Пра байкераў у Гродна ўспамінаюць штогод, калі адбываецца традыцыйны фэст «Хавайся ў бульбу». Горад напаўняецца каларытнымі брутальнымі мужчынамі, ровам іх матацыклаў і розгаласам рокавых рытмаў. Праводзіць фестываль клуб «NASHORN FREE RIDERS» MCC ці карацей «Насарогі». Пра частку жыцця клуба, нябачную гарадзенцам, а таксама пра побыт і традыцыі байкераў расказаў Павел Матвееў, у байкерскім асяродку больш вядомы як «Матвей». Гэты тэкст выйшаў раней на «Тваім стылі». А зараз акурат добрая нагода пачытаць яго на Hrodna.life

Насарогі ў бульбу не хаваюцца. Гарадзенскі байкер пра клубнае жыццё і гісторыю мясцовага байк-руху

Пра тое, што летам час хавацца ў бульбу, гарадзенцы добра ведаюць. А хто не схаваўся — байкеры не вінаватыя

Насарог праблем не бачыць. Астатняе — не яго праблемы

Як знакавую падзею, з якой пачаўся гарадзенскі байк-клуб, Матвей узгадвае фестываль у Лагойску ў 2001 годзе. «Разам з Эндрю і Міхал Міхалычам прыехалі мы на фэст. Тады крутых байкаў не было. Падарожнічалі на „Явах“ ды „Уралах“. І хоць былі мы ў тую пару маладымі і хударлявымі, трымаліся ў тусоўцы ўпэўнена і незалежна, калі што — ішлі напралом».

Пад час таго фэсту і нарадзілася параўнанне з жывёлай, што пазней стала сімвалам і назвай клуба. «Насарог не вельмі добра бачыць, але з такой масай гэта не яго праблемы»,

— узгадвае Матвей байкерскі жарт таго перыяду.

Насарогі ў бульбу не хаваюцца. Гарадзенскі байкер пра клубнае жыццё і гісторыю мясцовага байк-руху
Насарогаў розных колераў і матэр’ялаў можна знайсці ў клуб-хаўсе побач з фестывальнымі кубкамі і мадэлямі матацыклаў

Сабрацца і сказаць што мы клуб — недастаткова

Месцам тусоўкі гарадзенскіх байкераў пачатку 2000-х была запраўка на выездзе ў бок Азёраў - адзінае на той час месца, дзе кругласутачна падавалі каву. Тут і быў пункт старту сяброўскіх «пакатушак». «Гродна горад невялікі, мы ўсе тут жылі ад малога, ведалі адзін аднаго і, канечне, сябравалі». З таго шэрагу прычын паўстала рашэнне «аформіць байкерскія адносіны» больш цывілізавана, як прынята ў свеце, і арганізаваць клуб.

У сусветных байкерскіх традыцыях шлях да клуба пачынаецца з «Free group» — вольных суполак. Гэта першая прыступка ў клубнай іерархіі. Новую вольную групу падтрымаў моцны і аўтарытэтны Лідскі байкерскі клуб, таму неўзабаве гарадзенцы ўвайшлі ў склад Беларускай асацыяцыі байк-клубаў і атрымалі права насіць клубныя «колеры» і камізэлькі.

І сцяг, і пашпарт

Стаўленне да камізэлек у байкераў вельмі трапяткое. Як вынікае з расповеду Матвея, гэта не проста рэч ці частка строю — камізэлька для чальца байк клуба — адначасова і сцяг, і пашпарт.

«Гэта не знак абранасці, а сведчанне ўзятых на сябе абавязкаў. Трэба разумець, што адзеўшы клубную камізэльку ты бярэш на сябе вялікую адказнасць. Бо за кожны твой учынак будзе адказваць і ўвесь клуб цалкам. Клуб стане за цябя гарой у любой сітуацыі, бо гэта — наша байкерскае брацтва».

Насарогі ў бульбу не хаваюцца. Гарадзенскі байкер пра клубнае жыццё і гісторыю мясцовага байк-руху
Вялікая нашыўка на спіне азначае — гэта чалец клуба. Ён прадстаўляе ўвесь клуб і за яго ў адказе ўся суполка

Каб стаць чальцом клуба трэба спачатку прайсці пэўны перыяд у ролі «hand around» — такога своеасаблівага сябра клуба, што «трымаецца пад рукою». Гэтыя людзі бяруць удзел у падрыхтоўцы і арганізацыі мерапрыемстваў клуба і увогуле «тусяць» разам з «мэмбэрамі». Да кандыдата пільна прыглядаюцца — ці варты ён быць чальцом клуба, ці зможа выжыць у гэтым коле і адпавядаць папрабаванням байкераў. Калі так, то ён атрымлівае статус «prospect» — перспектыўны чалец клуба і разам з ім — нашыўку, што носіцца на грудзях. Каб атрымаць нашыўку на спіне — «запаветныя рокера» — часам даводзіцца яшчэ доўга даказваць, што ты патрэбен клубу. Калі такі момант прыходзіць, то на агульным сходзе «мэмбэры» галасуюць за прыняцце новага чальца ў клуб.


