Мінчанка Іна Зайцава праславілася на маршах пратэсту ў Мінску дзякуючы сваёй бел-чырвона-белай вясельнай сукенцы. 31 кастрычніка Іна прыехала ў Гродна, каб падтрымаць пратэстоўцаў і звольненых супрацоўнікаў «Азоту».
Новае жыццё вясельнай сукенкі Іны пачалося ў жніўні. Яе абурыла, як сілавікі забіралі ў пратэстоўцаў бел-чырвона-белыя сцягі, і яна вырашыла сама стаць сцягам. Муж балончыкам намаляваў на белай сукенцы чырвоную палоску. У такім выглядзе Іна стала шпацыраваць па Мінску. Фатаграфіі з ёй разляталіся па ўсім свеце.
![Іна Зайцава на адной з акцый пратэсту ў Мінску. Фота: Ягор Войнаў](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/ru/wp-content/uploads/2020/10/zajceva-767x1024.jpg)
«У Гродна мы прыехалі падтрымаць звольненых супрацоўнікаў прадпрыемства „Азот“. Проста рванулі сюды, таму што ганарымся гродзенцамі. Яны ўяўляюць самую пратэстную вобласць Беларусі. Тут жывуць актыўныя людзі, якіх спрабуюць здушыць. У плане настрою людзей гэты горад круцейшы за Мінск. Мы не маглі застацца ўбаку».
Іна кажа, што не баіцца сілавікоў. Яе яшчэ ні разу не затрымлівалі на пратэстах у Мінску. Маўляў, як яе ў гэтай аб’ёмнай сукенцы змогуць загрузіць у аўтазак?
«Мы з гэтымі хлопцамі [супрацоўнікамі міліцыі - рэд.] добра знаёмыя. Чаго нам баяцца? Усе мужчыны на прыгожую жанчыну рэагуюць аднолькава».
У кафэ прынеслі бчб-салат
Іна ў Гродне другі раз. Год таму яна была тут як турыстка — горад ёй вельмі спадабаўся. Гэтым разам Іна з’ездзіла да «Азоту», зрабіла там некалькі здымкаў, потым прагулялася па Савецкай вуліцы і зайшла ў кафэ.
«Усё было спакойна. Людзі на вуліцы ўсміхаліся і фатаграфавалі. Калі зайшлі ў кафэ, нам прынеслі салат „БЧБ“ са словамі „Жыве Беларусь!“».
Марш так і не адбыўся
Іна так і не прыняла ўдзелу ў маршы ў падтрымку «Гродна Азот», які быў запланаваны на 15:00. Каля аўтавакзала сабралася каля 200 чалавек, але калі калона рушыла ў бок завода, міліцыя ўсіх разагнала.
«Бачна, што сілавікі загасілі актыўнасць пратэсту ў Гродне, але ў розумах яны нічога не могуць пачысціць. Галоўнае, што ёсць свабода ўнутры і ў гродзенцаў яе больш чым дастаткова», — кажа Іна.
Затрымалі
Пасля маршу Іна перастала выходзіць на сувязь. У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама пацвердзілі, што Іна Зайцава затрыманая.
«Дзяўчына прыехала на таксі, з яе слоў, спецыяльна, каб падтрымаць рабочых. Цяпер яна дастаўлена ў РАУС. Па яе ўдзеле ў якіх-небудзь мерапрыемствах і таго, што знаходзілася ў салоне транспартнага сродку, праводзіцца праверка», — распавёў кіраўнік прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко.
Чытайце таксама: «Толпой ломились в подъезд». Десятки гродненцев задержали на марше в поддержку «Гродно Азот»