Сын Ларысы Жыгар, якая заснавала рух «Маці 328», месяц назад вярнуўся дамоў з калоніі. Максім адсядзеў сем гадоў і выйшаў на год раней дзякуючы амністыі. Ларыса расказала Hrodna.life, ці варта грамадству баяцца былых зняволеных, як правільна праводзіць галадоўку і ці будзе яна далей змагацца за лёс асуджаных па «наркатычным» артыкуле.

На парозе хутчэй за гаспадыню з’яўляецца сабака Джэкі і сустракае гучным брэхам. Ларыса гасцінна запрашае ў кватэру і праводзіць экскурсію. Сабака супакойваецца і скручваецца каля гаспадыні. Ён з’явіўся ў 2016 годзе, калі Максім яшчэ быў у калоніі. Ларыса хвалявалася, што жывёла не прыме сына. Але яны хутка пасябравалі. У пакоі Максіма Джэкі ўладкоўваецца прама на адзенні гаспадара.

Сын Ларысы Максім адмовіўся даваць інтэрв'ю. Кажа, не хоча быць публічным чалавекам. Калі журналісты прыходзілі ў госці да маці і ён быў дома, то неахвотна адказваў на пытанні. Але сёння ён на працы. Таму гутарым з Ларысай без яго.

«Сынок, ты зламаешся?»

Падзеі сямігадовай даўніны настолькі ўеліся ў памяць жанчыны, што яна пераказвае нават інтанацыі сына і людзей, якія займаліся яго справай. Пра тую гісторыю пісалі шмат. 18-гадовы Максім у 2012 годзе займаўся фатаграфіяй, быў творчым чалавекам. Разам з сябрамі яны знайшлі кусты дзікай каноплі. Сабралі іх, каб потым скурыць. І трапіліся міліцыі. Па ч. 3 арт. 328 КК ён быў асуджаны на 8 гадоў і 1 месяц калоніі за 147 грамаў канаплі. Максім быў самым малодшым сярод асуджаных і атрымаў самы вялікі тэрмін.

Ён трапіў у ІЧУ 13 лістапада. Максім пасля каледжа пайшоў на допыт. Там яму прад’явілі абвінавачванне, забралі тэлефон і павезлі на Гая. Ён паведаміў пра гэта маці з тэлефона адваката. «І ў мяне слёзы, проста слёзы ўсё засцілаюць. Я толькі спытала: сынок, скажы, калі ласка, ты зламаешся ці не? Ён кажа: ну не ведаю, мам», — кажа Ларыса.

“Я знайшла справу жыцця”. Ларыса Жыгар пра “Маці 328”, выхад сына з турмы, галадоўкі і выбары
Ларыса ў пакоі Максіма
Потым яго перавялі на Кірава, 1. Ларыса ўзгадвае, як падчас следства не маглі знайсці рэчавыя доказы сына. Як у ІЧУ яго збілі і ціснулі, каб атрымаць чыстасардэчнае прызнанне, ад якога Максім пазней адмовіцца.

Максім знаходзіўся ў гродзенскай турме, пакуль ішло следства. Са студзеня да мая ішоў працэс, было каля дзесяці паседжанняў. Прысуд яму вынеслі 8 мая 2013 года. 25 ліпеня разгледзелі касацыйную скаргу. Прысуд пакінулі без зменаў. 19 жніўня 2013 года Максім прыехаў у ПК-22 «Воўчыя норы» ў Даманава каля Івацэвічаў. 29 лістапада 2019 года вярнуўся дамоў.

Дзядуля падпалкоўнік падтрымліваў унука

У Ларысы трое дзяцей. У старэйшых ужо свае сем'і, дачка Вольга жыве ў Гродне, сын Міша — у Піцеры. За сем гадоў, што не было Максіма, Ларыса пахавала свайго бацьку, свякроў і мужа. Апошні загінуў трагічна: у 2016 годзе рамантаваў дах на лецішчы і, праляцеўшы пяць метраў, упаў у катлаван. Ён праляжаў некалькі месяцаў у штучнай коме і памёр. Смерць мужа Ларыса называе самым цяжкім момантам за сем гадоў. Максім не трапіў на пахаванне. Апошняе фота бацькі было з сынам усе сем гадоў.

