310 чалавек дэлегавалі ад Гродзенскай вобласці на Усебеларускі народны сход, паведаміў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік. Вядомыя прозвішчы 11 удзельнікаў - Hrodna.life вывучыў, хто прадставіць вобласць. Жыхары вобласці хочуць абмеркаваць пераразмеркаванне паўнамоцтваў у мясцовых органах самакіравання, крэдыты фермерам, сістэму профільнай адукацыі старшакласнікаў і праблему адтоку маладых спецыялістаў з невялікіх гарадоў і вёсак.

Хто паедзе ад Гродзенскай вобласці?

Сярод удзельнікаў Усебеларускага сходу ад Гродзенскай вобласці:

  • Сяргей Мазайла, дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс»,
  • Алена Бераснева, дэпутат гарсавета,
  • Таісія Лось, старшыня Іўеўскага сельвыканкама,
  • Алег Рыбчанка, студэнт чацвёртага курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта,
  • Генрых Мыслівец, кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі,
  • Ганна Сарасек, першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ,
  • Яўген Герасімовіч, дырэктар ДЛГУ «Лідскі лясгас»,
  • Натан Шамсутдзінаў, педагог абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, дэпутат маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў,
  • Міхаіл Болбат, дырэктар КСУП «Малабераставіцкі элітгас»,
  • Святлана Гаспадарова, старшыня Каранеўскага сельвыканкама,
  • Жанна Чарнавіцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Радунская сярэдняя школа» Воранаўскага раёна,

Што такое Усебеларускі народны сход?

Усебеларускі сход — гэта з’езд дэлегатаў для абмеркавання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021−2025 гады. VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11−12 лютага 2021 года ў Мінску. Да гэтага такія сходы праходзілі пяць разоў. Кожны раз — перад выбарамі або рэферэндумам. Фактычна, на гэтым сходзе праходзіць фармальнае адабрэнне праграмы прэзідэнта на чарговую пяцігодку. Лукашэнка назваў Усебеларускі сход «вышэйшай формай дэмакратыі».

Што гавораць дэлегаты ад Гродзеншчыны?

Сяргей Мазайла, дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс»:

 — Дасягненняў у Беларусі шмат. І я веру, што іх будзе значна больш — Усебеларускі народны сход павінен стаць новым імпульсам развіцця краіны. Скажу без усялякага перабольшання: гэты форум з’яўляецца важнай падзеяй у жыцці кожнага беларуса. За гады незалежнасці пройдзены велізарны шлях. Мы стварылі прыгожую краіну, якой ганарымся.

Алена Бераснева, дэпутат гарсавета, дэлегат другога, трэцяга, чацвёртага і пятага Усебеларускага народнага сходу:

 — Ніякіх парадных справаздач — толькі вострыя тэмы, толькі ўзняцце надзённых пытанняў. На форуме прысутнічае ўвесь зрэз грамадства, прадстаўнікі практычна ўсіх прафесій. Скажыце, дзе і калі яны яшчэ сустрэнуцца і так грунтоўна пагавораць пра набалелае?!

Таісія Лось, старшыня Іўеўскага сельвыканкама:

 — З чаго хочацца пачаць, дык гэта з пераразмеркавання паўнамоцтваў у мясцовых органах самакіравання. Сёння часам даводзіцца выконваць зусім неўласцівыя функцыі, якія цалкам адпавядаюць іншым службам і арганізацыям. <…> Па-другое, пытанні добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў. На мой погляд, у кожным сельсавеце павінна быць створанае на пастаяннай аснове падраздзяленне, якое б займалася гаспадарча-бытавымі справамі. У летні перыяд — гэта пакос, устаноўка платоў, у зімовы, напрыклад, — разбор пустуючых і старых дамоў і інш.

Алег Рыбчанка, студэнт чацвёртага курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

 — Як студэнта-медыка, мяне больш за ўсё цікавяць тэмы аховы здароўя. У мінулым годзе мы сутыкнуліся з пандэміяй COVID-19. Думаю, неабходна пагаварыць аб барацьбе з гэтым вірусам, аб наступствах як для здароўя нашага насельніцтва, так і для эканомікі краіны.

Генрых Мыслівец, кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі:

 — Лічу, што сёння актуальнае пытанне забеспячэння грашовымі сродкамі рэальнага сектара эканомікі. Узяць, да прыкладу, сельскую гаспадарку. Калі вясной дапамагчы сялянам крэдытам на куплю ўгнаенняў у беларускіх рублях, не трэба валюты, то восенню гэтыя сродкі вернуцца добрай ураджайнасцю, кармамі, удоямі. Грошы вернуцца ў бюджэт з працэнтамі, людзі атрымаюць добры асабісты даход, павысіцца пакупніцкая здольнасць, запрацуюць галоўныя эканамічныя механізмы. Упэўнены, што цяпер прыйшоў час падсілкаваць рэальны сектар эканомікі, даць магчымасць беларусам самім вырабляць тавар, а не выдаткоўваць валюту на закупку завознага.

