Заходнебеларускі паэт Міхась Явар скончыў жыццё самагубствам у чэрвені 1933 года. Да 90 гадавіны смерці паэта Hrodna.life узгадаў асноўныя моманты з яго жыцця і разабраўся, што стала прычынай самагубства маладога таленавітага хлопца.

Ад бежанства да самагубства на беразе Нёмана: як склалася жыццё паэта Міхася Явара, творчасць якога амаль не захавалася
Міхась Явар. Крыніца: czasopis.pl

«24 чэрвеня гэтага года [1933 — Hrodna.life], седзячы над берагам Нёмана, каля роднае вёскі Мінявічы, Луненскай гміны Гарадзенскага павета, выстралам з рэвальвера перарваў сабе жыццё малады беларускі паэт Міхась Явар (Карась)».

Так пачынаўся некралог, прысвечаны Міхасю Явару, у часопісе «Шлях Моладзі». 27 чэрвеня 1933 года Міхась Явар памёр у гродзенскім шпіталі.

Шэсць гадоў жыў у бежанстве

Міхась Явар нарадзіўся ў сялянскай сям'і Карасёў 8 лістапада 1903 года ў вёсцы Мінявічы (Мастоўскі раён). У 1915 годзе, з-за Першай сусветнай вайны, сям’я Міхася Карася з’ехала ў бежанства ў Расію. Карасі вярнуліся на радзіму ў 1921 годзе — калі тут ужо была Польшча.

Пачынаць жыццё ў Мінявічах наноў сям'і Карасёў было цяжка. У час вайны рускія казакі шмат чаго спалілі ў вёсцы, каб нічога не пакінуць немцам. А па дарозе дадому сям’ю абрабавалі спачатку бальшавікі, а потым польскія памежнікі.

Ад бежанства да самагубства на беразе Нёмана: як склалася жыццё паэта Міхася Явара, творчасць якога амаль не захавалася
Сям’я Міхася Карася: бацька Андрэй, дочкі Вольга і Люба, сыны Васіль і Міхась, маці Аляксандра. Крыніца: czasopis.pl

Зарабіў на радыё, ловячы рыб

Акрамя Міхася, у сям'і быў брат Васіль і дзве сястры Люба і Вольга. Каб пракарміць немалую сям’ю, Міхась лавіў рыбу на Нёмане і прадаваў яе гандлярам і службоўцам у мястэчку Луна.

«Неяк ён задумаў стаць сапраўдным рыбаком. Ды не меў чоўна. Знайшоў дзесьці ствол крывога дрэва, прывёз пад хату і пачаў яго абчэсваць.

— Міша, што ты робіш? — пытаю.
— Думаю човен выштукавіць.
— Дык матэрыял у цябе крывы…
— Павінна што-небудзь атрымацца…І праўда, атрымаўся нават добры човен
», — ўзгадваў сябра Міхася Явара — Фёдар Макарчык. Яго ўспаміны у 1968 годзе запісаў настаўнік і краязнаўца з вёскі Гудзевічы Алесь Белакоз.

За грошы, выручаныя з продажу рыбы, Міхась набыў радыё, каб слухаць перадачы з Мінска. У яго доме збіралася вясковая моладзь.

Ад бежанства да самагубства на беразе Нёмана: як склалася жыццё паэта Міхася Явара, творчасць якога амаль не захавалася
Хата Явараў у 1980-я гады. Крыніца: czasopis.pl

Выдатна спяваў, але не за грошы

«Гэта быў сапраўдны патрыёт, часта нам чытаў беларускія і рускія кніжкі, а таксама свае вершы. У іх паэт заклікаў да барацьбы за зямлю, за беларускія школы. Часта да яго чапляліся паліцманы, арыштоўвалі, катавалі. Моладзь пад кіраўніцтвам свайго паэта наладжвала самадзейныя выступленні. Вылучаныя грошы ішлі на падпольную работу», — ўзгадваў Фёдар Макарчык.

Быў выпадак, калі Макарчык лавіў на Нёмане рыбу, а ў гэты час на чоўне плыў Міхась Явар, які спяваў. «Калі праплываў побач, неяк спытаў: «Як, Федзя, атрымліваецца ў мяне крыху?» — «Што ты, Міша, ты ж цудоўна спяваеш!».

«У гэты момант па беразе ішлі дзве багатыя дачніцы. Адна з іх папрасіла; «Заспявай яшчэ, дам залатоўку». Міша адразу ж адказаў: «Дам дзве, каб толькі не спяваць для вас. Песні нашы не прадаюцца».

Ладзіў канцэрты і спектаклі, агітаваў за школу і правы беларусаў

Разам з сябрамі Міхась Явар ладзіў канцэрты і спектаклі. Яны гралі іх у Мінявічах і суседніх вёсках. Самадзейныя артысты ставілі спектаклі паводле п’есаў Янкі Купалы, Леапольда Радзевіча, Каруся Каганца. Перад пачаткам пастановы Явар выходзіў на сцэну і чытаў паэтычныя радкі.

Явар быў таксама грамадскім дзеячам і актывістам. Ён падтрымліваў сувязь з Беларускай сялянска-работніцкай грамадой, агітаваў за школу на роднай мове і распаўсюджваў лістоўкі.