“Я знайшла справу жыцця”. Ларыса Жыгар пра “Маці 328”, выхад сына з турмы, галадоўкі і выбары

— І літаральна год не дачакаўся яго дзядуля. 3 верасня 2018 года памёр мой бацька. Ён заўсёды вельмі перажываў за ўнука. Ва ўсе структуры дзед — падпалкоўнік у адстаўцы — пісаў, што ўнука асудзілі несправядліва і такое пакаранне нельга даваць «першаходам», — кажа Ларыса.

Яна 25 гадоў прапрацавала старэйшым касірам у Нацыянальным банку. Дапрацавала да пенсіі і сышла. Кажа, маглі б падоўжыць кантракт, бо яна была на добрым рахунку. Лічыць, што гэтага не адбылося з-за яе дзейнасці. Але наогул на працы разумелі і падтрымлівалі. Адзін з ахоўнікаў прыходзіў на ўсе судзебныя пасяджэнні.

Адна перадача — 30 кілаграм

На зборы ў калонію быў тыдзень. Ларыса расказвае, што збірала сыну: спартовы касцюм, гумовыя тапкі, па дзве пары трусоў, маек, дзве-чатыры пары шкарпэтак, цыгарэты, кава-гарбата. Трохі ежы: каўбаса, сыр, цукеркі.

У калонію быў этап. Гэта калі да пасажырскага цягніка чапляюць вагон з кратамі і аховай, і там едуць асуджаныя. Ларыса кажа, што сыну пашанцавала. Яго этап доўжыўся суткі. А часам ён расцягваецца на трое ці пяцёра сутак. Ларыса кажа, што сыну дапамог Бог. Яна хадзіла ў манастыр, замаўляла «за здароўе». І ў калоніі Максіма не гнабілі, як іншых зняволеных.

“Я знайшла справу жыцця”. Ларыса Жыгар пра “Маці 328”, выхад сына з турмы, галадоўкі і выбары

— Упершыню я абняла сына ў 20-х лічбах снежня 2013 года. Калі яго прывялі - лысы, у чорнай робе, у чорнай куртцы, ва ўсім чорным. Я яго абняла… і тут я разрыдалася. На ўсю гасцініцу, на ўвесь калідор, — расказвае Ларыса.

“Я знайшла справу жыцця”. Ларыса Жыгар пра “Маці 328”, выхад сына з турмы, галадоўкі і выбары

Ехаць да калоніі ў Брэсцкай вобласці - 2 гадзіны 20 хвілін. З аўтамабілем дапамагалі былыя калегі і сын, калі прыязджаў з Піцера. Адна перадача — гэта 30 кілаграм: прадукты і пяць-дзесяць блокаў цыгарэт. Потым маці цыгарэты не перадавала, бо Максім мог «пашыцца» за цыгарэты. Адна перадача Ларысе абыходзілася ў 600−800 рублёў. Перадачы яна прывозіла на доўгатэрміновыя спатканні.

Пры паступленні прызначаны два доўгатэрміновыя спатканні (трое сутак) у год і чатыры кароткія — калі размаўляюць праз шкло па тэлефоне. Калі праходзіць чвэрць тэрміна, збіраецца камісія. Калі зняволены добра сябе зарэкамендаваў, мае добрую характарыстыку на працы і прымае ўдзел у жыцці калоніі, яго ставяць на палепшаны рэжым. Тады даюць чатыры доўгія спатканні ў год і шэсць кароткіх. Для спатканняў на тэрыторыі калоніі ёсць гасцініца. Там 13 пакояў. Каштуе яна 3,50 рублі ў суткі.

Акрамя перадачы, можна было пасылаць грошы. Спачатку — 5 базавых у месяц, на палепшаных умовах — 10 базавых.

 — А што рабіць, калі няма аўтамабіля, няма грошай?

