Гродзенскі скульптар Сяргей Жыльскі другі год працуе над рэстаўрацыяй Старога замка. У яго задачу ўваходзіць стварэнне дэкаратыўных элементаў з пяшчаніку. З гэтага матэрыялу выконваліся ўсе скульптурныя работы палацаў і замкаў у XVI стагоддзі. І зараз гэты камень завозяць з Еўропы для рэканструкцыі Гродзенскага замка.

Задача архітэктараў, скульптараў і мастакоў - зрабіць замак па вонкавым выглядзе максімальна набліжаным да эпохі. Зараз майстар працуе над маскаронамі, якія ўпрыгожаць гістарычны аб’ект.

Некалькі дэкаратыўных элементаў зробленых Сяргеем ужо бачныя на абноўленым замку. Сярод іх вылучаюцца кесоны і фруктовая гірлянда з анёлкам на ўязной браме замка, зробленая сумесна з мінскім скульптарам Станіславам Крукоўскім.

«На дадзены момант на замку заканчваецца першая чарга рэканструкцыі. Мае новыя маскароны якраз у яе і ўваходзяць. Яны будуць упрыгожваць вокны, — распавядае Сяргей. — Адкуль узяліся маскароны? Яны ў 16 стагоддзі выконвалі ролю абярэга. Імі ўпрыгожвалі палацы і замкі. Сваім жахлівым выглядам яны нібыта адганялі злых духаў. Я працую па праектнай дакументацыі Гроднаграмадзянпраекта з фотаздымкамі і чарцяжамі сапраўдных маскаронаў таго перыяду, якія захаваліся ў Еўропе з часоў Стэфана Баторыя».

Скульптар паказаў новыя маскароны, якія хутка з'явяцца на Старым замку
Сяргей працуе

«Праз гады замак здабудзе зноў сваю каштоўнасць»

Спачатку Сяргей ляпіў маскароны са скульптурнага пластыліну, а пасля ўзгаднення з архітэктарамі і карэкціроўкі выразаў іх з пяшчаніку. Зараз маскароны на завяршальнай стадыі. У бліжэйшы час іх змантуюць у апраўленне вокнаў вежы. Пасля маскаронаў Сяргей будзе займацца алтаром капліцы замка і іншым дэкорам.

«Мне пашанцавала і я вельмі рады, што далі магчымасць папрацаваць над дэкорам замка, бо я тут правёў усё дзяцінства. Жыў на вуліцы Заводскай ля берага Нёмана і заўсёды захапляўся замкам. Магчыма, многія рэканструкцыю лічаць новабудоўляй, але пагодзяцца, што даўно саспела неабходнасць у рэстаўрацыі. Мэта нашага пакалення, усіх, хто прымае ўдзел у яго рэстаўрацыі, зрабіць усё магчымае, каб ён максімальна набыў вонкавае аблічча XVI стагоддзя, часу яго найбольшага росквіту.

Так, пасля рэканструкцыі і пасля адкрыцця, магчыма, з’явяцца супярэчлівыя думкі, але праз гады замак здабудзе зноў сваю каштоўнасць і стане ўнікальным, як раней".

Скульптар паказаў новыя маскароны, якія хутка з'явяцца на Старым замку
Ужо выразаныя маскароны

Хацеў бы папрацаваць і з Новым замкам

Пасля рэканструкцыі Старога замка Сяргей прапануе гораду заняцца аб’ектам побач — Новым замкам.

«Калі знайшлі сродкі на замак Баторыя, то хацелася б, каб у будучыні звярнулі ўвагу і на Новы замак. Ён да гэтага часу з рэвалюцыйнай сімволікай і мне гэта вельмі не падабаецца, зусім. Бо ён будаваўся як каралеўскі. Прыйдзе час і яму вернуць былое аблічча. Галоўнае, каб знайшлі сродкі. Мне б хацелася з ім папрацаваць».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]