Што, калі па дарозе ў школу дзіця сустрэне сабаку? А калі засне ў аўтобусе і праедзе патрэбны прыпынак? А калі няма інтэрнэту і не адчыняецца навігатар? Квэсты па арыентаванні ў горадзе для дзяцей і падлеткаў ужо некалькі гадоў праводзіць гродзенец Алег Ярмош. Для Hrodna.life ён распавёў, што дапамагае пераадолець страх самастойнага перамяшчэння па горадзе і дае веру ў сябе.

У праекце Алега Ярмоша займаюцца дзеці ад 8 гадоў. Ёсць групавыя і індывідуальныя заняткі па арыентаванні ў горадзе. Увесну плануюцца заняткі па вывучэнні метро ў Мінску. Алег праводзіць заняткі і для дарослых — тых, хто нядаўна прыехаў у горад ці хоча навучыцца карыстацца картамі.

«Тут і нарадзілася ідэя навучыць дзяцей самастойнаму перамяшчэнню ў горадзе»

Алегу Ярмошу 34 гады. Яго квэсты дапамагаюць дзецям атрымаць навыкі і якасці, якія спатрэбяцца ў жыцці. Значную частку заняткаў займаюць паходы. Іх працягласць — ад шасці гадзін да некалькіх дзён. У адных дзяцей вучаць працаваць разам і рабіцца камандай. У другіх — вывучаюць лес, будуюць плыты, сплаўляюцца па рацэ або «выжываюць» з мінімумам запасаў.

«Я стараюся даваць практычныя навыкі, і мы прайграем розныя сітуацыі,» — кажа Алег пра свой падыход да працы з дзецьмі. На занятках ён мадэлюе і разбірае сітуацыі, з якімі дзеці і падлеткі могуць сутыкнуцца ў горадзе. Гэта і правілы дарожнага руху, і стасаванне з незнаёмымі людзьмі, і экстрэмальныя сітуацыі. «Вучымся карыстацца Яндэкс.Картамі, распрацоўваем маршруты. Ходзім паводле папяровых картаў. Гэта дапамагае зразумець, ці правільна цябе вызначыла навігацыя», — тлумачыць Алег Ярмош.

У канцы курса хлопцам называюць некалькі кропак у горадзе, куды яны мусяць дабрацца самастойна.

Не заблукаць і спазнаць горад. Гродзенец вучыць дзяцей арыентавацца ў гарадской прасторы і чытаць карты
Першыя 1−2 заняткі - тэарэтычныя. Тут вучаць арыентавацца паводле папяровых картаў і разбірацца з маштабамі. Затым група выходзіць у горад на практыку

«На занятках з дзецьмі бываюць сюрпрызы»

Алег Ярмош распавёў для Hrodna.life, што горад часта рыхтаваў дзецям непрадбачаныя сітуацыі. Адзін не мог злавіць у патрэбнай кропцы інтэрнэт. Іншы ў месцы перасадкі спазняўся на аўтобус і вымушаны быў шукаць альтэрнатыўныя варыянты маршруту. Бывалі выпадкі, калі дзеці засыналі ў грамадскім транспарце і праязджалі свой прыпынак.

«У некаторых быў страх самастойнага перамяшчэння. Але [наша] вера ў тое, што яны справяцца, дазволіла ім яшчэ больш умацаваць веру ў сябе».

Па досведзе Алега, дзецям 12 гадоў і старэйшым досыць 4−6 заняткаў, а дзецям паменш — каля 8−10, каб навучыцца без цяжкасцяў арыентавацца ў гарадской прасторы.

«У мяне мерзлі рукі, але я зрабіла гэта — сама знайшла дом»

Дачцэ Таццяны Валошчык, Вары, амаль 10 гадоў. Яна ўжо праходзіла заняткі па арыентаванні. Таццяна распавяла Hrodna.life, што дачка даволі смелая, і ў яе ўжо быў досвед самастойнага перамяшчэння ў горадзе. Таму Вара думала, што зможа дабрацца дадому з любой кропкі горада. Выявілася — не ўсё так проста, як здаецца.

Пасля практычнага занятку на вуліцы Вара адразу ж патэлефанавала маці падзяліцца ўражаннямі.

«Мама! Мы сёння шукалі дома па карце! І не думай, не па тэлефоне, а па папяровай сапраўднай карце! У мяне мерзлі рукі, але я зрабіла гэта — сама знайшла дом. Ва ўсіх былі розныя заданні, і я хадзіла самастойна адна!»

«Зараз Вара з лёгкасцю можа знайсці любы адрас і зразумець, як туды можна дабрацца. Я нават часам пытаюся ў яе парады», — прызналася Hrodna.life Таццяна.

Але самым галоўным яна лічыць, што праект вучыць не толькі арыентаванню.

«Гэта яшчэ і выхаванне даверу да свету і веры ў сябе. Разумення, што можна ўсё рабіць у сваім тэмпе, нават калі з памылкамі. Гэта тое, што закладваецца ў нашых дзяцей, што будзе апорай і падтрымкай для іх у будучыні».