Пяць кропак грамадскага харчавання адкрылася ў Гродна са жніўня па кастрычнік 2022 года. Яшчэ дзве ўстановы плануюць адкрыццё. Закрылася за гэты час толькі адно месца.

У пачатку жніўня мы рабілі агляд устаноў, якия адкрылися і закрылися за красавік-ліпень 2022. За той час з’явілася 11 новых устаноў, а закрылася ўсяго дзве.

Якія ўстановы адкрыліся ў Гродне

Кафэ «KINZA»

Кафэ са сняданкамі да 17.00, усходнімі стравамі і адкрытай зонай кухні адкрылася 22 верасня на Дзяржынскага, 12.

«Фішка месца ў тым, што ўсё мяса для кафэ купляюць у фермераў свежым. Для ўстаноў з шаурмой у Гродне гэта навінка — канкурэнты заказваюць замарожанае мяса з Мінска, распавёў уладальнік „Кінзы“. Курыцу для шаурмы марынуюць па ўласнай тэхналогіі і апранаюць на ражон. За звыклымі назвамі соусаў таксама хаваюцца аўтарскія рэцэпты», — пісаў блог «Туси в Гродно».

«Кухня бабушки Нэнэ» ў ГЦ «Трыніці»

«Кухня» прыйшла на змену піцэрыі Piazzetta Italiana, якая працавала ў тым жа месцы. Дызайн і мэбля засталіся нязменнымі, а вось меню і прынцып працы памяняліся. Установа працуе ў фармаце «фры-фло», гэта значыць пакупнік выбірае стравы проста з раздачы і ўжо на касе разлічваецца за паднос.

«Кухня бабулі Нэнэ» прапануе сняданкі, першыя і другія стравы, закускі, выпечку і напоі па хатніх рэцэптах. З 10.00 да 12.00 тут у накормяць сырнікамі, блінцамі з начынкамі і амлетамі, а з 12.00 да 22.00 у асартыменце багаты выбар страў для абедаў і вячэр па бюджэтных цэнах.

Установа размешчана на другім паверсе гандлёвага цэнтра, побач з крамай «Царскае золата» і відам на лядовую арэну.

Кафейня «Крепкий Белый»

Кавярня адкрылася 16 кастрычніка на Замкавай, 12, на другім паверсе бізнэс-цэнтра «На Замкавай». Установа пазіцыянуе сябе як vegan і pet-friendly.

«Мы гатовыя пазнаёміць вас з нашым новым домікам. Столькі сілаў, столькі нас, ды што ўжо там — столькі слёзаў: ад адчаю і да бязмернай радасці. Гэта мы — мы такія! Белы — гэта працяг Чорнага, гэта інь і янь. Мы робім так, як адчуваем! З душой, з любоўю, з гумарам і дураслівасцю», — пісалі ўладальнікі на старонцы ў Instagram.

Меню фактычна паўтарае тое, што ёсць у першай установе — «Крепкий черный». У плане дызайна — усё процілегла. Калі ў «Крепким черном» дамінуюць цёмныя тоны, то тут усё сцены вельмі светлыя. Ды і размяшчэнне пад самым дахам спрыяе асветленасці. У кавярні ёсць таксама велізарная тэраса з відам на Дом быту. З мінусаў - высокая лесвіца, так што патрапіць сюды з вазочкам будзе вельмі складана.

Грыль-бар «Жароўня»

Грыль-бар адкрыўся 20 кастрычніка на вуліцы 1-й Працоўнай, 2, побач з кавярняй «Адэса-мама» і барам «Punkroll».

«Мы пра грыль, мяса, вуголле, запал, брутальнасць і вось гэта ўсё. У нас цікавы і разнастайны бар з кактэйльнай картай, прыдатнай для нашага брутальнага фармату. Працуем з нядзелі па чацвер з 12:00 да 00:00, а ў пятніцу і суботу з 12:00 да 01:00. Сёння мы адкрыліся ў тэставым рэжыме і не выключаем дробных агрэхаў у працы, але ўжо хутка ўсё адладзім. Праз два-тры тыдні ў нас з’явіцца бізнес-ланч, а яшчэ крыху пазней і сняданкі», — пішуць пра ўстанову ўласнікі.

