Колькі ў свеце вуліц з назвай Гродзенская? Чаму вуліцы, прысвечаныя нашаму гораду, можна адшукаць на іншым канцы свету, хто і калі іх так называў? Інтэрнэт дазваляе адшукаць многія Гродзенскія вуліцы, але дакладна палічыць іх немагчыма. Здаецца, іх не менш сотні.

Вуліцы Гродзенскія, якія паказвалі накірунак на Гродна

Іх найболей у ваколіцах Гродна, а таксама ў суседніх раёнах Польшчы і Літвы. У Гродна вялі вуліцы ў Друскеніках, Саколцы, Беластоку, Кнышыне, Навагрудку, Слоніме, Індуры, Семятычах, Лідзе, Шчучыне…

Некаторыя з іх, напрыклад у Беластоку і Саколцы, рэгулярна бачаць тыя, хто наведвае Ашан у сталіцы Падляскага ваяводства. А вось вуліцу Гродзенскую ў Ліпску недалёка ад беларуска-польскай мяжы не бачыў амаль ніхто з Гродзенцаў. А між тым да Другой Сусветнай вайны жыхары многіх мястэчак і вёсак на паўночны-захад ад Гродна выязджалі да нас на кірмаш або ў касцёл.

На Гродзенскай вуліцы: дзе ў свеце ёсць вуліцы ў гонар Гродна і як яны выглядаюць
Вуліца Гродзенская ў Ліпску
Сёння яна заканчваецца пагранічным тупіком у раёне вёсак Сафіёва і Ліпшчаны. Калі ж нашы ды польскія ўлады дагаворацца пра пабудову пагранічнага перахода для турыстаў, то Ліпск стане гродзенцам бліжэйшым чым нават недалёкі Сапоцкін.

Вуліцы Гродзенскія, названыя ў гонар Гродна

Такія вуліцы, як правіла, накірунак на Гродна не паказваюць, найчасцей наогул ідуць з поўначы на поўдзень. Іх найбольш на прасторах былой постсавецкай прасторы, калі модна было называць вуліцы назвамі гарадоў братніх савецкіх рэспублік.

Самы стары з тых, што атрымалася знайсці - Гродзенскі завулак у Пецярбурзе. Яго назвалі так аж у 1858 г. разам з назвамі суседніх вуліц па гарадах заходняй часткі Імперыі - Коўна, Мітавы ды іншых. Трэба сказаць, што гэта самая прыгожая ў плане архітэктуры з гродзенскіх вуліц, які ўдалося выявіць. Гродзенскія вуліцы да завулкі ёсць ва ўсіх суседніх сталіцах — Маскве, Мінску, Кіеве, Вільні ды Варшаве, а таксама ў Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Варонежы, Растове-на-Доне (завулак), літоўскіх Шаўляі, Алітусе, Марыямпалі, украінскіх Краматорску і Данецку, а таксама ў Брэсце. Усё гэтага збольшага вуліцы з прыватнай забудовай, пачынаючы ад досыць сімпатычнай нечым нагадваючай наш Новы Свет Гродзенскай у Варонежы да страшнаватай зарослай кустамі Гродзенскай у Самары.
На Гродзенскай вуліцы: дзе ў свеце ёсць вуліцы ў гонар Гродна і як яны выглядаюць
Вуліца Гродзенская ў Ліможы
Ну і паколькі ў Гродне ёсць вуліца ў гонар французскага горада-пабраціма Ліможа (ці памятаюць у Францыі, што маюць пабраціма на берагах Нёмана?), то і ў Ліможы мясцовыя радныя-камуністы дамагліся, каб і там з’явілася Гродзенская вуліца.
На Гродзенскай вуліцы: дзе ў свеце ёсць вуліцы ў гонар Гродна і як яны выглядаюць
Вуліца Гродзенская ў Ліможы
Цяпер гэта невялікая сімпатычная вулка забудаваная прыватнымі і невялікімі некалькікватэрнымі дамамі. Нават цэны на жытло на Гродзенскай вуліцы ў Ліможы можна даведацца — каля 1300 еўра за квадратны метр. Не так і дорага, праўда?

Вуліцы Гродзенскія, названыя ў памяць пра Гродна

Найбольш такіх вуліц у Польшчы. Іх даюць людзі, чые нашчадкі жылі некалі ў Гродне і цяпер захоўваюць памяць пра зямлю продкаў. Гродзенскія вуліцы ёсць галоўным чынам на былых нямецкіх землях — у Элку, Гданьску, Вроцлаве, Аполі. У 2011 г. Гродзенская вуліца з’явілася ў Познані. Самая сімпатычная вуліца ў Гданьску. Такі яўна нятанны раён прыватнай забудовы недалёка ад цэнтра.

Самая далёкая вуліца, яўна названая ў памяць пра Гродна, знаходзіцца ў Сіракузах на ўсходзе ЗША недалёка ад берагоў возера Антарыё. Гэта нейкі лагістычны цэнтар, які знаходзіцца паміж вуліцамі Познаньскай і Вавельскай! Цікава было б даведацца, хто і калі такую назву той далёкай вуліцы надаў.
На Гродзенскай вуліцы: дзе ў свеце ёсць вуліцы ў гонар Гродна і як яны выглядаюць
Вуліца Гродзенская ў Сіракузах, ЗША
Такія таямнічыя Гродзенскі назвы ёсць і на Гродзеншчыне. Напрыклад на хутары Мітраполь на Навагрудчыне адразу два Гродзенскіх завулка — 1-шы і 2-і. Думаецца, што той, хто захоча даследаваць гісторыю паходжання Гродзенскіх вуліц па ўсім свеце, зробіць нямала цікавых адкрыццяў.