Унікальныя здымкі старых яўрэйскіх могілак, знішчаных у канцы 1950-х падчас будаўніцтва футбольнага стадыёна, знайшлі ў Гродне на вуліцы Славацкага. У пасляваенны час пахаванні фатаграфаваў гродзенец Аляксандр Бярнацкі.

Самыя вялікія яўрэйскія могілкі ў Гродне на вуліцах Каліноўскага — Горкага — Камунальная афіцыйна закрылі 26 красавіка 1949 года. Гэтыя могілкі ў міжваенны час называліся «Новыя». Нягледзячы на назву, ім было каля 200 гадоў.

Адкуль здымкі?

Да нядаўняга моманту ў Гродне не ведалі пра існаванне панарамных здымкаў «Новых» яўрэйскіх могілак. Іх 24 ліпеня выпадкова знайшлі ў фотаальбоме гродзенца Аляксандра Бярнацкага, які памёр у 1972 годзе. Захавальнікі альбома, сям’я Лазарэвіч, распавялі пра гэтага чалавека.

«Аляксандр Аляксандравіч быў патрыётам свайго горада. Ён жыў на Славацкага і ў пасляваенныя гады працаваў на мясакамбінаце па вуліцы Камунальнай. Яго шлях на працу праходзіў праз яўрэйскія могілкі. Ён ведаў некаторых людзей, якія там былі пахаваныя. Калі могілкі сталі руйнаваць, ён пачаў абурацца, казаў што так рабіць нельга. Казаў, гэта гродзенцы, якія будавалі гэты горад, жылі тут. А цяпер на іх касцях хочуць пабудаваць стадыён», — распавялі ў сям'і Лазарэвіч.

Помнік на магіле Найдуса стаяў да апошняга: у Гродне знайшлі невядомыя здымкі знішчаных яўрэйскіх могілак
Яўрэйскія могілкі, 1950-я гады

Помнік на магіле Найдуса стаяў да апошняга: у Гродне знайшлі невядомыя здымкі знішчаных яўрэйскіх могілак
Яўрэйскія могілкі, 1950-я гады

Помнік Найдусу вылучаўся сярод іншых

У Аляксандра Бярнацкага быў фотаапарат і апошнія гады могілак яму ўдалося захаваць на плёнцы. На старых здымках можна ўбачыць мураваны ўваход на могілкі, а таксама шмат мацэваў - так называюцца помнікі на яўрэйскіх могілках. Сярод іх выразна бачны помнік на магіле вядомага яўрэйскага паэта Лейба Найдуса.

Лейб Найдус нарадзіўся ў Гродне ў 1890 годзе і памёр там жа ў 1918 годзе. Пісаў на трох яму блізкіх мовах: ідыш, польскай і рускай. У 1923 годзе на ягонай магіле быў адкрыты помнік аўтарства варшаўскага скульптара Абрама Астшэгі. Помнік быў нетыповым і вылучаўся сярод іншых: апушчаныя, надломленыя белыя крылы, якімі прыкрыты твар анёла. Эксперты па літаратуры лічаць, што Лейб Найдус — самы рамантычны яўрэйскі паэт. Яго параўноўваюць з Міцкевічам, Багдановічам і Гогалем.

На здымках Аляксандра Бярнацкага бачна, што помнік на магіле Найдуса прастаяў да 1950-х і знік разам з іншымі перад самым будаўніцтвам стадыёна.

Помнік на магіле Найдуса стаяў да апошняга: у Гродне знайшлі невядомыя здымкі знішчаных яўрэйскіх могілак
Лейб Найдус і помнік на яго магіле ў Гродне

Помнік на магіле Найдуса стаяў да апошняга: у Гродне знайшлі невядомыя здымкі знішчаных яўрэйскіх могілак
Яўрэйскія могілкі. Добра відаць помнік на магіле Лейбы Найдуса. 1950-я гады

8 пахаванняў у 1948 годзе

Гродзенскі краязнаўца Віктар Саяпін у «Гарадзенскім гадавіку» № 5 падрабязна напісаў пра рашэнне мясцовай улады знішчыць могілкі.

«Разгледзеўшы хадайніцтва загадчыка пахавальнага бюро тав. Іванова пра закрыццё могілак па вуліцы М. Горкага выканкам гарадскога Савета вызначае: у горадзе ёсць двое яўрэйскіх могілак — першыя размешчаны па вуліцы М. Горкага, Каліноўскага і Камунальнай, і другія за Нёманам па вуліцы Чырвонапартызанская на левым беразе ракі. Могілкі па вуліцы М. Горкага з-за адстутнасці аховы руйнуюцца: часткова разабраная цагляная агароджа, […] магілы і помнікі знішчаюцца, а могілкі ператвараюцца ў пашу для жывелы.

На Занёманскіх яўрэйскіх могілках ёсць жылы дом, у якім жыве вартаўнік, агароджа на могілках захавалася, помнікі і магілы ў добрым стане. У 1948 годзе на двух могілках было пахавана 16 памерлых, з іх 8 на могілках па вуліцы М. Горкага і 8 на Занёманскіх. Улічваючы, што могілкі па вуліцы М. Горкага ў цяперашні час знаходзяцца ў густа заселенай і забудаванай частцы горада, пахавальнае бюро не мае магчымасці ўтрымліваць двух вартаўнікоў, […] выканкам Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных вырашае: Могілкі па вуліцы М. Горкага, […], закрыць. Для хавання памерлых пакінуць добраўпарадкаваныя могілкі за Нёманам на вуліцы Чырвонапартызанская.