Чарачная «Пташка»

Чарачная з фірмовымі настойкамі і мясцовымі дыстылятамі адкрываецца 21 кастрычніка на Вялікай Траецкай, 37. Гэта ўсё той жа дворык, дзе ўжо працуюць «Адэса-мама», «Punkroll» і «Жароўня». «Пташка» — грамадскае харчаванне родам з Брэста, у Гродне яны адкрываюць сваё другую ўстанову.

Чарачная будзе працаваць з нядзелі па чацвер з 16: 00 да 02: 00, а ў пятніцу і суботу да 4 раніцы. У меню — 19 настоек і бутэрброды.

NAGAI

Lounge-бар адкрыўся 22 кастрычніка на вул.Калючынская, 21. З нядзелі па чацвер працуе з 11.00 да 23.00, у пятніцу-суботу — з 11.00 да 6.00.

«Нагаі - горад у Японіі. А мы стварылі для вас маленькую Японію ў Гродне. Прыходзьце да нас правесці вашыя незабыўны выходныя <…> Цяпер вы можаце і патанчыць, і смачна паесці вашы любімыя стравы ў NAGAI. Мы прапануем вам найсмачнейшую паназіяцкую кухню, вясёлыя танцы, разнастайны алкаголь і непаўторную атмасферу», — паведамілі гаспадары.

Што закрылася?

Праект «Санвино» — рэстаран у летняй тэрасе на БЛК— закрыўся 31 жніўня. У аснове канцэпцыі «Санвино» была міжземнаморская кухня і віно. Там падавалі рызота, крэветкі і мідыі. Установа працавала з 2019 года ў фармаце летняй тэрасы. Праект «Санвино» належыць Паўлу Гордану і Аляксею Гордану, уладальнікам рэстарана «Залатое цяля». Пасля закрыцця праекта тэраса стане часткай гэтага рэстарана. Атмасферу на ёй збіраюцца захаваць.

Што плануюць адкрыць?

Мясны рэсторан «Вуглі»

Рэстаран плануюць адкрыць на вуліцы Студэнцкай, 2, дзе раней размяшчаўся рэстаран «H2O». Цяпер там ідзе рамонт.

3 кастрычніка ўладальнікі ўстановы напісалі ў Instagram: «Для нас важна адкрывацца ў поўнай гатоўнасці, калі ўсё выверана і дапрацаванае, як па меню, так і ў інтэр'еры. А ідэальнае заўсёды патрабуе карпатлівасці і ўзважанасці. Але яно таго будзе каштаваць. Да сустрэчы».

Рэстаран «Sant Michele»

Рэстаран з італьянскай кухняй плануюць адкрыць на Падольнай, 24. Гэты будынак побач з запраўкай «Беларуснафта» на Падольнай, недалёка ад БІПа і цэнтральнага пляжу. Брэнд-шэфамі ўстановы будуць Сальваторэ Сальмеры з гродзенскай піцэрыі «Форна» і Уладзіслаў Дарошка з Магілёва.

«Мы прадумалі начынні піцы ад звыклых вашым смакавым прыхільнасцям, да эксклюзіўных і цалкам новых для вас спалучэнняў. АДКРЫЦЦЁ ЎЖО ЗУСІМ ХУТКА», — абяцаюць уладальнікі ўстановы.

Сетка рэстаранаў народнай кухні «Васількі»

17-ы рэстаран народнай кухні «Васількі» адкрыецца ў OldCity. Рэстаран размесціцца на адных плошчах разам з піцэрыяй «Піца Тэмпа». Гэта каля 370 кв. м. Агульная колькасць пасадачных месцаў на абедзве ўстановы — больш за 200, паведамляе ГЦ «OldCity».