Мотатаксі ў Гродне 5 гадоў! А ў планах у байкераў ёсць нават мотаэкскурсіі


Байкер ці не? Цана пытання

Калі разважаць пра больш матэр’яльныя рэчы, то цана «ўвахода ў клуб» гэта матацыкл і правы катэгорыі А. Што да матацыкла, то ён можа быць любым: «хоць «Іж», хоць «Міньчык», хоць «Рыга-гунэр». У гэтым сэнсе стаўленне абсалютна дэмакратычнае.

«Мы самі некалі пачыналі з савецкіх матацыклаў і разумеем, што каб быць разам з намі, чалавек не абавязкова павінен быць заможным, — расказвае байкер, — самі не дужа багатыя. Нашы матацыклы — гэта сведчанне апантанасці ідэяй, а не заможнасці».

Пра сябе Матвей расказвае, што доўгі час ездзіў на «перавараным у амерыканскім стылі» «Урале» і нават не марыў пра японскі матацыкл.

Насарогі ў бульбу не хаваюцца. Гарадзенскі байкер пра клубнае жыццё і гісторыю мясцовага байк-руху

Зараз у гаражы Матвея абаснаваўся «Harley-Davidson», а калісці ездзіў ён на перавараным «Урале», каторы быў уласнаручна перапілены папалам і падоўжаны на 20 сантыметраў, каб адпавядаў «амерыканскаму» стылю

Апрануць байкера: прыбабахі і musthave

1. Скура і шнуроўкі

Што да адзення, то перавагу скураному аддаюць не дзеля моды і ці стылю, а нейперш з нагоды бяспекі.

«Пры сустрэчы з асфальтам хай на ім лепш застанецца свіная скура, чым уласная».

Зараз, са словаў Матвея, скура перастае быць адзіным байкерскім матэрыялам, многія пераходзіць на сінтэтыку з высокім узроўнем абароны. Пра свае скураныя штаны ён кажа, што гэта хутчэй «даніна традыцыі». Што да шнуровак, то гэта таксама больш тэхнічны, чым дэкаратыўны элемент. Яна дазваляе змяняць памеры адзення: зімой можна нешта пададзець, распусціўшы шнуроўку, а летам падцягнуць паскі, каб аблягала шчыльней.

Скураная куртка абыдзецца байкеру ў суму ад 150 долараў. Верхняй мяжы няма. Сучасная тэхніка дайшла да таго, што байкерскія скуранкі могуць быць нават з падушкамі бяспекі - ад удару надуваюцца, як мячыкі. Сам Матвей замаўляе скураное адзенне ў краўцоў-байкераў з Мінска. А пачаткоўцы часта і ў сэкандах скуранкі набываюць.

2. Тэрмабялізна

Гэта частка экіпіроўкі байкераў на халоднае надвор’е. Сучасныя матэрыялы зрабілі тэрмабялізну тонкай і цёплай, што дазваляе адчуваць сябе камфортна і свабодна рухацца. З іншага боку, раней абыходзіліся і звычайнымі цёплымі рэчамі без прыстаўкі «тэрма» ў назве.

3. Абутак

Байкерскі абутак мусіць перадусім быць зручным. «Ездзім у казаках ці чоперах, бо іх тоўстыя падэшвы дазваляюць добра апераваць рычагамі перадач». У «мотасланцы», са словаў Матвея, нармальныя байкеры не абуваюцца, бо лішняя рызыка ім не патрэбна.

