Хочаце палюбіць мюзіклы, але не ведаеце з чаго пачаць? Паглядзіце першую частку «Mamma mia». Хочаце назаўсёды расчаравацца ў гэтым жанры? Ідзіце ў кіно на «Mamma mia! 2».

Хіт дзесяцігадовай даўніны

10 гадоў таму на экраны выйшаў чарговы музычны фільм, дзе героі аддаюць перавагу не прамаўляць дыялогі, а спяваць іх. І знешне ўсё было выдатна: знаёмыя твары зорак, дзівосныя пейзажы грэцкай выспы і заезджаная да дзюр тэма кахання. Магчыма, паглядзелі б яго заўзятыя аматары меладрам дома, усміхнуліся і, забыўшыся, пайшлі па сваіх справах. Але ў гэтага мюзікла быў свой джокер — песні «ABBA».

Аўтары прыдумалі прасценькі сюжэт пра немаладую Донну (Мэрыл Стрып) і трох яе былых каханкаў, якія праз дзясяткі гадоў спрабуюць высветліць, ад каго гераіня магла «заляцець». Увесь гэты «дэтэктыў» адбываецца на фоне вяселля меркаванай дачкі (Аманда Сайфрэд). І варта было б плакаць ад невырашальнай праблемы, але героі будуць весяліцца, танцаваць і размаўляць з дапамогай песенных тэкстаў вялікай «ABBA».

Знаёмыя мелодыі падарылі фільму не толькі драматызм, камедыйную дынаміку і выдатны летні настрой, але і буйныя грашовыя зборы. «Mama mia» стала хітом 2008 года і палюбілася гледачу.

«Індыйская» драма і сапсаваныя ўражанні

Ішлі гады, а працягу не было. У стагоддзе прыквелаў-сіквелаў гэта глядзелася нават дзіўна, хоць, я думаю, фільм глядач стаў забываць. Але ў 2018-м стваральнікі вырашылі ізноў падзарабіць на любімых песнях шведаў і сапсаваць уражанне ад першага фільму.

Было задумана распавесці не толькі як маладая Донна «заляцела» ад трох маладзёнаў (гэта прыквел), але і як у наш час яе дачка пад песні «ABBA» стараецца падтрымліваць у патрэбным тонусе памяць па нябожчыцы маме. Па факце, стваральнікі дылогіі вырашылі не прытрымвацца ніякіх рамак прыстойнасці і стварылі сапраўдную «індыйскую» драму.

Касцюмы, ракурсы і іншая прыгажосць

Другая частка пісьменна падзелена на дзве часовыя паловы. З дапамогай пастаянных флэшбэкаў гледача выносяць у далёкія 70-я і ў патрэбны момант вяртаюць у нашы дні. Нядрэнна перададзена атмасфера Парыжа, касцюмеры добра папрацавалі над яркімі і кантраснымі касцюмамі. Некалькі каларытных грэкаў сваім тэмпераментам дадаюць камедыйнай разыначкі фільму. Выдатна падабраныя пейзажы прымушаюць дзівіцца і моўчкі хочацца дзякаваць аператару за выдатныя ракурсы.

Чаго хочуць ад гледачоў (мы так і не зразумелі)

Але ўсе гэтыя невялікія плюсікі і пераспяваныя песні не дапамагаюць фільму стаць чымсьці ўнікальным. Сюжэт кідаецца з адной бытавой крайнасці ў іншую, камедыя пераходзіць рэзка ў панурую трагікамічнасць, а выдатныя акцёры выглядаюць цыркавымі клоўнамі, якія танцуюць на экране толькі для таго, каб хутчэй адпрацаваць свае кантракты.

Аповесць у першым фільме была лагічнай і ўзважанай, у яе прастаце і была галоўная каштоўнасць. А калі акцёры запявалі «Dancing queen», «The winner takes it all», «Super trouper» і многія іншыя, у іх так бурліла энергія, што ім можна было прабачыць іх слабы голас.

У другой частцы аўтары не могуць даць дакладнага адказу: чаго яны хочуць ад гледача? Каб ён усміхаўся або сумаваў у чаканні хутчэйшага фіналу? Пастаянныя пераходы ад аднаго настрою да іншага атрымаліся залішне стомнымі.

Працяг «Mama mia» падарве ў нашага гледача і так не самую вялікую цікавасць да мюзіклаў. На фільмах гэтага жанру глядач не павінен сумаваць і толькі зрэдку пасмейвацца над глупствам таго, што адбываецца. У дадзеным выпадку маркота перамагла.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]