— Крэдыт браць. Мы бралі крэдыт. Адвакату мы тады выплацілі 22 млн недэнамінаваных рублёў. Курсы тады змяняўся, калі браць сярэдні, то гэта 4500 долараў, калі найніжэйшы — 7000 долараў. Бацька браў крэдыт, муж браў. Дачка дапамагала з зяцем. Адвакат быў дзяржаўным, але мы заключалі дамову, каб ён лепш глядзеў. Аб незалежных праваабаронцах тады не ведалі, — кажа Ларыса.

У калоніі зняволеныя на дзяржзабеспячэнні. Плацяць толькі за электрычнасць і ваду. Зарплата Максіма складала 1,08 капеек у месяц. Самае вялікае, што ён атрымліваў - 10 рублёў за працу фатографа. На гэтыя грошы можна было купіць тры-чатыры халвы.

Першы час Максім пісаў лісты кожны тыдзень. Потым родныя перайшлі на тэлефонныя размовы. Кожныя восемь дзён можна размаўляць дзесяць хвілін па таксафоне, да якога купляецца адмысловая картка з хвілінамі. У Новы год на размову давалі адну-дзве хвіліны.

Раней былі чатыры таксафоны і адзін-два пастаянна ламаліся. Два гады таму правялі аптвалакно і дадалі таксафонаў.

Як змаганне паўплывала на здароўе

Перажыванні адбіліся на здароўі жанчыны. З’явіліся гіпертанія і астэахандроз.

— Часам пра сябе забываеш, бо разумееш, што яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Ён жа яшчэ не на волі. І калі б не гэтыя дзве галадоўкі, якія мы рабілі ў 18-м годзе… У 18-м я 12 дзён галадала. Было вельмі добра. Але потым ўсё роўна пачынаеш папраўляцца, — смяецца Ларыса.

Яна кажа, што галадоўкі былі бяспечнымі. Адной з удзельніц была жанчына з міжнародным дыпломам па медыцыне, якая пісала працу пра паразітаў. Яна сачыла за іх станам. Галоўнае — перад галадоўкай добра ачысціцца слабільным, каб страўнік быў пусты і без таксінаў. Лепш знаходзіцца не ў душнай кватэры, а ў вёсцы. Маці пілі кіпячоную ваду, сырую ваду з калодзежа, шыпшыну з сарбітам, адвары траў, крапівы.

“Я знайшла справу жыцця”. Ларыса Жыгар пра “Маці 328”, выхад сына з турмы, галадоўкі і выбары

Таксама трэба правільна выходзіць з голада — на бульёнах, рэдкай аўсянцы, біяёгуртах. І паступова ўваходзіць у свой рэжым. Сёлета Ларыса галадала 11 дзён, іншыя маці - 22 дні. Яны страцілі ад 6 да 8 кілаграм. За іх станам сачылі медыкі.

«Мой сын такі ж, як быў да калоніі»

— А як вы ставіцеся да меркаванняў, што гэта бацькі вінаватыя ў тым, што недаглядзелі?

— На круглым стале ў 2018 годзе я казала, што мы і дзяржава аднолькава вінаватыя ў тым, што адбылося. Я вінаватая, што дзесьці пусціла нешта на самацёк, давяраючы свайму дзіцяці. Але вы таксама вінаватыя, бо дапусцілі ўвоз наркотыкаў у краіну. У нас жа такія класіфікаваныя следчыя органы, наркакантроль, спецыяльнае абсталяванне. Нельга вінаваціць адных толькі бацькоў. Многія бацькі працавалі на двух працах, каб забяспечыць дзіця, і не даглядзелі.

Максім вучыўся ў 29-й школе (цяпер 7-я гімназія) з танцавальным ухілам. Потым сышоў у вячэрнюю школу і паступіў у тэхналагічны каледж на кухара. Там ён правучыўся два месяцы да таго, як трапіў у ізалятар. На судзе ў Максіма былі добрыя характарыстыкі са школы і з каледжа. Яго прыходзілі падтрымаць аднагрупнікі, куратар, даўнія сяброўкі. «У мяне вельмі тактоўны, добры, стрыманы хлопец. Ён ніколі не шкодзіў. Часам не хацеў вучыцца — гэта так. Ён творчая асоба, ляўша».

