Леанарда Талькоўскі ў Гродне ўпершыню. Тут нарадзіўся яго бацька, які ў 1936 годзе эміграваў у Аргентыну. Сам Леанарда жыве ў Ізраілі, але ўсё жыццё марыў пабываць на радзіме продкаў. Гэта здарылася 20 мая.

«Майго бацьку звалі Арон Талькоўскі, ён нарадзіўся ў 1920-м у Гродне. Калі яму было 5 гадоў, памерла яго мама, мая бабуля Пея Харыс (Талькоўская). Праз год яе муж, мой дзядуля, з’ехаў у Аргенціну. А двое яго дзяцей трапілі ў мясцовы яўрэйскі прытулак», — распавядае мужчына.

"Заўсёды хацеў даведацца, адкуль мае карані". Нашчадак гродзенскіх яўрэяў прыехаў на радзіму продкаў
Іта і Арон Талькоўскія. Гродна, 1930-я гг.
Леанарда распавядае, што яго дзядуля, калі з’ехаў у Аргенціну, завёў там раман з мясцовай жанчынай і памяняў прозвішча на Голдберг. Яго дзеці правялі ў гродзенскім прытулку 9 гадоў, пакуль не перабраліся да яго за акіян.

«Я не ведаю, чаму дзядуля вырашыў з’ехаць з Гродна і памяняць прозвішча. Яго дзеці былі ў прытулку шмат гадоў, але ўвесь гэты час яны падтрымлівалі з ім сувязь. У сярэдзіне 1930-х яны напісалі яму і спыталі, калі ж ён іх забярэ. Ён паабяцаў іх перавезці, але на гэта патрэбна была вялікая сума. Як аказалася пазней, за акіянам дзядуля пазнаёміўся з багатай жанчынай і яны разам жылі. Праз некаторы час ён паведаміў дзецям, што знайшоў сродкі, каб іх перавезці, але не сказаў ім, што знайшоў іншую жанчыну. Толькі па прыбыцці ў Аргенціну яны пра гэта даведаліся».

Пра жыццё ў Гродне бацька Леанарда распавядаў неахвотна. Гэты горад быў вельмі далёка і там ужо не было сваякоў, з якімі падтрымлівалася б сувязь. Леанарда адзначае, што ў міжваенны перыяд многія гродзенцы перабраліся за акіян. І нават цяпер там жывуць людзі, якія памятаюць стары Гродна.

«Бацька мой не хацеў распавядаць пра Гродна, ён пакінуў яго ў 1936 годзе, калі яму было 16 гадоў. У той час у горадзе былі габрэйскія пагромы, таму і не любіў успамінаць. За акіянам ён працаваў спачатку ў хімічнай прамысловасці, а потым перайшоў у тэкстыльны бізнес. А я ж усё жыццё хацеў пабачыць тое месца, дзе жыў мой бацька і іншыя сваякі. Хацеў даведацца, адкуль мае карані і знайсці магілу бабулі.

Было жаданне яшчэ шмат гадоў таму прыехаць, але не ведаў куды ісці і як мяне тут прымуць. Ад бацькі ў мяне засталіся старыя гродзенскія фатаграфіі, адрас прытулку Скідзельская, 6 [сёння праспект Касманаўтаў] і яго гродзенскі дзённік з пажаданнямі ад сяброў з Гродна на польскай і ідыш".

"Заўсёды хацеў даведацца, адкуль мае карані". Нашчадак гродзенскіх яўрэяў прыехаў на радзіму продкаў
Леанарда з сябрам ідзе па вуліцы Карла Маркса ў Гродне
Бацька Леанарда і яго сястра перабраліся за акіян з гродзенскага прытулку, які існаваў аж да Другой сусветнай вайны. Ён быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя на сродкі вядомага прамыслоўца Шарашэўскага, уладальніка тытунёвай фабрыкі. Спачатку будынак быў двухпавярховым. Тут пастаянна жыло да 80 сірот.
"Заўсёды хацеў даведацца, адкуль мае карані". Нашчадак гродзенскіх яўрэяў прыехаў на радзіму продкаў
Будынак былога прытулку для дзяцей-сірот на вуліцы Скідзельскай, 6 [суч. праспект Касманаўтаў]. Пачатак 70-х гг. Фота Віктара Харытонава

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]