Гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха да фестываля нацыянальных культур адкрые ўласны музей макетаў «ідэальнага» горада, якія ён ствараў на працягу 10 гадоў. Музей адкрыецца ў новай выставачнай зале на вуліцы Тэльмана, 4.

Доўгі час гродзенскі краязнаўца шукаў месца для сваіх шматлікіх макетаў. Нарэшце пошукі скончыліся поспехам. У самым цэнтры Гродна, на вуліцы Тэльмана, кіраўніцтва горада вылучыла пад музей Ігара два пакоі. У тым будынку, дзе да фестываля нацыянальных культур запрацуе выставачная зала.

Макеты для першага пакоя гатовыя, для другога яшчэ ствараюцца

Адзін з пакояў музея будзе прысвечаны гістарычнаму цэнтру Гродна, другi — кварталу Гарадніцы. Макеты будуць стаяць на вышыні 60 см, некаторыя з іх будуць падсвечвацца.

«Мяркуецца, што група людзей будзе заходзіць у адзін з пакояў на прадстаўленне, дзе будзе ісці аўдыёзапіс са спецэфектамі, — распавядае краязнаўца. — Напрыклад, дзе-небудзь у старым горадзе будзе гарэць будынак і пры гэтым падсвятленне аб’екта будзе суправаджацца крыкамі людзей. Усё будзе дублявацца на макетах».

Макеты гістарычнага цэнтра, якія стварыў Ігар, паказваюць горад у розныя эпохі. Часам суседнічаюць будынкі, якія ніяк не маглі ў адзін час знаходзіцца побач. Такі мікс дазваляе эфектыўна паказаць гісторыю архітэктуры Гродна.

Ігар Лапеха адкрые музей з макетамі гістарычных будынкаў Гродна, дзе экскурсіі будуць суправаджаць спецэфекты
У музеі Ігара Лапехі можна будзе ўбачыць былы палац тэкстыльшчыкаў побач з гарадской ратушай і фарай Вітаўта
Калі панарама горада розных эпох ужо гатовая, то вось макеты Гарадніцы для другога пакоя яшчэ ствараюцца. Там гродзенцы змогуць убачыць усе аб’екты збудаваныя ў часы Антонія Тызенгаўза.

[irp posts="7426″ name=""Гродна выглядаў бы як Прага, калі б не войны". У падвале шматпавярховіка ствараецца макет ідэальнага горада"]

Будуць макеты да 1961 года

На стварэнне макетаў у Ігара Лапехі сышло каля 10 гадоў. У яго творах гродзенцы змогуць убачыць страчаныя аб’екты: ратушу, Дамініканскі касцёл, Фару Вітаўта, палац Масальскіх і іншыя.

«У галоўным пакоі будуць прадстаўлены макеты гістарычнага цэнтра Гродна да 1961 года, яшчэ да таго як былі пабудаваныя Дом быту і кінатэатр «Гродна». Гэтыя аб’екты вельмі некарэктна ўпісаліся ў гістарычную забудову горада. Менавіта таму я вырашыў не паказваць познесавецкую архітэктуру.

Як фанат архітэктуры, я вельмі цікаўлюся аднаўленнем Гродна на 1654 год. Мне вельмі цікава, як горад выглядаў менавіта ў гэты перыяд. Наш горад у той час быў сапраўды каралеўскім, рэнесансным і прадуманым для жыцця людзей", — дадаў Лапеха.

Свой музей з двума пакоямі гродзенскі краязнаўца плануе адкрыць да лета, а менавіта да пачатку фестываля нацыянальных культур.