Насарогі ў бульбу не хаваюцца. Гарадзенскі байкер пра клубнае жыццё і гісторыю мясцовага байк-руху

Абарона неабходна, але і яна можа быць вельмі стылёвай. Выбар кожнага адпавядае ўласнаму густу і дастатку

4. Шлем

Гэта абявязковая частка экіпіроўкі. «Калі бачыш, што робіцца са шлемам пасля сустрэчы з асфальтам, то разумееш, на колькі ён падвышае твае шансы сустрэць і наступны сезон верхам на матацыкле». Сітуацыі на дарозе бываюць розныя і ад байкера не ўсё залежыць. «Могуць элементарна знесці з дарогі, бо проста не заўважаць, ніякі досвед тут не дапаможа». Цэны шлемаў пачынаюцца ад 50 долараў. У гэтай сітуацыі сэканд-хэнд недапушчальны, бо шлем разлічаны на адзін удар. «Сустрэўся з асфальтам — купляй новы».

5. Абарона

Да абаронных прыстасаванняў адносяцца накаленнікі і «чарапахі» — адмысловыя карсеты, распрацаваныя для матацыклістаў, з улікам іх тыповых нагрузак. Таксама зараз пачало з’яўляцца адзенне з убудаванымі элементамі абароны, кшталту мотаджынсаў з кеўларавымі ўстаўкамі.

Але адзенне і аксесуары гэта не самае важнае ў байкерскім асяродку, падкрэслівае Матвей. Найперш трэба быць сумленным, смелым, гатовым ісці на выручку і не кідаць у бядзе.

Байкерскія байкі

Вакол байкерскага руху ўжо склаўся пэўны фальклёр. Легенды распавядаюць, напрыклад, што каб стаць чальцом клуба трэба прайсці выпрабаванне — пхаць свой незаведзены матацыкл паўкіламетра па бездарожжы.

Насарогі ў бульбу не хаваюцца. Гарадзенскі байкер пра клубнае жыццё і гісторыю мясцовага байк-руху

Гэта не ўступныя істыпы для будучух чальцоў клуба. На здымку — адзін з эпізодаў сёлетняга заезда «Oppozitrun», якім клуб штогод адкрывае байкерскі сезон пасля зімы

Гэтыя байкі, са словаў Матвея, рэальнасці не адпавядаюць, але карысныя хаця б тым, што прыцягваюць увагу грамадскасці да суполкі. Насамрэч, з рытуалаў у гарадзенскіх насарогаў ёсць толькі сходы, што праводзяцца раз на пару тыдняў. Гэта патрэбна, каб абмеркаваць надзённыя пытанні па мерапрыемствах, якія арганізуе клуб, ці эксплуатацыі клуб-хаўса.

Браты і сёстры

Байкерскія клубы ва ўсім свеце збіраюцца па прыкмеце пола. Гэта свайго роду брацтвы і сястрынствы. Гарадзенскія насарогі - чыста мужчынскі клуб. Жанчыны ў суполцы, «нашы другія нумары», як іх называе Матвей, гэта тыя, што ездзяць за спіной байкераў.

Насарогі ў бульбу не хаваюцца. Гарадзенскі байкер пра клубнае жыццё і гісторыю мясцовага байк-руху

Дзяўчаты ў клубе гэта «другія нумары». Байкерскія клубы ва ўсім свеце арганзуюцца як «братствы» ці «сястрынствы». Сумесных клубаў не існуе

Гэтыя дзяўчаты — сур’ёзная дапамога і падтрымка для байкераў. Могуць, калі трэба, і ў бойку ўмяшацца. Але асноўны ўнёсак дзяўчат у клубнае жыццё гэта арганізацыйная праца.

Гарадзенскія байкеры зладзілі мотавяселле

У блізкіх да клуба дзяўчатах байкеры бачаць і добры патэнцыял. Некаторыя з іх маюць правы і набылі ці збіраюцца набыць матацыклы. «У гэтым сезоне як мінімум чацвёра нашых дзяўчат выедуць на дарогу». Потым, калі будзе жаданне, яны змогуць аб’яднацца ў вольную групу і з цягам часу стварыць свой клуб. Зараз насарогі сябруюць з літоўскім жаночым клубам «Феі вятроў», падтрымліваюці мінскую жаночую байк-суполку, што зараз збіраецца ўступаць у байкерскую асацыяцыю.

«Дзяліць дарогу па палавой прыкмеце мы не збіраемся. Мудакі за стырном існуюць незалежна ад пола і ўзроста».

Штодзённасць гарадзенскіх насарогаў

З жыцця байкерскай тусоўкі Гродна найбольш вядомы фэст «Хавайся ў бульбу». Гэта маштабнае мерапрыемства — тая самая вяршыня айсберга, што бачна ўсім. Сёлета фестываль пройдзе 8−9 чэрвеня. Пасля імпрэзаў у горадзе байкеры будуць бавіць час на аграсядзібе «Дом рыбака"ў Каробчыцах.