На творчасць Явара натхніў Васілёк

Міхась Явар сябраваў з паэтам Міхасём Васільком. Калі яны сустракаліся, дык размаўлялі пра паэзію і Беларусь. Часцей за ўсё іх сустрэчы адбываліся на беразе Нёмана. Верагодна, што менавіта Васілёк натхніў Явара займацца творчасцю.

Ад бежанства да самагубства на беразе Нёмана: як склалася жыццё паэта Міхася Явара, творчасць якога амаль не захавалася
Міхась Васілёк. czasopis.pl

Міхась Васілёк наведваў Явара і слухаў яго вершы. Паказваў, як і што варта паправіць. А таксама падбадзёрваў захварэўшага на сухоты паэта.

«Явар — гэта быў чалавек з такою ўражліваю, чулай душою, якіх я яшчэ не сустракаў. Прыходзілася дзівіцца, гледзячы на яго: няўжо гэты рыбак, які вось так проста сядзіць у сваім чоўне, без шапкі, чорны, загарэлы, з дзвюма ўпадзінамі замест вачэй — мае такую паэтычную душу? Ён глядзеў на свет вачыма дзіцяці, баючыся пакрыўдзіць каго нават думкай сваёю…», — узгадваў Явара Міхась Васілёк у лісце да дырыжора Рыгора Шырмы ў лістападзе 1933 года.

Чытайце таксама: Палац графіні Красінскай, мясціны Ажэшкі і… жалезны чалавек. Што пабачыць за дзень у ваколіцах Гродна

Пачаў друкавацца за год да смерці

Першыя вершы Міхася Явара пачалі друкаваць у віленскім часопісе «Шлях моладзі» ў 1932 годзе. Першы надрукаваны верш — «Ружы і салавей». Таксама Явар друкаваў свае творы ў іншых заходнебеларускіх выданнях — віленскіх «Беларуская газета» і «Летапіс Таварыства беларускай школы».

Чаму вырашыў застрэліцца

Міхась Явар быў закаханы ў дзяўчыну з суседняй хаты Анісю Мікулу. Але з-за таго, што хлопец хварэў на сухоты, дзяўчына адмовілася пабрацца з ім шлюбам. Таксама бацькі Анісі былі супраць, бо яе бацька не жадаў, каб дачка засталася ўдавою.

«Мама паслала мяне да Нёмана перамыць зелля. Я подбегам спусцілася да вады, хуценька перамыла зелля, сабрала яго ў кошык, але заўважыла, што Міша спускаецца з берага. На сцежцы Міхась сказаў: „Пастой крыху“. Я спынілася. Ён узяў мяне за руку, дастаў ліворвар [рэвальвер — Hrodna.life] і запытаў: „Аніся, ці баішся ты смерці?“

— А хто ж ні баіцца відавочнай смерці? — адказала я.

Тады Міхась моцна сціснуў мяне за руку і пайшоў да грушак, якія раслі на беразе Нёмана. Я ўзыйшла на бераг і назірала, што ён будзе рабіць. Ён скінуў каптан, шапку, паклаў усё гэта каля грушкі, а тады выстраліў сабе ў грудзі…», — распавяла ў 1975 годзе Аніся Бобрык (у дзявоцтве Мікула).

Ад бежанства да самагубства на беразе Нёмана: як склалася жыццё паэта Міхася Явара, творчасць якога амаль не захавалася
Міхась Явар. Крыніца: czasopis.pl

«Ён да майго татка хадзіў галіцца. Заўсёды прыходзіў у суботу. А то прыйшоў у чацвер. Пад нуль кажа, падстрыжыце. Бацька пытаецца, Міша, той жэж яшчэ не субота. Ну, мне трэба сёння. Ён падбрыў, а той пайшоў і застрэліўся», — распавяла ў 2018 годзе аднавяскоўка Міхася Явара — Марыя Блеш, да бацькі якой паэт хадзіў галіцца.

Куля не патрапіла ў сэрца

Міхась Явар стрэліў у сябе 24 чэрвеня 1933 года, але куля не патрапіла ў сэрца. Паэта адвезлі ў гродзенскі шпіталь. Яму прыводзілі ксяндза і праваслаўнага святара, але ён не прыняў нікога. 27 чэрвеня 1933 года Явар памёр. Яго пахавалі на могілках у суседняй ад Мінявіч вёсцы Падбараны.

Ад бежанства да самагубства на беразе Нёмана: як склалася жыццё паэта Міхася Явара, творчасць якога амаль не захавалася
Пачатак некралога Міхасю Явару ў часопісе «Шлях моладзі». Крыніца: czasopis.pl

Творчасць Міхася Явара амаль не захавалася

Перад смерцю Міхась Явар перадаў усе свае вершы сябру Вінцуку Мікулу. Але падчас Другой сусветнай вайны Вінцука шукалі немцы, таму яго жонка, баючыся, каб немцы не выявілі вершаў Явара, усё спаліла. Засталіся толькі вершы, якія былі надрукаваны ў часопісах і газетах.

У 1968 годзе краязнаўца Алесь Белакоз за ўласныя грошы замовіў два бюсты Міхася Явара ў скульптара Станіслава Быка. Адзін бюст размясцілі ў Луненскім музеі, а другі - у Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. У 1991 годзе вуліцу Энгельса ў мястэчку Луна перайменавалі ў вуліцу Міхася Явара. Таксама каля берага Нёмана ў вёсцы Мінявічы ўсталявалі камень Міхася Явара, на якім напісана «Марам Міхася Явара».