[…] абавязаць загадчыка пахавальнага бюро тав. Іванова за кошт добраўпарадкавання горада аднавіць разбураную цагляную агароджу на могілках па вуліцы М. Горкага і пакінуць у поўнай недатыкальнасці […] аж да поўнай ліквідацыі могілак".

Помнік на магіле Найдуса стаяў да апошняга: у Гродне знайшлі невядомыя здымкі знішчаных яўрэйскіх могілак
Адкрыццё помніка Лейбу Найдусу на могілках, 1923 год

Агароды на могілках

Стан могілак занепакоіў грамадскасць горада яшчэ да прыняцця гэтага рашэння. 7 верасня 1948 года газета «Гродзенская праўда» апублікавала ліст Х. Айдукоўскага пра тое, якім ён убачыў могілкі прыехаўшы ў наш горад:

«Могілкі ператвораны ў выпас для жывёлы. У 1945 годзе я прыехаў у Гродна, каб наведаць магілы сваіх родных […]. Могілкі я знайшоў у вельмі закінутым стане. Нямецкія варвары паламалі і пазвальвалі на землю помнікі, спустошылі магілы, каб падзекавацца з памяці савецкіх людзей.

[…] Агароджа знішчаецца. Могілкі ператвораны ў пашу для жывёлы, а свабодная прастора выкарыстоўвауцца пад агароды. Гарвыканкам павінен абавязаць аддзел добраўпарадкавання горада прывесці могілкі ў належны стан".

Помнік на магіле Найдуса стаяў да апошняга: у Гродне знайшлі невядомыя здымкі знішчаных яўрэйскіх могілак
Аляксандр Бярнацкі каля ўваходу на яўрэйскія могілкі, 1940-я гады

Помнік на магіле Найдуса стаяў да апошняга: у Гродне знайшлі невядомыя здымкі знішчаных яўрэйскіх могілак
На фоне могілак, 1950-я гады

Могілкі падзялілі

У пачатку 1950-х гадоў могілкі далей былі ў кепскім стане. Восенню 1954 года Гродзенскаму трэсту зялёнага будаўніцтва далі ўчастак могілак плошчай 6,25 га для размяшчэння дэкаратыўнага гадавальніка без права забудовы. У 1957 годзе Гродзенскай абласной станцыі юных натуралістаў адвялі з гэтага ўчастак 1,2 га. А 26 сакавіка 1958 года гарадскі камітэт па фізічнай культуры і спорце пры Гродзенскім гарвыканкаме атрымаў 10 га каб збудаваць стадыён на 18 тысяч гледачоў.

«Божа, даруй — гаркам партыі прымусіў»

Стадыён «Чырвоны сцяг» (сёння — «Нёман») пачалі будаваць у 1958 годзе. Паводле ўспамінаў старажылаў, помнікі згрузілі ў адно месца, а пасля іх пачалі развозіць па будаўнічых пляцоўках горада, некаторыя камяні бралі жыхары бліжэйшых дамоў.

Будаўнік Аляксандр Ціханоўскі ў 2017 годзе распавёў, куды звезлі частку помнікаў. У 1950-х гадах ён будаваў шматлікія аб’екты ў Гродне. Адноўчы яго перакінулі на будаўніцтва шматкватэрнага дома ад велазавода на вуліцы 17 Верасня.

«Падвала няма, там адразу падмурак, а потым паверхі. Падмуркам паслужылі яўрэйскія надмагільныя пліты — помнікі, якія знаходзіліся на могілках, дзе цяпер стадыён. На падмурак нам прывезлі дзесьці 20 машын з камянямі, на якіх былі літары. Іншым разам нават літарамі на вонкавы бок ставілі. Калі цяпер у некаторых месцах тынкоўку прыбраць, то можна нават нешта і прачытаць — страшна, але выбіраць нам не прыходзілася тады, хоць і былі прыгожыя помнікі.

Памятаю, прыехаў да нас на аб’ект кіраўнік трэста — яўрэй Барыс Маркавiч Кiцiс. Як пабачыў помнікі дык за галаву схапіўся, а потым сказаў: «Божа, даруй — гаркам партыі прымусіў». Будавалі дом мы дзесьці ў 1954 годзе, а стадыён на месцы могілак іншыя будаўнікі скончылі будаваць недзе ў 1964″.

Помнік на магіле Найдуса стаяў да апошняга: у Гродне знайшлі невядомыя здымкі знішчаных яўрэйскіх могілак
Стадыён «Чырвоны сцяг» на месцы яўрэйскіх могілак, 1960-я гады

На шыльдзе не дазволілі напісаць пра могілкі

Яшчэ перад будаўніцтвам стадыёна ў мясцовых газетах з’явілася абвестка, што могілкі на Горкага будуць зносіць і гродзенцы могуць перапахаваць парэшткі сваякоў на Занёманскіх могілках. Ці скарысталіся гэтай паслугай гараджане, не паведамляецца. Вядома, што карэнных яўрэяў у горадзе практычна не было. З 29 000 даваенных яўрэяў пасля вайны ў жывых у горадзе засталося толькі каля 200, некаторыя з іх на той момант ужо пакінулі Гродна.

Частковае перапахаванне парэшткаў з могілак было зроблена толькі падчас рэканструкцыі стадыёна ў 2000-х гадах — і тое без скандалу не абышлося. Пасля рэканструкцыі стадыёна гродзенскай яўрэйскай абшчыне ўдалося ўсталяваць памятную шыльду на тэрыторыі спартыўнага комплексу. Але пра могілкі там не дазволілі напісаць. Паводле некаторых звестках, на «Новых» могілках, дзе зараз знаходзіцца ЦСК «Нёман», ляжаць парэшткі 15 000 гродзенскіх яўрэяў.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]