“Я знайшла справу жыцця”. Ларыса Жыгар пра “Маці 328”, выхад сына з турмы, галадоўкі і выбары
Максім Жыгар у дзяцінстве з сястрой і братам
Ларыса кажа, што яе сын пасля калоніі застаўся такім жа творчым і добрым. Максімум — праскочыць турэмны жаргон. Так адбылося дзякуючы падтрымцы родных. А таксама падтрымцы ад таго, што побач людзі з такой жа бядой.

— Я бачу свайго сына. На яго калонія не паўплывала. Дзесьці можа ёсць у падсвядомасці, што гэта сем гадоў перакрэсленага жыцця. Ён сышоў 18-гадовым падлеткам. Шмат хто ў гэтым жа ўзросце і вяртаецца. Яны не ўсведамляюць, што яму ўжо 25, што яны атрымалі адукацыю, пачалі зарабляць, — тлумачыць Ларыса.

Жанчына разважае пра ўплыў зняволення на псіхіку. Кажа, што павінен быць індывідуальны падыход. Некаторыя выйдуць — і адразу пойдуць набываць рэчывы. У некаторых ёсць крыўда на дзяржаву, і яны могуць аб’яднацца ў групоўкі і помсціць. Важна рэсацыялізавацца пасля зняволення.

Наколькі гэта цяжка, можна даведацца з вопыту іншага былога зняволеннага — Станіслава Цыбінскага. Максіму пашанцавала. Ён знайшоў працу. У турме ён атрымаў дыплом аб прафесійна-тэхналагічнай адукацыі і навучыўся шыць. Яму гэта вельмі падабаецца.

“Я знайшла справу жыцця”. Ларыса Жыгар пра “Маці 328”, выхад сына з турмы, галадоўкі і выбары
 — У турме ён знаходзіў магчымаць шыць рэчы не толькі сабе, але і маці, жонкам іншых зняволеных. На фота ён у куртцы, якую сам сабе пашыў. Фота са старонкі Ларысы
У Максіма не сапсаваліся адносіны з маці, з роднымі і сябрамі. Старэйшы яго пляменнік ведае, што дзядзька быў у калоніі. Ставіцца да гэтага нармальна.

— Ці можна пабудаваць адносіны пасля турмы? Дзяўчаты не баяцца?

— Ён сказаў пакуль так: «Ведаеш, мам, у мяне зараз шмат спраў. Цяпер мне не да дзяўчат». На «хіміі» ён перапісваўся з дзяўчынай з Польшчы. Не хаваў, што ён на хіміі. Яна не баялася. Як многія кажуць: «Ну ты ж не забойца. Я бачу па перапісцы, што ты нармальны хлопец». Хоць часам варта праверыць, — кажа Ларыса.

А што, калі зняволены — сірата? Ніхто не дапаможа фінансава, юрыдычна, псіхалагічна. Таму многія маці займаюцца дабрачыннасцю, дасылаюць пасылкі і невялікі пераводы, пішуць лісты і складаюць дамовы, каб апекавацца імі.

DVD і сценгазеты

Ларыса кажа, што ў калоніі людзі не асабліва адарваныя ад жыцця. Там было DVD, маці перадавалі дыскі з песнямі і музыкай. Зняволеныя гралі на гітарах, там быў ансамбль, рыхтавалі канцэрты, выпускалі сценгазету. Было тэлебачанне са спадарожнікавай антэнай. Глядзелі ўсё ад футбола да міжнародных фестываляў. «Гэта ж не 10−15 гадоў без права перапіскі», — кажа Ларыса.

Калі летам 2019 года Максіма перавялі на «хімію», маці прыехала і купіла яму смартфон. «Божа, што гэта за такая лапата? Божа, мама, ты не ведаеш, які я ў цябе дыназаўр, — паўтарае Ларыса словы сына. — А калі прыехалі праз тыдзень, ён ім валодаў лепш, чым я сваім».

Таксама Максім здзіўляўся новым грошам і зменам у Гродне. Калі ён яшчэ быў на «хіміі», сябар праводзіў яму трансляцыі, паказваючы, як змяніўся горад.

