Гродзенкі Каця Гнядкова, Дар’я Мацэюк і Людміла Лебедзь цяпер жывуць і працуюць у ЗША. На 29 сакавіка ў гэтай краіне выяўлены 123 750 выпадкі заражэння і 2227 смярцей ад каранавіруса. Для Hrodna.life дзяўчыны распавялі, як змянілася іх жыццё падчас пандэміі і як здалёку бачыцца сітуацыю ў Беларусі.

Каця Гнядкова з Фларыды: Disneyland зачынены, вітаміны ў дэфіцыце

Каця жыве ў Арланда і працуе ў турыстычнай індустрыі. Штат Фларыда — цэнтр тэматычных паркаў, такіх як Disney, Universal & Seaworld. Звычайна тут шмат турыстаў, усё круціцца, але цяпер свет быццам спыніўся.

«На дарогах вельмі пуста, большасць крам закрыты або працуе паводле скарочанага графіку. Рэстараны працуюць выключна на вынас і дастаўку дадому. Кінатэатры, канцэртныя залы, фітнес-цэнтры зачыненыя зусім. Паркі Disney і Universal зачыніліся яшчэ ў сакавіку», — распавядае Каця.

У горадзе ўведзены каранцін і каменданцкую гадзіну. Выходзiць з дому можна толькі па прадукты ці ў аптэку. На працу ходзяць толькі тыя, без каго гораду не выжыць — медыкі, паліцыянты, супрацоўнікі тэхнічных і экстраных службаў.

Па словах Каці, у крамах раскупілі туалетную паперу і дэзінфектары. У аптэках ёсць складанасці з купляй некаторых лекаў, а вітаміны сталі дэфіцытам.

Кампанія, дзе працуе Каця, спачатку перавяла ўсіх супрацоўнікаў на «ўдалёнку», а праз два тыдні адправіла амаль 2000 чалавек у вымушаны адпачынак да чэрвеня.

Кампенсацый ад працадаўцы няма — турызм церпіць страты. Але прэзідэнт Трамп абяцае выдаць усім, хто застаўся без працы, па 1000 долараў, а ў навінах кажуць пра дзяржаўную дапамогу па 600 долараў на тыдзень для тых, хто сышоў у вымушаныя адпачынкі.

«Людзі рэагуюць па-рознаму, але на вуліцах ніхто не збіраецца, усе пазбягаюць груп і трымаюць дыстанцыю ў крамах. У шпіталях перагруз і не хапае набораў для тэставання. Калі чалавек не ў занадта цяжкім стане і да 50 гадоў, то адпраўляюць лячыцца дома. У мяне ёсць знаёмая, якая перанесла гэты вірус. З ёй так і было»

Чытай яшчэ: Мільён долараў супраць каранавірусу. ЗША выдзялілі Беларусі грошы на барацьбу з пандэміяй


Усяго ў Фларыдзе выяўлена 4038 выпадкаў заражэння і 56 смяротных выпадкаў ад каранавіруса. «Толькі ў маёй акрузе — 160 заражаных, нават у комплексе дзе я жыву два чалавекі, — кажа Каця. — Але гэта нішто ў параўнанні ў Нью-Ёркам. Мабыць, вірусу цяжка выжываць у фларыдскай спякоце».

Дар’я Мацеюк, штат Масачусетс: навучанне праз Zoom і пустая «руская» крама

Дар’я жыве ў прыгарадзе Бостана, у горадзе Ньютан. Яна студэнтка, а яшчэ працуе мадэллю.

Дар’я адзначае прыкметы новага часу: Starbucks зачыніўся, крамы адзення не працуюць, нельга заходзіць у бары і рэстараны, можна толькі заказваць ежу.

«Маё жыццё змянілася, таму што я не хаджу ва ўніверсітэт. Тры тыдні таму нас перавялі на анлайн навучанне. Займаемся з дому праз Zoom — слухаем лекцыі, робім прэзентацыі, праходзім практычныя заняткі, усё так як было».

Дар’я кажа, што ў асноўным «сядзіць дома і нікуды не выходзіць» і што цяпер многія паводзяць сябе таксама. «У нас рэкамендуецца выходзіць з дому толькі на працу і каб падыхаць паветрам. Штрафаў за выхад на вуліцу няма».


Чытай яшчэ: Калі ў Беларусі абвесцяць эпідэмію і варта хадзіць у кафэ? Мінздароўя адказала на хвалюючыя пытанні


Дар’я распавяла, што ў краіне перанеслі тэрмін выплаты падаткаў з сакавіка на чэрвень, перасталі налічваць працэнты на крэдыты і плануюць перанесці тэрміны аплаты здымнага жылля «на потым».

«У магазіны я не хаджу, туды ходзіць мой хлопец. Прадукты ёсць, чэргі невялікія. А ў рускай краме на днях наогул пуста было. Панікі няма, проста людзі дома сядзяць».

Усяго па штаце Масачусэтс на 29 сакавіка зарэгістравана 4257 выпадкаў заражэння і 44 смерці.

Людміла Лебедзь, штат Індыяна: людзі купляюць прадукты і зброю, але без панікі

Людміла жыве ў Порт-Вейн і працуе ў IT-сферы.

«Цяпер усе працуюць дыстанцыйна, але нам не прывыкаць», — распавядае яна.

Галоўная змена ў жыцці сям'і - тое, што сын ужо тры тыдні не ходзіць у школу. Усе навучальныя ўстановы пераведзены на анлайн-навучанне.

Яшчэ яны «закупіліся» прадуктамі адразу прыкладна на два тыдні, каб радзей хадзіць у краму.

«Адменены ўсе мерапрыемствы, зачыненыя грамадскія месцы. Электронную пошту завальваюць мэйлы аб Covid-19. Выйшла рэкамендацыя выходзіць толькі па неабходнасці, шпацыраваць самотна і захоўваць дыстанцыю».

Па словах Людмілы, бізнес зрэагаваў на эпідэмію раней, чым дзяржава. Прадпрыемствы ўласнымі рашэннямі пачалі прымаць меры супраць распаўсюджвання інфекцыі.

«Спачатку людзі ў Амерыцы таксама не хацелі сур’ёзна ўспрымаць сітуацыю. Але потым на дзяржаўным узроўні ўвялі каранцін. Агулам, пакуль людзі паводзяць сябе спакойна: прадукты купляюць, зброю купляюць, але без панікі».

Сітуацыя на радзіме, па словах Людмілы, выглядае здалёку незразумелай:

«Глядзім на Беларусь і дзівімся. Увесь свет на каранціне, а мы на трактары».


Чытай яшчэ: Парады Лукашэнкі працуюць? Чаму ў Беларусі ўсё так добра з каранавірусам


Усяго па штаце Індыяна зарэгiстравана 1232 выпадкі заражэння каранавірусам і 31 смерцяў ад інфекцыі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]