Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне і чаму можна навучыцца

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы і паглядзець, якія актыўнасці ёсць у горадзе. Hrodna.life прапаноўвае спіс гурткоў для дарослых, дзе можна навучыцца ўсяму: ад прыгатавання цукерак да разбору метафарычных карт.

Для тых, хто любіць музыку

Студыя музыцы «Voice on»

У студыі працуюць адразу з некалькімі напрамкамі: вакалам, фартэпіяна і гітарай. Студыя арыентуецца не толькі на прафесіяналаў, але і на аматараў, якія хочуць спяваць для сябе — адкрылі нават спецыяльны напрамак пад назвай «рэлакс вакал». Кажуць, падыдзе тым, хто хоча зняць стрэс пасля працоўнага тыдня і «экалагічна выказаць свае пачуцці».

Займацца можна як з звычайным педагогам, там і з VIP-выкладчыкам. Пробны занятак абыдзецца ў 16 руб., наступныя — у 42 руб. Ёсць парныя заняткі — па 26 руб. з кожнага ўдзельніка. Самы бюджэтны хобі-вакал у групе ад чатырох да сямі чалавек — 25 руб.

Студыя знаходзіцца на вуліцы 1 Мая ў Гродне. Анлайн-фармат заняткаў таксама ёсць.

Студыя «Aloud school»

Яшчэ адна студыя ў Гродне, дзе можна навучыцца вакалу, фартэпіяна і сальфеджыа, называе сабе «першай прыватнай музычнай школай для дзяцей і дарослых». Абяцаюць «адукацыю без стрэсаў», ненудныя заняткі і тэматычныя справаздачныя канцэрты. Ёсць індывідуальныя і групавыя заняткі.

У групах ад трох да пяці чалавек кошт аднаго занятку — 25 руб., індывідуальным вучням давядзецца заплаціць 45 руб.

Студыя знаходзіцца на праспекце Касманаўтаў. Тут таксама прадугледжаны анлайн-фармат заняткаў.

Для тых, хто любіць рухацца

Творчы каворкінг «Naila»

Месца, дзе абяцаюць навучыць танцам, фітнесу, вакалу, ёзе, аратарскаму і нават акцёрскаму майстэрству. Зараз у творчым каворкінгу запусцілася і школа блогераў — праўда, толькі для дзяцей.

На курсах аратарскага майстэрства абяцаюць дапамагчы ў развіцці сваіх моцных бакоў. Напрыклад, на апошнім патоку ўдзельнікі, у асноўным дзяўчыны, вучыліся прэзентаваць сябе і паляпшалі навыкі дыкцыі.

Перыядычна на базе творчага каворкінгу праходзяць сустрэчы з псіхолагамі, караоке-батлы і розныя майстар-класы, напрыклад, як ствараць відэакантэнт.

Размясціўся каворкінг на Маставой, 31.

Танцавальная школа «Adept»

Акрамя ўжо класічных хіп-хопу і джаз-фанку, у школе абяцаюць навучыць трэндаваму напрамку K-pop. Яшчэ тут вучаць папінгу — гэта калі людзі імітуюць рухі робатаў. А таксама локінгу — рытмічнаму танцу, у якім застылыя позы чаргуюцца рэзкімі рухамі. А для тых, хто не любіць эксперыменты, ёсць больш зразумелы брэйк-данс.

Штогод школа праводзіць танцавальныя летнікі, а ўдзельнікі выступаюць на гарадскіх канцэртах і ўдзельнічаюць у конкурсах.

Разавая трэніроўка абыдзецца ў 15 руб., абанемент на восем заняткаў каштуе 80 руб.

Заняткі праходзіць два разы на тыдзень у дзвюх залах: на вуліцы 1 Мая і на Паповіча, 3.

Для тых, хто хоча засвоіць новыя навыкі

Фоташкола «Blenda»

У школы ёсць два філіялы — у Гродне і Мінску. Можна запісацца на класічны курс, дзе раскажуць пра ўладкаванне фотаапарата, навучаць выстаўляць святло і растлумачаць, як апрацоўваць здымкі ў Photoshop. А можна выбраць больш сучасны напрамак, звязаны з мабільнай здымкай. Тут раскажуць пра тое, як правільна трымаць тэлефон, мантаваць відэа для сацсетак і выкарыстоўваць «кіношныя прыёмы для стварэння атмасферных відэа».

