Гродзенцы Давід і Аляксандр у канцы 2018 года запусцілі ў Гродне клуб «Titan» — адзіны, дзе асноўным напрамкам з’яўляецца кросфіт. За некалькі месяцаў зала ў цэнтры горада сабрала каля сотні наведвальнікаў, якія аддаюць перавагу сур’ёзным фізічным нагрузкам.

Кросфіт — гэта высокаінтэнсіўная інтэрвальная трэніроўка, падчас якой комплекс практыкаванняў выконваецца максімальна хутка. Пры гэтым нагрузкі накіраваны не толькі на прапрацоўку сілавых якасцей, але таксама трываласці і спрыту. Менавіта таму трэніроўку па кросфіту дзеляць на некалькі частак: кардыё, атлетыку і гімнастыку. Яшчэ адна важная асаблівасць кросфіту — усе практыкаванні максімальна функцыянальныя і задзейнічаюць розныя групы цягліц.

Ніша не была не занятая

Аляксандр сустрэў Давіда ў адной са спартовых залаў горада. Хлопцы пасябравалі і неўзабаве вырашылі адкрыць сваю залу.

«Я працаваў трэнерам у зале, а Давід там трэніраваўся, — распавядае Аляксандр. — З часам прыйшлі да меркавання, што ніша кросфіту ў Гродне на той момант была вольная, а людзі мелі патрэбу ў добрай пляцоўцы для правільных трэніровак. Вырашылі не цягнуць і за некалькі месяцаў рэалізавалі задуманае».

"Нашы трэніроўкі даступныя кожнаму". У цэнтры Гродна стварылі клуб па кросфіту
Давід і Аляксандр

У праект уклаў частку сябе

Свой клуб хлопцы адкрылі ў самым цэнтры Гродна, у будынку былой пальчаткавай фабрыкі. На рэалізацыю праекта сышло некалькі месяцаў і прыстойная сума сродкаў, раўнацэнная адкрыццю кавярні. Сваю залу Аляксандр і Давід стваралі самі, увесь працэс яны фіксавалі ў сацыяльных сетках.

«Не толькі мы з Давідам мелі патрэбу ў такім клубе ў горадзе, але і многія гродзенцы, — дадае Аляксандр. — Таму, калі мы яго стваралі, уклалі часцінкі сябе. Усю чарнавую працу рабілі самі. Сёння да нас на розныя трэніроўкі ходзіць каля сотні чалавек. Плануем прывіваць здаровы лад жыцця гараджанам, праводзіць флэшмобы і спаборніцтвы па кросфіту».

"Нашы трэніроўкі даступныя кожнаму". У цэнтры Гродна стварылі клуб па кросфіту
Працэс стварэння клуба «Titan». Сёння там займаюцца кросфітам і адзінаборствамі каля сотні чалавек

Кросфіт для ўсіх

Хлопцы пастараліся сабраць вакол сябе актыўных трэнераў і рабят, якія да гэтага працавалі з кросфітам у горадзе. За актыўнымі гродзенцамі пайшлі і іншыя, хто хацеў сябе паспрабаваць у гэтым відзе фітнесу.

«Хтосьці будзе казаць, што спортам, можна займацца ў любой зале. Многія трэнеры называюць любую кругавую трэніроўку кросфітам, але трэба разумець, што гэта асобная адзінка фітнесу са сваімі абавязковымі рухамі.

Людзі баяцца кросфіту з-за неразумення. У галаве складзены стэрэатып, што кросфіт — толькі для падрыхтаваных атлетаў. Але насамрэч ён для ўсіх. Так, гэта не лёгка — станавіцца лепшай версіяй самога сябе. Але гэта таго варта. Сёння наша задача —
паказаць кросфіт гродзенцам і данесці ім, што гэты від фітнесу даступны кожнаму".

Бясплатны курс для пачаткоўцаў

Каб пазнаёміць гродзенцаў з кросфітам, у клубе гатовыя ў бліжэйшы час даць пачаткоўцам бясплатную магчымасць.

«Як паказвае практыка, хто да нас прыходзіць, той ужо і застаецца. З 1 красавіка мы аб’яўляем набор бясплатных груп — гэта будзе курс для пачаткоўцаў па асновах кросфіту. Ён будзе складацца з 8 падрыхтоўчых этапаў. Так мы хочам пазнаёміць гродзенцаў з сапраўднымі трэніроўкамі па кросфіту», — дадаў Аляксандр.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]