Што пісалі пра жыхароў Гродна ў загалоўках СМІ ў 2022 годзе? Звычайна словамі «гродзенец» і «гродзенка» называюць герояў навінаў, калі больш пра іх невядома або астатнія дэталі не асабліва важныя, або калі рэдактар проста не прыдумаў нічога іншага. Мы пашукалі ў інтэрнэце публікацыі са словамі «гродзенец» або «гродзенка» і склалі жартоўны партрэт гэтых двух персанажаў. Вось што атрымалася.

Да гэтага мы ўжо аналізавалі вобраз беларусаў у Польшчы ў навінавых загалоўках. Атрымалася не менш цікава — пачытайце!

Б’ецца, выпівае і сядае ў турму

Галоўная шкодная звычка гродзенца — гэта алкаголь. Пад іх уздзеяннем мужчына здзяйсняе ўчынкі, праз якія трапляе ў міліцыю.

На віно гродзенец не любіць марнаваць грошы, бо можна проста акуратна вынесці яго з крамы. Атрымліваецца не заўсёды. Часам умешваюцца ўважлівыя прадавачкі і выклікаюць ахову. У такіх выпадках нават хуткія ногі гродзенца не ратуюць. Цяпер яму пагражае артыкул за рабунак.

Пасля няўдалых спробаў атрымаць спіртное бясплатна, гродзенец спрабуе папрасіць грошай у мінакоў. Спосаб гродзенец абірае лагічны: каб далі грошай, трэба нешта прапанаваць наўзамен. Напрыклад, 32-сантыметровы кухонны нож, з якім ён настойліва пераследуе мінакоў на вуліцах горада.

Калі гродзенцу становіцца сумна, ён займаецца тэлефонным хуліганствам. Для гэтага гродзенец уключае фантазію і ўяўляе, што ў доме закладзена бомба. Каб прадухіліць неіснуючую аварыю, ён тэлефануе ў газавую службу. Газавікі такі гумар не разумеюць. За жарты гродзенцу пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

У сям'і ў гродзенца праблемы. Ён знаходзіць сваё каханне, але з яе маці пасябраваць не можа. Ганарліваму гродзенцу не падабаецца, што жанчына вучыць яго жыццю. Гродзенец выпівае для смеласці і дзейнічае радыкальна: надзявае на галаву цешчы тры смеццевыя пакеты і спрабуе яе задушыць. Зараз гродзенцу пагражае адразу дзве «крыміналкі» за пагрозу забойствам.

Праз ужыванне спіртнога гродзенец здзяйсняе непапраўныя памылкі. У стане алкагольнага ап’янення ён сядае за стырно і трапляе ў аварыю, у якой гінуць людзі. Гродзенец спрабуе схавацца ад міліцыі, але ў яго не атрымліваецца.

Пасля некалькіх тэрмінаў у турме гродзенец выходзіць на волю і ідзе ў клуб. Нярвовая сістэма ў гродзенца ўжо вельмі расхістаная, ён пачынае канфліктаваць з іншым мужчынам і ўступае ў бойку. Гродзенец аказваецца мацнейшым і збівае суперніка. Той падае і атрымлівае цяжкія траўмы галавы. Цяпер гродзенцу зноў пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Спробы пачаць новае жыццё

Але вось надыходзіць момант, калі гродзенцу становіцца невыносна весці такі лад жыцця. Ён заходзіць у краму, просіць прадаўшчыцу націснуць трывожную кнопку, бярэ бутэльку гарэлкі і кідае яе ў вітрыну з алкаголем. Разбіваюцца пяць бутэлек. Мужчына выходзіць з крамы і чакае міліцыянтаў, каб тыя забралі яго. Гродзенец матывуе свой учынак жаданнем кінуць піць.

Захапляецца аўтамабілямі і спрабуе зарабіць

Гродзенец прымае рашэнне ездзіць у Польшчу па тавар, каб зарабіць на новае жыццё. Яго палохаюць чэргі на мяжы і гродзенец выбірае альтэрнатыўны транспарт — не машыну, а самакат. Так ён эканоміць час і грошы.

Зарабіўшы на продажах, гродзенец адкрывае бізнес. Ён укладвае ў аўтамыйку $ 200 тыс. Гродзенцу падабаюцца машыны і ён знаходзіць спосабы, як на іх зэканоміць. Напрыклад, гродзенец мадэрнізуе аўтамабіль, тэрмін выпуску якога не вызначаны. Дзякуючы гэтаму ён не плаціць транспартны падатак.

На час гродзенец з’язджае за мяжу і аддае машыну сябру. Сябар без дазволу прадае машыну, гродзенец спрабуе знайсці аўто і нават прыязджае дзеля гэтага ў Беларусь. Спробы аказваюцца няўдалымі. Цяпер гродзенец шукае тых, хто дапаможа яму ў пошуках і нават абяцае узнагароду.

Церпіць ад ашуканцаў

Заробленыя грошы гродзенец хоча ўкласці ў крыптавалюту, але трапляе на ашуканцаў. Ён аддае грошы трэйдару, які больш не выходзіць на сувязь. Так мужчына страчвае больш за 10 тыс. руб.

