Гродзенскую абласную, Ленінскую і Кастрычніцкую раённыя камісіі па рэферэндуме ў Гродне стварылі 25 студзеня. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, хто туды ўвайшоў, а праваабаронцы прааналізавалі сітуацыю па Беларусі. Спойлер: апазіцыя ў склад камісій не ўвайшла, члены камісій ужо працавалі на выбарах, а некаторыя нават трапілі ў спісы для ўвядзення індывідуальных санкцый з боку Еўрасаюза.

У абедзве раённыя камісіі ўвайшлі па 11 чалавек. Выбіраў іх Прэзідыум Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў і Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт. Шэсць чалавек, якія ўвайшлі ў Ленінскую раённую камісію, былі вылучаныя шляхам падачы заявы грамадзян. Яшчэ пяць — шляхам падачы заявы грамадзян і ад грамадскіх арганізацый. Гэта: Беларускі фонд міру, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў. Тая ж сітуацыя — у Кастрычніцкай раённай камісіі. Жанчын у абедзвюх камісіях больш, чым мужчын.

Сярод членаў камісій: работнікі адукацыі (універсітэт і школы, у тым ліку музычная і спартыўная), аховы здароўя, чыноўнікі, прадстаўнікі іншых дзяржструктур (напрыклад, РУП «Фармацыя»), праўладных арганізацый (Савет ветэранаў).

У Ленінскай камісіі ўсе, акрамя старшыні Ленінскай РГА «Белая Русь» Гродна Васіля Міхно, раней неаднаразова былі ў выбарчых камісіях. Акрамя таго, Дэніза Якубовіч і Вадзім Кагут трапілі ў рэкамендаваныя спісы асоб для ўвядзення індывідуальных санкцый з боку Еўразвяза ад арганізацыі «Н*ш дом». У Кастрычніцкай раённай камісіі дзевяць чалавек з 11 працавалі на выбарах раней. Сярод сябраў камісіі - Уладзімір Ягорычаў, гісторык, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, камуніст, які разважаў аб «генацыдзе беларускага народа» і «Дні народнага адзінства».

Першыя пасяджэнні камісій прайшлі 26 студзеня. Ленінская раённая камісія размесціцца па вул. Ажэшкі, 22, кабінет № 116а (галоўны корпус ГрДУ), Кастрычніцкая — па вул. Гагарына, 6 (Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі).

Кто в областной комиссии?

У Гродзенскую абласную камісію па рэферэндуму уключылі 13 чалавек. Дзевяць чалавек вылучылі ад грамадскіх аб’яднанняў, аднаго — ад палітычных партый (Камуністычнай партыі Беларусі - Hrodna.life), тры — шляхам падачы заявы грамадзян. Большасць з іх ужо маюць вопыт працы ў выбарчай камісіях, паведаміў Telegram-канал «Пул 4 регион». Іх выбіраў Прэзідыум Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт.

Сярод іх — дырэктар кінатэатра «Чырвоная зорка», старшыня Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў, старшыня праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру», галоўны ўрач Бераставіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, старшыня Гродзенскага абласнога камітэта Белхімпрафсаюза, дырэктар заказчыка «Азёры».

Абласная камісія будзе знаходзіцца па вул. Ажэшка, 3, каб. 116 (будынак аблвыканкама).

У Гродне ўтвораны ўчасткі для галасавання на рэферэндуме. Паглядзець іх можна на сайце «Гродзенскай праўды».

Камісіі без апазіцыі

Усяго ў склад 153 камісій вылучаліся 1935 грамадзян, прадстаўнікоў партый, грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў. Сярод іх — толькі 20 прадстаўнікоў апазіцыйных партый па ўсёй Беларусі: «Зялёныя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), «Справядлівы свет», але і іх не ўключылі ў склад камісій. Вылучэнцаў ад партыі Гайдукевіча (Ліберальна-дэмакратычнай партыі) дапусцілі да камісій у напалову скарочаным складзе.

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прааналізавала склады тэрытарыяльных камісій па рэферэндуму.

У склад 153 выбарчых камісій увайшло 1857 чалавек. З іх 400 — дзяржаўныя служачыя (больш за 20%). Прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб’яднанняў, партый і прафсаюзаў склалі амаль 60% ад усяго складу тэрытарыяльных камісій (1099 чалавек). Амаль аднолькавы працэнт складаюць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, такіх як БРСМ, «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, аб’яднанне ветэранаў - па 105−150 чалавек. 17% тэрытарыяльных камісій складаюць прадстаўнікі праўладных прафсаюзаў. Колькасць членаў тэрытарыяльных камісій ва ўзросце да 30 гадоў апынулася мінімальнай — крыху больш за 4% (78 чалавек).

Грамадска-палітычны крызіс і рэпрэсіі

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што традыцыйна актыўныя ў электаральных кампаніях Рух «За свабоду» і «Гавары праўду» летась былі пазбаўленыя дзяржаўнай рэгістрацыі і не могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў. Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што апазіцыі няма ў тэрытарыяльных камісіях з прычыны глыбокага грамадска-палітычнага крызісу, які пачаўся пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, і цяжкай атмасферы рэпрэсій супраць нелаяльных да ўладаў. Раней праваабаронцы заявілі, што не будуць арганізоўваць назіранне за выбарамі дзеля бяспекі актывістаў.

Таксама Цэнтрвыбаркам загадаў прыбраць фіранкі з кабінак для галасавання. Кажуць, што дзеля «прафілактыкі рызык, звязаных з распаўсюджваннем каронавірусу». Тое ж самае ЦВК прыдумаў і перад выбарамі 2020 года, калі дэмакратычныя сілы заклікалі фатаграфаваць бюлетэні. На цяперашнім рэферэндуме апазіцыя заклікае ставіць два крыжыкі і таксама фатаграфаваць бюлетэнь, паведамляе Euroradio.

Асноўны дзень галасавання па зменах у Канстытуцыю адбудзецца 27 лютага. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 22 па 26 лютага ўключна. На рэферэндум выносіцца толькі адно пытанне: «Ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»

Чытайце таксама: