Гродзенка Кася Будзько знаходзіцца ў зняволенні з 12 лістапада 2020 года. Яна праходзіць абвінавачанай па справе студэнтаў у Мінску. Суд прызначаны на 14 траўня 2021 года, у справе 12 абвінавачаных: студэнты, выкладчык і сябра Каардынацыйнай рады. Пакуль Кася знаходзіцца ў зняволенні, яе сябры стварылі Instagram-акаўнт, у якім публікуюць лісты і малюнкі гродзенкі, якія прыходзяць з СІЗА.

У чым абвінавачваюць студэнтаў?

Кася Будзько — актывістка Задзіночання беларускіх студэнтаў, студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Яе затрымалі 12 лістапада ў рамках крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У той дзень былі затрыманыя адразу дзесяць моладзевых актывістаў і актывістак, студэнтаў і студэнтак розных вну Беларусі.

Гродзенку спачатку змясцілі пад варту ў СІЗА КДБ, затым перавялі ў менскае СІЗА № 1.

Чытайце таксама: Отец политзаключенной гродненки: Возможно, моя дочь попала в заложники

Крымінальную справу будуць разглядаць у выязным судовым пасяджэнні ў будынку Дома Правасуддзя. У абвінавачанні сказана, што фігуранты, «дзейнічалі групай асоб па папярэдняй змове, у перыяд часу са жніўня па лістапад 2020 года, знаходзячыся ў Мінску, выпрацавалі план для дэстабілізацыі абстаноўкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і прымалі меры да яго рэалізацыі».

Хацела б, каб сябры выкладвалі яе малюнкі ў Instagram

Сябры Касі ў лютым 2021 года стварылі ў Instagram акаўнт, у якім публікуюць урыўкі лістоў і малюнкі гродзенкі з СІЗА.

«У Касі заўсёды была актыўная грамадзянская пазіцыя, яна не магла моўчкі глядзець на беззаконне, якое адбывалася вакол яе, і заўсёды старалася гэта выправіць. Праз тое, што яе вельмі турбавалі праблемы экалогіі, яна стала вегетарыянкай. Вельмі любіла ездзіць на ровары, марыла аб'ездзіць усю Беларусь. Спрабавала зрабіць веласіпедную паркоўку каля свайго ўніверсітэта. Таксама яна была прыхільніцай фемінізму, стварыла телеграм-канал «Клуб Фемінізму БДПУ», - так пачыналі акаўнт Касі яе сябры.

Кася сама напісала з СІЗА, што хацела б, каб сябры выкладвалі яе малюнкі ў Instagram, распавяла Hrodna.life яе сяброўка Вера. Пагаварыўшы са сваякамі Касі, сябры вырашылі, што цікавей будзе дадаваць да малюнкаў урыўкі з лістоў. Так усе змогуць даведацца штосьці цікавае з турэмнага жыцця, даведацца, як Кася сябе адчувае, што яе трывожыць.

«Мэта акаўнта - прыцягнуць увагу, каб людзі не забывалі пра беларусаў, якіх незаконна затрымалі і пасадзілі. Каб Касі і астатнім зняволеным пісалі лісты, бо лісты - гэта для іх адзіны спосаб сувязі з вонкавым светам», - распавядае Вера.

Большая частка лістоў - рэцэнзіі на рэдкія фільмы і кнігі

Кася ў лістах у асноўным піша пра сваё жыццё ў СІЗА, пра кнігі, якія чытае, або пра заняткі спортам.

«Гэта дзіўна, што яна са сваімі сукамерніцамі ў маленькай пакойчыку для шпацыраў выхітраецца бегаць і рабіць практыкаванні. Таксама Кася пачала вельмі шмат чытаць. Піша, што творы пра турму, якія яна чытае, могуць разумець толькі людзі, якія ўжо адседзелі. Большая частка яе лістоў - гэта рэцэнзіі на рэдкія фільмы, якія паказваюць на БТ, і на кнігі».

У лістах Касі ёсць рубрыка «турэмны слоўнічак». Там гродзенка піша нейкія новыя цікавыя словы, якія яна даведалася ў турме.

«Гэта не абавязкова турэмны слэнг. Там могуць быць і нейкія цікавыя варыяцыі знаёмага словы. Напрыклад, „стремнина“», — кажа Вера.

Лісты бацькам і сябрам ад Касі прыходзяць дастаткова хутка і часта — кожны тыдзень. Гродзенка шмат піша пра свае перажыванні. Нядаўна, напрыклад, пісала пра Чарнобыль.

«У першы час пасля заключэння лісты наогул не даходзілі, але потым мы наладзілі ліставанне і дамовіліся пісаць кожны тыдзень па 1-2 лісты. Як высветлілася, праблемай, з-за якой лісты не даходзілі, было тое, што цэнзары проста не разумелі почырк. Цяпер мы дасылаем толькі друкаваныя лісты і яны ўсе даходзяць».

Кася марыць пра тое, каб хутчэй ўсіх пабачыць, кажа Вера. Таксама гродзенка хоча паезьдзіць на ровары, ды і проста пагутарыць з сябрамі і роднымі.

«Яна таксама марыць пра нармальныя ўмовы пражывання. Пісала, як хоча хутчэй паспаць на нармальным ложку і прымаць душ не адзін раз на тыдзень. Асабліва нічога не просіць, у яе і так вельмі шмат рэчаў. У яе хутка Дзень народзінаў – 25 траўня. Прасіла нічога не дарыць і не дасылаць, бо ў яе і так месца ўжо няма. Часам просіць нейкія неабходныя рэчы, якія ў яе скончыліся. Напрыклад, шампунь».

Куды пісаць?

Кася Будзько знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска. Адрас: вул. Валадарскага, 2, 220 030, Мінск. Лепш адпраўляць друкаваныя лісты.

Калі вы хочаце напісаць ліст вязню, вось што пісаць не трэба:

  • Калі справа вязня знаходзіцца на этапе следства, то не варта абмяркоўваць з ім крымінальную справу. Не згадвайце ў лістах іншых людзей, якія неяк могуць быць звязаныя з гэтай справай;
  • Не ўжывайце ў лістах выразы, якія могуць палічыць негатыўнымі выказваннямі;
  • Пазбягайце палітычных тэмаў;
  • Не выкарыстоўвайце ў тэксце мацерныя выразы, лаянку, абрэвіятуры, замежныя словы;
  • Пазбягайце іншасказальных метафарычных выказванняў, бо яны могуць быць расцэненыя як зашыфраванае паведамленне або інструкцыя да чагосьці. Супрацоўнікі ізалятараў праглядаюць усе лісты.

Колькі ў Беларусі палітвязняў

На 13 траўня, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», у краіне прызнаныя палітвязнямі 370 чалавек. Палітвязні - гэта студэнты, працоўныя, актывісты штабоў патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Іх колькасць пастаянна расце. Пры тым да гэтага часу ні адзін супрацоўнік сілавых органаў не быў прыцягнуты да адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.