Няўдача працягвае пераследаваць гродзенца, і ён трапляецца на яшчэ адну схему махляроў. Мужчыну тэлефануюць нібыта з банка і паведамляюць пра спробу крадзяжу сродкаў з рахунку. Гродзенец верыць і называе коды актывацыі, якія прыйшлі яму на тэлефон. Праз гэта ён страчвае яшчэ 75 тыс.

Пачаць новае жыццё. Спроба другая

Страціўшы ўсе свае зберажэнні, гродзенец уладкоўваецца ў будаўнічую фірму і з’язджае ў Польшчу. Там у яго атрымліваецца трохі зарабіць, але ўмовы жыцця мужчыну не задавальняюць. Ён вяртаецца ў Беларусь і ідзе працаваць у «Е-дастаўку».

Гродзенец любіць спяваць і нават выйграе ў музычным конкурсе.

Паралельна з працай у «Е-дастаўцы» гродзенец навучаецца праграмаванню, знаходзіць працу праз LinkedIn і пераязжае ў Канаду.

У гродзенкі таксама шмат праблем

Перад Новым годам гродзенка перавяла ашуканцам амаль 11,5 тыс. рублёў. Па Viber ёй патэлефанаваў мужчына, прадставіўся супрацоўнікам банка і папрасіў узяць крэдыт. Гэта нібыта дапамагло б банку ў працы з выяўленнем махляроў. Гродзенка паверыла, узяла крэдыт і перавяла гэтыя грошы ашуканцу.

З аднаго разу гродзенка не навучылася ігнараваць званкі банкаўскіх ашуканцаў. Фэйкавыя супрацоўнікі банка патэлефанавалі гродзенцы яшчэ раз і яна зноў ім паверыла. У гэты раз ашуканцы нахлусілі, што на жанчыну аформілі падроблены крэдыт, для анулявання якога прапанавалі аформіць сапраўдны. Гродзенка так і зрабіла, у выніку чаго засталася без 14 000 рублёў.

Аднойчы яна вырашыла аддаць машыну на СТА, а забрала яе разбітай пасля ДТЗ. Работнік станцыі ўзяў аўтамабіль пакатацца, сеў за стрырно п’яным і не справіўся з кіраваннем.

У асабістым жыцці «Усё складана»

Ашуканцы пераследуюць гродзенку нават на сайце знаёмстваў. Там яна пазнаёмілася з мужчынам, які паабяцаў адправіць падарункі і падмануў жанчыну на $ 5000. Яшчэ частку грошай яна адправіла для перасылкі падарункаў. Пасля інцыдэнту гродзенцы прапанавалі дапамагчы і пакараць махляра. Дзяўчына зноў трапіла на ашуканцаў і перавяла ім грошы. У агульнай суме гарадзенка страціла 30 000 рублёў.

З мужам у гродзенкі не складаюцца адносіны. Ён з’ехаў у Польшчу і забраў з сабой 8-гадовую дачку. Жанчына ездзіла да яго і нават пабілася са сваякамі.

Каб адпомсціць мужу, яна паспрабавала пасварыць яго з сябрам: узламала профіль мужчыны ВКонтакте і напісала сябру негатыўныя паведамленні. За гэта муж падаў на гродзенку ў міліцыю.

На нервах гродзенка вырашыла прыгатаваць паесці, але не ўсачыла за агнём і загарэлася. Абышлося без МНС, але жанчына апынулася ў бальніцы з апёкамі I і II ступені.

Ездзіць п’янай, пракручвае ашуканскія схемы і лаецца з таксістамі

Праз стрэс яна без правоў села пьянай за стырно. Зараз гродзенцы пагражае крымінальная адказнасць, аўтамабіль канфіскавалі.

Пасля вечарынкі ў клубе дзяўчыне давялося выклікаць таксі (бо яе аўто канфіскавалі). Калі пад’ехала таксі, гроадзенка пачала крычаць і ўдарыла машыну некалькі разоў. Жанчыне здалося, што таксі занялі іншыя людзі, а яны ўсяго толькі яшчэ не выйшлі з папярэдняй паездкі.

Каб зарабіць на новую машыну, прадпрымальная гродзенка ашукала дзевяць чалавек, у тым ліку свайго сына. Яна прасіла грошы ў пазыку ці браць абавязацельствы па крэдытах. Так яна змагла зарабіць 45 тысяч.

Знаёмы гродзенец пашкадаваў жанчыну і даў ёй $ 100. Гродзенка хацела абмяняць валюту, але выявілася, што банкнота падробленая.

Не ўсё так кепска

Часам у гродзенкі ўсё ж здараюцца добрыя дні. Тады яна перамагае ў конкурсах прыгажосці. Гродзенка любіць спорт і ставіць новыя нацыянальныя рэкорды ў скачках з шастом у закрытых памяшканнях.

У творчым парыве гродзенка ператварае старыя рэчы са сметнікаў у стыльныя прадметы інтэр'еру і працуе з бензапілой. Яна любіць шыць і неяк стварыла велізарную навагоднюю шапку Дзеда Мароза для аўтамабіля. Гродзенка спазнае свет і выпраўляецца з сяброўкай падарожнічаць ў Бразілію. З такім жыццём ёй сапраўды патрэбны добры адпачынак.

Для параўнання: пачытайце нашы матэрыялы 2016 года, дзе мы таксама спрабавалі зразумець тыповага гродненца і тыповую гродзенку — герояў навінавых загалоўкаў. Ці шмат змянілася з таго часу?