Здароўе і спорт

Нёманская вясна-2019: Шалёны Макс разбудзіў турыстаў-воднікаў ад спячкі і накарміў тушонкай

«Нёманская вясна» праводзіцца ў ваколіцах Аўгустоўскага канала ўжо 42 гады. Сёлета фестываль прайшоў 5−7 красавіка на рэчцы Асташанцы. Да беларускіх турыстаў-воднікаў далучыліся госці з Масквы і Калінінграда. Апроч спартыўных імпрэзаў гасцей фэсту чакалі аніматары ў стылі Шалёнага Макса, гульні і забавы. Навічкі ў водным спорце атрымалі майстар-клас па кіраванні байдаркай, а самыя галодныя турысты паўдзельнічалі ў конкурсе на хуткаснае паяданне тушонкі.

«Гэта не кубак і не чэмпіянат, тут не ўсталёўваюць рэкорды і не даюць разрады, — патлумачыў галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Ціхановіч. — Але гэта пачатак воднага турыстычнага сезону, калі воднікі „прачынаюцца ад спячкі“. Гэта магчымасць сустрэцца, павучыцца адзін у аднаго, запланаваць сумесныя паходы».

Сяргей Ціхановіч кажа, што судзіць на гэтым фэсце «усё свядомае жыццё» і памятае гісторыю фестываля ад самага пачатку. У першыя гады гэта быў «Матч гарадоў», у якім бралі ўдзел спартсмены з Гродна, Коўна, Вільні і Калінінграда. Пазней першыя вясновыя спаборніцтвы праходзілі ў фармаце чэмпіяната вобласці і рэспубліканскіх спаборніцтваў па тэхніцы воднага турызму. Апошнія гады Нёманская вясна стала фестывалем і атрымала міжнародны статус. У розныя гады ў фестывалі ўдзельнічалі польскія і літоўскія спартсмены. Сёлета на Асташанку прыехала некалькі каманд з Расіі.

Аляксандр Ярмалюк з Калінінграда прыехаў на спаборніцтвы ўпершыню і разам з сям’ёй. Кажа, што пабачылі аб’яву і вырашылі паехаць у падарожжа і паўдзельнічаць у фестывалі. «Чаму было б не паехаць? Не толькі ж на сваёй рэчцы сядзець! Хочацца і на другія мясціны паглядзець і з новымі людзьмі пазнаеміцца».

«Мы жывём у Гродне ўжо некалькі гадоў, пераехалі сюды з Данецка, — расказаў Грыгорый Краўчанка. — Хадзілі ў паходы ад 2004 года. Як прыехалі ў Гродна, сталі шукаць мясцовых воднікаў праз інтэрнэт. Яны адразу адклікнуліся — турысты заўжды дружныя людзі». Нагода прыехаць на «Нёманскую вясну» ў сям'і вельмі простая: гэта першы выхад на ваду, магчымасць сустрэцца з сябрамі. «У паходы ідуць групамі, кожны ў свой зручны час. А тут можна ўсім разам сабрацца».

Адна з адметнасцяў сёлетняга фестывалю — вялікая колькасць дзяцей і забаваў не толькі для спартсменаў. «Сюды прыязджаюць цэлымі сем’ямі, з дзецьмі і любімымі цёшчамі, са шваграмі і са свёкрамі, — кажа Сяргей Каляда з аргкамітэту фестывалю. — То зараз кожнаму ёсць чым заняцца. Тут і музыка, і анімацыя. Можна і каву набыць і нейкі бургер, а не толькі стаяць і пазіраць на ваду».

Нечаканы погляд на турыстаў прапанавала каманда аніматараў разам з самым «смачным» спонсарам фестывалю.

«Турысты, гэта такія людзі, каторыя набіраюць поўны заплечнік смакоткаў і сыходзяць як мага далей ад горада, каб самім усё з’есці», — раскрыў таямніцу «капітан» шалёных аніматараў Васіль Калач.

На фестывалі для ахвотных пад’есці праводзілі «Турнір абжор» на хуткаснае паяданне тушонкі. Самы лепшы вынік - 1 мінута і 20 секунд на банку. Асабліва ўразіла, што спаборніцтвы праходзілі ў тры заходы і пераможцы з’елі па тры банкі тушонкі. Прызамі для іх стала таксама тушонка. Цікава, ці будуць яе есці таксама хутка?

Праводзіць фестываль міністэрства спорту і турызму, але мае і некалькі сталых мецэнатаў з Гродна. Адзін з іх — былы горналыжнік, альпініст і марафонец Леанід Зальцман. Сёлета ён дапамог набыць прызы для дзіцячых спаборніцтваў фестывалю. «Я вельмі сталы турыст, больш за 60 гадоў са сваіх 82 займаўся спортам. Раней жыў ва Украіне, потым пераехаў у Беларусь. Знайшоў тут калегаў і мы сталі сябрамі. Фестываль падтрымліваю ўжо трэці год». Каштоўнасць «Нёманскай вясны», яго меркаваннем, у тым, каб ізноўку выйсці на ваду: «Галоўнае, пераадалець сябе. Перамога сама прыйдзе».

Для тых, хто ні разу не трымаў вясло ў руках, на фестывалі была магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці «матроса» ці «капітана» і прайсці першыя метры па рацэ. «Каб пачаць падарожжа на байдарцы ў яе трэба сесці», — жартуе з навічкамі інструктар Павел Сурмач.

Далей пару словаў пра тое, як табаніць і руліць і - наперад. Ахвотных знаходіцца нямала. Адным з удзельнікаў майстар-класса быў Міша Кіркіцкі. Праўда, ён быў практычна гуляючым трэнерам. У 13 гадоў хлопец мае ўжо 2-гі дарослы разрад. Сёлетні сезон для яго пачаўся ў канцы лютага. Ад таго часу — кожны дзень не менш за 20 кіламетраў праходзіць на трэніроўках. На фестываль Кіркіцкія прыехалі ўсёй сям’ёй.

Першым аматарам воднага турызму ў сям'і быў тата Яўген: «Цяга да вады ўсё жыццё была. Плаваннем займаўся, на байдарках хадзіў. Потым сын падрос і яго таксама браў на байдарку. Ходзім з сям’ёй па Нёмане, па Чорнай Ганьчы, па Юбілейным. Сёлета Міша ўжо прайшоў 350 кіламетраў на каноэ. Я — трохі менш. Яшчэ ж і на працу трэба хадзіць».

Многія з тых, што на фестывалі паспрабавалі прайсці на байдарцы ўпершыню, абавязкова да яе вернуцца, мяркуе Павал Сурмач:

«Нават калі ад пачатку падаецца што страшна, калі шок. Нехта праз месяц, нехта праз год успамінаў, як было крута і прыходзіў паўтарыць. Нехта пачынаў кожны тыдзень з намі хадзіць. Некаторых на наступны год ужо спрактыкаванымі турыстамі на фестывалі сустрэнем».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024