Спадчына

Ад шумераў і драўляных бочак да Носеля Пупко і Olvi: рэпартаж з «Музея Лідскага бровара»

«Музей Лідскага бровара» адкрыўся для наведвальнікаў на заводзе «Лідскае піва» ў красавіку 2022. Журналісты Hrodna.life аднымі з першых пабывалі на экскурсіі і даведаліся, што можна пабачыць і пачуць на найстарэйшым півавараным заводзе Беларусі.

Празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю!

Музей размяшчаецца на чатырох паверхах найстарэйшага будынка завода. Хоць на коміне і бачны надпіс «Сущ. с 1876», сам будынак з’явіўся толькі ў 1910 годзе. Раней заснаваны Носелем Пупко ў 1876 годзе бровар змяшчаўся ў драўляных збудаваннях, а гэта было пажаранебяспечна.

Гістарычны будынак лідскага бровара, у якім размяшчаецца музей

Экспазіцыя пачынаецца з агульнай гісторыі піва. У зале, які імітуе сапраўдны бровар, можна даведацца, што піва вынайшлі яшчэ старажытныя шумеры. Археалагічныя звесткі кажуць, што піва варылі ў Месапатаміі 5000 і больш тысяч гадоў таму!

Сёння працэс варкі піва больш складаны і тэхналагічна дасканалы. Пра яго дэтальна расказвае экскурсавод. Аказваецца, любое, нават «нефільтраванае» піва ўсё ж праходзіць як мінімум адну фільтрацыю — аддзяленне ад вадкасці клетак дрожжаў ды іншых узвешаных частак.

Музей працуе з серады па нядзелю з 10.00 да 18.00. Экскурсіі пачынаюцца ў 10.00, 13.00, 15.00 і 16.00. Абавязкова загадзя трэба забраніраваць час
Шумеры захоўвалі піва ў гліняных гаршках, нашыя продкі - у драўляных бочках. Бочкі і зараз выкарыстоўваюцца ў піваварэнні, але не прамысловым, а крафтавым. Ёсць нават рынак ужываных бочак з-пад віскі, у якіх адстойваюцца некаторыя гатункі цёмнага піва — портэраў і стаўтаў

Для кожнага напою — свая вада

На «Лідскім піве» для ўсіх напояў - піва, кваса, Pepsi, пітной вады Aura ды іншых — выкарыстоўваецца ўласная вада. На тэрыторыі прадпрыемства ёсць дзве свідравіны глыбінёй 300 метраў. З іх здабываюць 150 тон вады ў гадзіну. Для прыгатавання аднаго літра піва трэба выкарыстаць пяць літраў чыстай вады.

Вада таксама адрозніваецца. Для піва — адна, для кваса — іншая. Для Pepsi, каб смак быў ідэнтычны ва ўсіх заводах свету, выкарыстоўваецца ачышчаная, фактычна дыстыляваная вада.

Не толькі смак, але і пах

У адной з залаў вам прапануюць параўнаць і пазнаць пахі характэрныя для розных гатункаў піва. Пшанічнае мае арамат бананаў, цытрусаў. Цёмныя гатункі - шакаладны, карамельны, гваздзікавы пах. Пахі закупараныя ў бутэльках, але пазнаць хаця б палову з усіх можа толькі сапраўдны знаўца. Ёсць некалькі бутэлек з пахамі, якіх не павінна мець добрае свежае піва.

У наступнай зале можна пабачыць калекцыю розных піўных бутэлек XIX-XX стст. з нашага рэгіёну. Ёсць не толькі бутэлькі з бровара Носеля Пупко (менавіта імя заснавальніка доўгі час было ў назве заводе), але і гістарычныя бутэлькі ад знакамітых польскіх бровараў Okocim, Dojlidy, бровараў украінскага Львова, літоўскага Шаўляя, Смаленска ды іншых гарадоў колішняй Расійскай Імперыі. Ёсць і калекцыя піўных этыкетак.

Для кожнага гатунку — свой куфаль

У чарговай зале можна пабачыць «перыядычную табліцу стыляў піва» ды даведацца, што для кожнага гатунку ёсць свой куфаль: «цюльпан» для бельгійскіх эляў і ламбікаў, «штанге» для пільзнераў, «імперская пінта» для стаўтаў і г. д. Там жа можна на інтэрактыўных панэляў згуляць у простыя гульні, каб выйграць «імянную этыкетку».

Чытайце таксама: Уехал в Бельгию и сварил лучшее пиво в мире. История Матвея Шафранского из Гродно

Наступная зала расказвае пра фінскі канцэрн Olvi, якому (пакуль што) належыць 96% «Лідскага піва». Беларускі завод — самы буйны ў складзе канцэрну. У шафах можна пабачыць гатункі піва і напояў, якія выпускаюць іншыя заводы групы ў Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі і Літве.

«Музей Лідскага бровара» расказвае не толькі пра гісторыю, але і пра сучаснасць «Лідскага піва». Можна пабачыць макет завода, відэаролікі з цэхоў, даведацца пра сувязі і інвестыцыі
Лімітаваныя гатункі піва ад лідскага бровара. Адзін з іх у 2018 годзе быў прысвечаны 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёння такую тэматычную серыю было б цяжка ўявіць

Перад канцом экскурсіі вас запросяць у кіназалу, дзе ў рэкламным роліку актор, які грае заснавальніка бровара Носеля Пупко, яшчэ раз расказвае пра гісторыю і сучаснасць завода.

Заканчваецца паўтарагадзінная экскурсія на паддашшы будынка ў імправізаваным бары, дзе вам прапануюць дэгуставаць некалькі папулярных гатункаў ад «Лідскага піва».

Дарэчы, прамысловыя экскурсіі па цэхах прадпрыемства, якія можна было заказаць яшчэ некалькі гадоў таму, цяпер не праводзяцца. Маўляў, на дзеючым прадпрыемстве не варта іх рабіць ды і настроі кіраўніцтва на гэты конт змяніліся.

Чытайце таксама: В Китае обнаружили вино «Лидское». Белорусские пивовары разводят руками

Празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю!

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024