Да 22 верасня кошт класічнага курсу — 459 руб., пасля, калі верыць сайту фоташколы, цана вырасце да 700 руб.

У Гродне школа знаходзіцца па адрасу Горкага, 91 — заняткі праходзіць у фотастудыі «Грей».

Школа шыцця «Lavska»

Школу вядзе дызайнер Аліна Дайлідка. Гродзенка абяцае навучыць людзей «шыць з заплюшчанымі вачамі». Напрыклад, яна праводзіла курс шыцця бялізны з нуля пад назвай «пяшчота і гіпюр». Яшчэ Аліна вучыць «анатоміі трыкатажу» — курс разлічаны на два месяцы. Удзельнікі пасля праходжання ўсяго комплексу заняткаў атрымліваюць сертыфікаты.

Студыя Аліны знаходзіцца на Урублеўскага, 3.

Для тых, хто любіць гатаваць

Студыя «Food zone»

У гродзенскай кулінарнай студыі рэгулярна праходзяць майстар-класы і сустрэчы з кухарамі. Напрыклад, нядаўні быў прысвечаны італьянскай кухні: вучылі рыхтаваць перчыкі з анчоўсам і часныком і цытрусавы крэм-брюле.

Наступны майстар-клас пад назвай «Мясны» пройдзе 26 верасня. Будуць рыхтаваць сечаны біфштэкс з агароднінным пюрэ пад мясам жу і мясныя катлеты з соўсам тартар.

Кошт аднаго майстар-класа — 100 рублёў. Знаходзіцца студыя на Кірава, 3.

Кулінарная студыя Ганны Красніцкай

Ганна адзначае, што вакол студыі ўтварылася «суполка кандытараў, аналагаў якой няма ў свеце». У студыю прыходзяць эксперты са сферы кандытарскай справы і праводзяць майстар-класы для гродзенцаў. Напрыклад, вучылі рыхтаваць дражэ і цукеркі - кошт 540 і 1000 руб. адпаведна. Можна навучыцца рыхтаваць моці - японскі дэсерт з рысавай мукі, і даведацца, якія начынкі туды пасуюць. Знаходзіцца студыя па вуліцы Пралетарскай, 2.

Для тых, хто хоча расслабіцца

Крафт-студыя «Victory»

У студыі праводзяць групавыя і індывідуальныя майстар-класы па лепцы з гліны. Абмежаванняў па тэматыцы і колькасці вырабаў няма. Праўда, зрабіць кухонны посуд нельга — у студыі лепяць з гліны, якая не патрабуе абпалу, таму вырабы не церпяць працяглага кантакту з вадой. Затое іх можна выкарыстоўваць у якасці дэкору: удзельнікі лепяць попельніцы, падстаўкі для пахучак і дэкаратыўныя талеркі з натхняльнымі надпісамі.

Майстар-клас абыдзецца ў 65 руб. Знаходзіцца студыя на Замкавай, 4.

Творчая майстэрня «Аранжарэя»

Увесь верасень у майстэрні будуць праходзіць майстар-класы па маляванні карцін акрылам. Удзельнікі малююць на вольныя тэмы, а неабходныя матэрыялы падае студыя. Майстар-клас курыруе выкладчык з мастацкай адукацыяй.

Улетку майстэрня праводзіць выязныя заняткі і нават дзявочнікі на прыродзе.

Знаходзіцца студыя на Замкавай, 4.

Жаночы клуб «Balance»

Клуб па інтарэсах для гродзенак, які аб’ядноўвае аматарак астралогіі і самапазнання. У рамках клуба рэгулярна праводзяць дзявочнік жаноцкасці. Яшчэ ўдзельніцы збіраюцца на майстар-класы, падчас якіх абмяркоўваюць цела, эмоцыі і асабісты рост. Часам разбіраюць метафарычныя карты і ладзяць арт-вечары.