Ганна Сарасек, першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ:

 — Цяпер быць палітычна актыўным маладым чалавекам — гэта модна, а моладзь у Беларусі - гэта велізарная сіла. Наша асноўная задача як грамадскага аб’яднання прапанаваць такія формы самарэалізацыі, каб гэтая сіла садзейнічала развіццю рэспублікі, развіццю палітычнай сістэмы ў краіне.

Яўген Герасімовіч, дырэктар ДЛГУ «Лідскі лясгас»:

 — У сваёй дзейнасці мы бачым перспектывы і шляхі далейшага развіцця ў лесагаспадарчай і ў прамысловай вытворчасці. Таму ў першую чаргу мяне як дэлегата хвалююць пытанні далейшага дынамічнага развіцця ўсіх сектараў эканомікі і дрэваапрацоўчых вытворчасцяў, якія з’яўляюцца спажыўцамі нашай прадукцыі.

Натан Шамсутдзінаў, педагог абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, дэпутат маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў:

 — Адукаваная, актыўная і неабыякавая да ўсяго таго, што адбываецца, моладзь — гэта той каштоўны рэсурс, ад якога шмат у чым залежыць будучыня Беларусі. Таму важным пытаннем для мяне з’яўляецца стварэнне ў нас грантавай сістэмы, частка сродкаў якой накіроўвалася б на дабрачыннасць, падтрымку моладзевых ініцыятыў.

Міхаіл Болбат, дырэктар КСУП «Малабераставіцкі элітгас»:

 — На жаль, па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема адтоку маладых спецыялістаў з невялікіх гарадоў і вёсак. Так, нямала робіцца ў гэтым кірунку, існуе вялікая колькасць праграм па падтрымцы і замацавання на вёсцы маладых кадраў. Думаю, у бліжэйшую пяцігодку нам яшчэ трэба будзе паднімаць прэстыжнасць жыцця ў правінцыі.

Святлана Гаспадарова, старшыня Каранеўскага сельвыканкама:

 — У першую чаргу — гэта забеспячэнне сельскага насельніцтва вадой, развіццё атамнай энергетыкі і выкарыстанне атрыманай электраэнергіі ў вёсцы, аказанне медыцынскіх паслуг сельскім жыхарам.

Жанна Чарнавіцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Радунская сярэдняя школа» Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці:

 — У пераглядзе мае патрэбу сістэма профільнай адукацыі старшакласнікаў. Сёння рабяты з 10−11-х класаў атрымліваюць усяго адну дадатковую гадзіну факультатыўных заняткаў па профільным прадмеце, пры гэтым колькасць няпрофільных урокаў не зніжаецца. У выніку атрымліваецца, што вучэбная нагрузка накшталт вялікая, а вучні ўсё роўна вымушаныя перад паступленнем браць заняткі ў рэпетытара. У старэйшых класах неабходна павялічыць колькасць профільных прадметаў і паменшыць аб’ём няпрофільных.

Як выбіралі ўдзельнікаў?

Прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці выбіралі на сесіях раённых Саветаў дэпутатаў і Гродзенскага гарсавета. У працэс уключыліся БРСМ, «Белая Русь», прафсаюзы, Чырвоны Крыж, паведамляе сайт мерапрыемства. Некаторых удзельнікаў падзеі і іх меркаванні прадставілі ў дзяржпрэсе.

Галоўнае патрабаванне да кандыдатаў - усе яны павінны прадстаўляць інтарэсы розных груп і слаёў грамадства, пісала раней «Гродзенская праўда». Ад кожнага рэгіёна не больш за 310 чалавек, ад Мінска — не больш за 370.

Член Каардынацыйнага Савета і Народнага Антыкрызіснага Кіравання Павел Латушка паабяцаў дэлегатам Усебеларускага сходу, што іх імёны трапяць у санкцыйныя спісы Еўрасаюза.

Удзельнікі сходу:

  • Беларускі саюз жанчын выдвінуў 135 чалавек па краіне.
  • «Белая Русь» выдвінула каля 250 дэлегатаў.
  • Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі выбраў 140 удзельнікаў.

Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2700 чалавек.

Рэакцыя гродзенцаў

Гродзенцы падрыхтавалі петыцыі да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з-за неправамернага прызначэння дэлегатаў, піша r**yja.com. На думку грамадскага актывіста Яўгена Дудкіна, прызначаныя людзі не могуць прадстаўляць народ. Дзейнічаць збор подпісаў будзе ў выглядзе зваротаў грамадзян. Неабходна толькі запоўніць ў шаблоне свае асабістыя дадзеныя і адправіць дэпутатам.

Альтэрнатыва Усебеларускага сходу

6 студзеня была запушчана лічбавая платформа «Сход». Яе распрацавалі беларускія праграмісты, прадстаўнікі бізнесу і крэатыўнай індустрыі. Платформа дазваляе вылучацца самастойна і выбіраць народных прадстаўнікоў для нацыянальнага дыялогу.

За першы тыдзень працы платформы «Сход» кандыдатамі вырашылі стаць больш за 200 беларусаў з усіх рэгіёнаў. Пасля з іх будуць абраныя ўдзельнікі «Сходу», пасяджэнні якога будуць праходзіць анлайн з прамой трансляцыяй.

«Сход» адкрыты і для прыхільнікаў палітычных пераменаў, і для прыхільнікаў дзеючай улады, паведаміла каманда платформы.