортабельных автобусах.


Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024