У калоніі, разлічанай на 870 чалавек, было 1200 зняволеных

Ларыса кажа, што сын удзячны ёй за яе дзейнасць. У 2015 з выхадам Дэкрэта № 6 у калонію заязджала па 25 чалавек два разы на тыдзень. У калоніі, разлічанай на 870 чалавек, было 1200 зняволеных. Тады на спатканні зімой хлопцы прасілі арганізаваць нейкі рух. І ў ліпені маці аб’ядналіся.

Цяпер рух налічвае некалькі соцен чалавек. Сярод іх не толькі маці, але і бацькі, жонкі. З яго выйшлі іншыя арганізацыі - «Наше право», «CHILDREN — 328», «Справедливый приговор». У 2020 годзе Ларыса Жыгар зноў паспрабуе зарэгістраваць «Рух маці 328». Яны цяпер існуюць амаль у кожным рэгіёне.

Кожны год былі нейкія вынікі дзейнасці. Першай перамогай Ларыса называе перадачу «Дело принципа» з Вадзімам Гігіным. Туды маці-328 запрасілі ў снежні 2015 года. У галасаванні 72% гледачоў выказаліся супраць вялікіх тэрмінаў па наркатычным артыкуле. Запіс перадачы паказалі ў калоніі. Хлопцы тэлефанавалі маці і казалі: «Ура, мама, перамога, перамога!».

Ці верыла ў беларускія выбары

У мінулым годзе Ларыса Жыгар стала кандыдаткай у дэпутаты парламента. Яшчэ адна маці-328 Таццяна Канеўская з Гомеля таксама балатавалася.

— Ніколі не мела ілюзій. Думаю: пайду! Усякае ж бывае. Мяне ведаюць як грамадскага дзеяча. Я ніколі іх [улады — аўт.] не папракала. Я прыходзіла на канструктыўныя дыялогі: паказаць, у чым памыляюцца, і падумаць разам, як вырашыць праблему.

Ларыса казала не толькі пра праблемы асуджаных за наркотыкі, але і пра «дармаедаў», павышэнне пенсійнага ўзросту. Але дэпутатам так і не стала.

“Я знайшла справу жыцця”. Ларыса Жыгар пра “Маці 328”, выхад сына з турмы, галадоўкі і выбары

«Казалі, што гэта дзесяць вар’ятак-мамашак»

Асноўны вынік працы «Маці 328» — ніжэйшая частка тэрміна скарочана на два гады, а ўпершыню за пяць гадоў прымянілі амністыю да ч.3 арт.328. Далей актывісты будуць працаваць з іншымі часткамі артыкула.

— Гэта вялікі вынік. Нас ніхто не хацеў слухаць, казалі, што гэта дзесяць вар’ятак-мамашак. Калі мы хадзілі, не думалі, што будзе станоўчы вынік. Зараз бачыш, што твая праца не была марнай.

Ларыса падкрэслівае, што яна супраць усіх наркотыкаў.

“Я знайшла справу жыцця”. Ларыса Жыгар пра “Маці 328”, выхад сына з турмы, галадоўкі і выбары

— Вы кажаце, што зараз караюць несуразмерна. А як трэба?

— Перш за ўсё, заўсёды павінен давацца шанец. Для гэтага патрэбны, напэўна, індывідуальны падыход да кожнага чалавека. Павінны вывучацца ўсе яго характарыстыкі, з ім павінны працаваць псіхолагі, каб зразумець, што падштурхнула чалавека на здзяйсненне гэтага злачынства. Ні адна маці ні ў якім разе не апраўдвае сына. Але пакаранне павінна быць адпаведна злачынству. Які ён злачынец? Цяпер што, усіх творчых людзей, якія ўжываюць, злачынцамі называць?

— Ваш сын выйшаў на волю. Навошта вам цяпер займацца актывізмам?

— Я буду гэтым займацца. Гэта справа ўсяго майго жыцця. Я проста знайшла сваё пакліканне ў жыцці. Я заўсёды імкнулася дапамагаць людзям. Наркотыкі не спыняюцца, як жа можа спыніцца барацьба?

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]