Яраслаў Сямінскі - мадэль і фітнес-інструктар з Гродна, які прапагандуе здаровы лад жыцця. У 2017 годзе хлопец паспрабаваў сябе ў новым відзе дзейнасці - працы натуршчыка. У Гродне такія людзі карыстаюцца попытам, асабліва ў мастацкіх каледжах і на мастацкім факультэце ўніверсітэта. Як гэта — стаяць распранутым перад цэлай залай студэнтак — Яраслаў распавёў Hrodna.life.

«Ух, з цябе хоць карціны малюй!»

Штодзённае пазіраванне па некалькі гадзін — не толькі незвычайная фізічная праца, але і магчымасць даведацца нешта новае пра сябе, а нават адкрыць нейкія незвычайныя здольнасці. Калі Яраслаў стаў натуршчыкам, ён упершыню ўбачыў сябе намаляваным і зразумеў, над якімі часткамі цела яму трэба больш старанна працаваць.

«Я шмат займаўся на турніках, а пасля вырашыў пайсці ў залу і заадно прасоўваць свае ідэі ды вучыць іншых, — распавядае Яраслаў. — Аднойчы ў трэнажорнай зале, калі зняў майку, інструктары пачалі жартаваць: „Ух, з цябе хоць карціны малюй“. Мне ідэя спадабалася. Я прыйшоў дадому і пачаў шукаць, дзе і каму патрэбныя натуршчыкі. Аказалася, у адным з гродзенскіх каледжаў для мастакоў быў патрэбны такі чалавек».

Як гэта - гадзінамі пазіраваць для мастакоў: натуршчык расказвае пра сваю працу
Яраслаў Сямінскі пазіруе для маладых мастакоў

«Твая справа — быць захапляльным»

Яраслаў прыйшоў у Гуманітарны каледж і сказаў, што хоча пазіраваць. Выкладчыкі адказалі станоўча. Склалі дагавор на некалькі пастановак, якія ўключалі ў сябе партрэт і напаўаголеную фігуру. Хлопец ужо на наступны дзень пазіраваў.

«Язык не павернецца сказаць, што ў гэтай працы ёсць нешта складанае. Напэўна, самае цяжкае — доўга знаходзіцца ў адным становішчы. Працаваць мадэллю-натуршчыкам гэта значыць выстаўляць сябе мастакам. Цябе скрупулёзна вывучаюць, вымяраюць у дэталях кут падзення святла на ўсе часткі цела, каб потым адлюстраваць усё вельмі дакладна на паперы.

Камусьці можа быць няёмка, што на яго накіравана столькі ўвагі. Гэта можа нагадваць погляды мінакоў на вуліцы, аднак ты хутка разумееш, чым больш на цябе глядзяць, тым большая павага табе праяўлена. А твая справа — гэта быць захапляльным".

Як гэта - гадзінамі пазіраваць для мастакоў: натуршчык расказвае пра сваю працу
Каб намаляваць натуршчыка Яраслава маладым мастакам трэба некалькі заняткаў. Кожны мастак малюе са свайго ракурсу

Лепш не гаварыць пра грошы

За працу натуршчыкам плацяць. Праўда, не вельмі вялікія грошы. Але Яраслаў пазіруе не з-за ганарараў, а таму, што хацеў паспрабаваць сябе ў новай ролі. З аднаго боку, гэта мадэльная дзейнасць, а з другога — нешта незвычайнае.

«На пазіраваннi нават можна пабудаваць кар’еру. Як і ў любой сферы дзейнасці, поспех залежыць толькі ад цябе. Што тычыцца фінансавых пытанняў, то тут інфармацыя канфідэнцыйная. Я лічу за лепшае не гаварыць пра грошы, а інвеставаць іх. Калі чалавека цікавяць толькі грошы, то ідэя быць натуршчыкам дакладна не для яго».

Як гэта - гадзінамі пазіраваць для мастакоў: натуршчык расказвае пра сваю працу
Яраслаў Сямінскі - мадэль, фітнес інструктар, які прапагандуе здаровы лад жыцця і тэорыю здаровага развіцця цела і арганізма. У 2017 годзе хлопец вырашыў паспрабаваць новы для сябе від дзейнасці - працу натуршчыка.

Як Апалон

Яраслаў і сам не ведае, як доўга будзе пазіраваць. Пакуль гэта работа яму падабаецца. У каледжы натуршчыкі мяняюцца пастаянна, бо мастакам патрэбныя новыя асобы, целы і прапорцыі. Набор поз у натуршчыкаў дастаткова стандартны. Самая папулярная — кантрапост, як у Венеры Мілоскай і Давіда. Гэта калі вага цела пераносіцца на адну нагу, а плоскасці таза і плячэй разыходзяцца.

Як гэта - гадзінамі пазіраваць для мастакоў: натуршчык расказвае пра сваю працу

«Цяпер я ад пазіравання атрымліваю толькі задавальненне, бо часам сяджу ці стаю як Апалон. Я наогул атрымліваю задавальненне ад усяго чым займаюся — гэта мая філасофія.

Для сябе я зрабіў выснову, што натуршчык павінен відавочна валодаць крытэрамі персанажа, якога малююць мастакі. Трэба паднесці сябе правільна. Думаю, натуршчык павінен быць мадэллю з яркавыяўленай фактурай, хоць і не ўсе мастакі са мной згодныя. Можа яны і маюць рацыю, бо яны малююць".

Як гэта - гадзінамі пазіраваць для мастакоў: натуршчык расказвае пра сваю працу
Няскончаная праца маладой мастачкі, якая малюе натуршчыка